Археолаг Яўген Уласавец: "На Ашмяншчыне пахаваныя апошнія язычнікі Еўропы"
16.04.2015 06:04
—
Новости Культуры
|
Археолаг Яўген Уласавец займаецца раскопкамі ў Ашмянскім раёне з 2007 года. “Калі трымаеш у руках мангольскую стралу, ад якой 600 гадоў таму загінулі воіны, мурашкі па скуры”, – кажа ён і прапануе ўявіць, якія тысячы кіламетраў аддзяляюць, напрыклад, Гальшаны ад стэпаў Азіі.
Спачатку Яўген капаў у якасці валанцёра ў свайго сябра навуковага супрацоўніка інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Паўла Кенько. Потым, пасля заканчэння гістарычнага факультэта БДУ, а затым магістратуры і аспірантуры, уладкаваўся ў Інстытут гісторыі НАН Беларусі і з 2012 года стаў право¬дзіць уласныя даследаванні. Асноўная сфера інтарэсаў – балцкія пахавальныя помнікі XIII-XV стагоддзяў, перыяд, калі стваралася і фарміравалася Вялікае Княства Літоўскае. – У чым адметнасць балцкіх пахавальных помнікаў? – Мясцовае літоўскае насельніцтва да таго, як яго ў 1387 годзе хрысціў вялікі князь літоўскі, а на той момант ужо і кароль польскі Ягайла, хавала сваіх нябожчыкаў паводле абраду трупаспалення. Гэта задакументавана ў многіх пісьмовых крыніцах як адносна простых людзей, так і ў адносінах да знакамітых асоб. Так, напрыклад, бацьку Ягайлы, вялікага князя Альгерда, у 1377 спалілі на вогнішчы разам з 12 баявымі конямі, срэбным поясам і іншымі рэчамі, якімі ён карыстаўся пры жыцці. Першую жонку Вітаўта таксама спалілі ў Айраголе (тэрыторыя Жамойці). У Літоўскай рэспубліцы вядома больш за сотня падобных могільнікаў, яны добра вывучаныя. У нас жа беларуска-літоўскім памежжам ніхто спецыяльна ніколі не займаўся, а калі і займаўся, то больш раннімі перыядамі – V-VIII стагоддзямі. – Якія рэчы ўдавалася знайсці? – Я капаю грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. А ў іх сустракаюцца вельмі розныя рэчы. Для археолага важная інфармацыя, якую нясе рэч або абломак рэчы. Часам невялікі фрагмент нейкага рэдкага або незвычайнага вырабу нясе больш інфармацыі, чым цэлы і прыгожы, але распаўсюджаны. Паколькі ён дазваляе ўдакладніць даціроўку археалагічнага помніка, даведацца больш аб сацыяльна-эканамічным развіцці, гандлёвых сувязях альбо праліць святло на пытанні этнічнага плана. Ашмянскія могільнікі – гэта пахаванні фактычна апошніх язычнікаў у Еўропе. Было прынята класці ў магілу памерламу ўсе рэчы, што атачалі яго пры жыцці, таму знаходкі прадстаўленыя ўсімі катэгорыямі: зброяй (сякеры, дзіды), рыштункам коннікаў (шпоры, дэталі конскай збруі), бытавымі прадметамі, упрыгожваннямі і элементамі адзення (фібулы, бранзалеты, гузікі) і іншае. – Якой знаходкай ганарыцеся больш за іншыя? – Нягледзячы на тое, што знаходзіў шмат усяго цікавага, больш за ўсё запомніўся мангольскі наканечнік стралы ў пахаванні па абрадзе крэмацыі Гальшанскага могільніка. Гэта знаходка наўпрост адсылае нас да летапісных звестках аб паходах мангола-татараў на Літву ў 1270-х гадах і дазваляе звязаць у адно цэлае гісторыю і археалогію. Славяне насялілі Ашмяншчыну толькі ў Х стагоддзі– Ашмяншчына цікавая яшчэ тым, – працягвае Яўген, – што ў XIII-XIV стагоддзях яна была ўсходняй ускраінай так званай “летапіснай Літвы”, якая стала ядром Вялікага Княства Літоў¬скага. У этнічным плане тэрыторыя Ашмянскага раёна практычна нічым не адрозніваецца ад тэрыторыі Паўднёвай, Усходняй і Цэнтральнай Літвы. Славяне праніклі на тэрыторыю Ашмянскага раёна толькі ў канцы X стагоддзя, па ўсёй верагоднасці падчас паходаў на Літву і яцвягаў кіеўскіх князёў Уладзіміра Святаслававіча і яго сына Яраслава. Яны знішчылі старыя балцкія крэпасці і на іх месцы заклалі свае, сфармаваўшы паблізу іх паселішча са змешаным балта-славянскім насельніцтвам. Але сама сельская мясцовасць, за выключэннем гэтых некалькіх крэпасцяў, была па-ранейшаму населеная балтамі. Яны з цягам часу, паступова, праз культуру і мову, асіміляваліся славянамі.– Хто дапамагае вам у раскопках? – Раскопкі даволі сціплыя па плошчы, капаю з калегам і блізкімі сябрамі. Многія з маіх сяброў займаюцца ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй ВКЛ XIII-XIV стагоддзя, і ўдзел для іх у раскопках – выдатны спосаб убачыць на свае вочы рэканструюемыя імі прадметы. – Куды дзеяце знойдзеныя рэчы? – Знаходкі перадаюцца ў музеі. У прыватнасці, знаходкі за 2012 год з аднаго грунтавога могільніка, што месціцца каля Каменнага Лога, аддалі ў Ашмянскі раённы краязнаўчы музей. – Вы нарадзіліся ў Маладзечне. А чаму не даследуеце Маладзечаншчыну? Нецікава ці яшчэ не прыйшоў час? – Маладзечанскі раён даволі перспектыўны, але мала вывучаны. Каб з нуля падняць яго, трэба вельмі шмат сіл, сродкаў і часу. У Маладзечанскім раёне планую праводзіць у далейшым работы, бо ёсць некалькі цікавых паселішчаў XIII-XV стагоддзяў. Шмат вядомых у XIV-XV стагоддзях баярскіх родаў мелі свае родавыя гнёзды на тэрыторыі раёна, а яны ўяўляюць вялікую цікавасць у археалагічных і культурных адносінах. Сёлета вандроўкі па Ашмяншчыне Яўген працягне. На пытанне, чаго чакае ад новых падарожжаў, адказаў, што толькі новых могільнікаў, а так, што цікавіла, ужо даўно знайшоў. Пра сляды іншых народаў на беларускай зямліЯўген Уласавец падзяліўся сваімі думкамі наконт манет:– Аднойчы я пераглядаў фатаграфіі манет, знойдзеных за апошнія пару археалагічных сезонаў у Ашмянскім раёне. Тут знаходзілі рымскія дэнарыі, дырхемы, грыўны і дэнарыі, польскія і літоўскія паўгрошы, шведскія соліды, манеты Расійскай і Германскай імперый, пфенінгі Веймарскай рэспублікі і Трэцяга Рэйха, злотыя міжваеннай Польшчы і нават літоўскія літы. На нашай зямлі паспелі пакінуць памяць аб сваёй прысутнасці літоўцы, палякі, немцы, французы, рускія, арабы, шведы, рымляне, кітайцы і нават галы. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Археолаг Яўген Уласавец займаецца раскопкамі ў Ашмянскім раёне з 2007 года. Асноўны інтарэс - балцкія пахаванні XIII-XV стагоддзяў, перыяду, калі стваралася Вялікае...
|
|