Фіналісты конкурсу "Заспявай 2.0" выступяць на плошчы Свабоды. 21.by

Фіналісты конкурсу "Заспявай 2.0" выступяць на плошчы Свабоды

14.05.2015 17:52 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Арганізатары конкурсу прынялі рашэнне аб правядзенні серыі жывых канцэртаў фіналістаў конкурсу "Заспявай 2.0", якія пройдуць улетку на тэрасе кавярні Chill Out на плошчы Свабоды ў Мінску.

Ідэя аб правядзенні жывых канцэртаў з'явілася падчас праслухоўвання заяў ад удзельнікаў конкурсу. "Можна вызначыць найлепшых паводле праслухоўвання дэма ў інтэрнэце. Але гэта будзе прыблізна, на вока, – кажа прадзюсар конкурса Сяргей Будкін. – Жывое выкананне дазваляе разгледзіць нюансы, якія нерэальна ўбачыць у прадастаўленых запісах, зробленых часам проста на тэлефон. І мы вельмі ўдзячны кавярні Chill Out, якая гатова прадаставіць пляцоўку для выступаў канкурсантаў. Такім чынам маладыя артысты змогуць паказацца перад публікай, што ўжо само па сабе каштоўна. А па выніку іх выступаў мы назавем самых-самых".

Сябры журы "Заспявай 2.0" вызначаць 12 імёнаў – па шэсць вартых увагі канкурсантаў у кожнай з намінацый – "Кавэр" і "Спяваная паэзія". Яны і атрымаюць магчымасць выступіць летам пры падтрымцы ўжо вядомых выканаўцаў. Частка сябраў журы ўжо вызначылася і зрабіла свае высновы. "Конкурс дазволіў зразумець некалькі істотных рэчаў, – кажа культуролаг Максім Жбанкоў. – Перадусім: актуальны беларускі сонгбук гучыць разнастайна ды атракцыйна, удала перабіваючы інэрцыю савецкіх дзяржэстрады ды “альтэрнатывы”. Па-другое, маем моцную “спяваную паэзію”, але слаба ведаем, як рабіць каверы: большасць старанна перапявала арыгінальныя версіі (можа, спадар Моўчан напалохаў?). Гэта, дарэчы, сведчыць аб узроўні свабоды творчасці: падобна на тое, што яна ў нас амаль па-за правам. Па-трэцяе, ўдзельнікі дакладна падзяліліся на тры несумяшчальныя групоўкі: “народныя артысты” (класычная самадзейнасць), “славянскія базары” (олдскульны дзяржпопс-хэвімэтал-рэстаран) і “прасунутыя аутсайдэры” (песні ды скокі гарадзкіх партызан). Дзіўна, што ім давялося спаборнічаць паміж сабой – варта была б зрабіць тры адмысловыя намінацыі. Альбо тры адмысловыя конкурсы. І яшчэ шкада, што замала ўзнагарод. Я бы ўшанаваў кожнага з майго шорт-ліста".

А вось некаторым сябрам журы выбар зрабіць няпроста. "Я не ўмею так судзіць, бо гэта несур’ёзна. Журы мусіць сядзець у залі і слухаць жывыя галасы. Ну ў скрайнім выпадку мёртвыя. Але абіраць урыўкамі на гастролях у інтэрнэце досыць цяжка", – заўважае заслужаны артыст Беларусі Валеры Дайнека. Лідэр гурта "Палац" Алег Хаменка падчас праслухоўвання песень канкурсантаў наогул перажыў увесь спэктр пачуцьцяў: "Пакуль слухаў і аналізаваў творы адчуў, напэўна, усе эмоцыі, якія ёсць. Смяяўся і злаваўся, сумаваў і весяліўся, зачароўваўся і расчароўваўся. Перш за ўсё хачу сказаць тым, хто не перамог. Вашы творы вартыя запісу і прамоўшэну. Не здраджвайце ім!".

Такім чынам, журы абяцае канчаткова вызначыцца з "шчаслівай дванаццаткай" фіналістаў "Заспявай 2.0" цягам наступнага тыдня.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Шчаслівая дванаццатка" фіналістаў "Заспявай 2.0" вызначыцца цягам наступнага тыдня.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика