Чаму на магілы знакамітых гарадзенцаў не ходзяць турысты?. 21.by

Чаму на магілы знакамітых гарадзенцаў не ходзяць турысты?

22.10.2014 10:46 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

- Горад памерлых, як і горад жывых, мае свае межы, архітэктуру, сімволіку і вулачкі, якія вядуць у цэнтр, да храму, - пачынае экскурсію па старых могілках на вуліцы Антонава краявед Ігар Ламека. Апошні раз ён вадзіў тут турыстаў паўтары гады таму. На гродзенскім некропалі можна знайсці шмат цікавага, але ён пакуль не стаў турыстычным брэндам Гродна, як Лычакоўскія могілкі ў Львове, Роса у Вільні, Павонзкі у Варшаве ці Ракавіцы у Кракаве.




Старыя магілы маўчаць

- Над пахаваннем чыноўніка Якуба Памеранскага (1869 год) надмагілле зроблена ў выглядзе Прыгожай плакальшчыцы. Медальён знішчаны, твар скульптуры сцёрся. На надмагіллі аўтара гэтага помніка Баляслава Шышкевіча - скульптура дзяўчыны з адбітай галавой, - Ігар Ламека ходзіць сярод помнікаў так, быццам завітаў да старых знаёмых.






Апошні прытулак на старым некропалі на Антонава знайшлі шмат знакамітых людзей Гродзеншчыны. Гэта прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі і духавенства, вайскоўцы і чыноўнікі. Але тым наведвальнікам, якія завітаюць сюды ўпершыню, без правадніка арыентавацца будзе складана. Тут няма вуліцы з назвамі, указальнікаў, а крыжы і надмагільныя камяні нават вельмі вядомых людзей хаваюцца ў высокай траве і зарасніку.

- Вось магіла Марыі Апанасаўны Багдановіч, - паказвае Ігар на незаўважны помнік. Магілу маці выдатнага беларускага паэта знайшлі з дзясятак год таму дзякуючы намаганням паэткі Дануты Бічэль. Яна месціцца побач з царквой, але без дапамогі экскурсавода заўважыць яе цяжка. Месца пахавання гарадзенскага паэта Міхася Васілька мы знайшлі толькі з другой спробы пасля некалькіх паваротаў па могілкавых вулачках - помнік прыкрывае вялікі куст.




Многія надмагіллі, якія маглі б распавесці гісторыю былых пакаленняў, стаяць заімшэлыя, са сцёртымі надпісамі, аблупленай фарбай. Крыжы паламаныя, агароджы - заіржавелыя.

Знакамітыя жыхары "горада памерлых"

- Экскурсаводаў па могілках у горадзе вельмі мала. Пахаванні недастаткова дагледжаныя: трава высокая, кусты засланяюць цікавыя надмагіллі. На ўваходзе няма мапы, каб кожны мог самастойна арыентавацца сярод пахаванняў, - аналізуе сітуацыю намеснік дырэктара турыстычнай фірмы "Мерцана" Ганна Шарэнда.

Не кожны ведае, што могілкі на Антонава сталі апошнім прытулкам для генерала Сяргея Ланскога, паэта Міхася Багуна, майстроў па камені айцоў і сыноў Качаноў ды Баляслава Шышкевіча. Тут пахаваныя вядомыя асобы, магілы якіх не знайшлі, - напрыклад, архітэктар Джузэппэ Сака. Ёсць цікавыя надмагіллі людзей, пра якіх нічога не вядома - як пра француза Франсуа Легрэ, што быў пахаваны ў 1890 годзе на выхадзе з каталіцкіх могілак.

З усяго комплексу хіба толькі магіла Элізы Ажэшкі прыцягвае наведвальнікаў, асабліва з Польшчы.



 
 

Горад памерлых цікавы не толькі пахаваннямi славутых людзей, але і мастацкім выкананнем надмагільных помнікаў. Канец жыцця тут перадае згаслая паходня, дрэва з абрэзанымі галінамі ды жанчына ў смутку. Калоны сімвалізуюць чалавечае жыццё. Калі слуп завершаны - чалавек дажыў да старасці. Над магілай генерала Сяргея Ланскога калона быццам адсечаная напалову - ён памёр у 35 год.






Тутэйшы гістарычны помнік, Свята-Марфінская царква, асвечаная ў 1848 годзе, самая старая ў Гродне пасля Каложы праваслаўная царква, якая захавалася.




Хто адказны за ахову?

На думку гісторыка Юрыя Гардзеева, могілкі сведчаць аб гісторыі рэгіёна, адлюстроўваюць яе праз прызму лёсаў продкаў. Аднак гэты 200-гадовы помнік недастаткова задбаны. Ён не мае статусу гістарычнай каштоўнасці. З усяго комплексу ахоўваюцца толькі тры брацкія магілы. Спецыяліст прапануе ўнесці найбольш даўнія гарадскія пахаванні ў ахоўны спіс комплексна: каталіцкія і праваслаўныя могілкі на вуліцы Антонава, вайсковыя на Белуша, могілкі на завулку Перамогі за Неманам, тыя, што, магчыма, размяшчаліся каля францішканскага кляштару, яўрэйскія могілкі 1789 года побач з Новым мастом на беразе Нёмана.






- Дбаць пра могілкі павінна не столькі дзяржава, колькі нашчадкі памерлых і супольнасці вернікаў. Хаця за мяжой для захавання ў належным стане знакамітых комплексаў (Роса ў Вільні ці Лычакоўскіх у Львове) ствараецца грамадскі камітэт, на дзяржаўным узроўні існуюць кантралюючыя органы. У Польшчы, напрыклад, пытаннямі захавання, аднаўлення i рэканструкцыi займаюцца кансерватары архiтэктурнай спадчыны, якія ёсць ва ўсіх рэгіёнах краіны, таварыствы апекі над могілкамі, дабрачынныя фонды, якія збіраюць сродкі на іх утрыманне рэгулярна або аказіянальна. У Беларусі такога пакуль няма, - разважае Юрый Гардзееў.






Загадчык участка грамадзянскага абслугоўвання ГДУПП "Спецаўтагаспадарка" Віктар Чумічоў патлумачыў, што за пахаваннямі і тэрыторыяй вакол іх павінны даглядаць блізкія памерлых. Калі яны выехалі за мяжу, то могуць замовіць платныя паслугі па клопаце пра могілкі. Калі сваякоў не засталося, за пахаваннямі не будзе даглядаць ніхто. У горадзе не існуе адмысловай пасады ці органа, які б адказваў за ахову могілак - нават знакамітых людзей. Супрацоўнікі "Спецаўтагаспадаркі" прыбіраюць усю тэрыторыю комплекса, вывозяць смецце, косяць у летні час траву раз на месяц (на вайсковых ды на Кургане - два разы на месяц). Перад 9 мая, 22 чэрвеня, 3 ліпеня брацкія магілы на Антонава і помнікі на вайсковых могілках мыюць ды фарбуюць, калі ёсць патрэба. У мінулым годзе за выдзеленыя 30 мільёнаў рублёў аднавілі буйное надмагілле Сяргея Ланскога да 200-годдзя пасля яго смерці.






Даведка "ВГ"

Каталіцкія пахаванні ўзніклі на Антонава ў 1792 годзе, а праваслаўныя - ў пачатку XIX стагоддзя. Самыя першыя праваслаўныя могілкі ў горадзе з"явіліся каля Ніжняй царквы і Каложы ў ХІІ - ХІІІ стст., каталіцкія - каля Фары Вітаўта ў канцы ХVІ ст.

Читайте также:

Зарплата - 3,5 миллиона, а подработка - 5. Сколько получают и куда тратят деньги гродненцы
Молоко со специями и контрастный душ. Гродненцы рассказали, что нужно делать, чтобы не заболеть
Когда из Обухово полетим в Турцию? Эксперты о новой авиакомпании в Гродно
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На гродзенскім некропалі можна знайсці шмат цікавага, але ён пакуль не стаў турыстычным брэндам Гродна, як Лычакоўскія могілкі ў Львове, Роса у Вільні, Павонзкі у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика