Самы прыгожы мадэрновы будынак старога Гродна: гісторыя адной "Надзеі"
18.08.2015 11:22
—
Новости Культуры
|
У 1912 — 1913 гг. у Гродне з’явіўся гатэль з прыгожай назвай «Надзея», які стаў самым канцэптуальным мадэрновым будынкам старога Гродна. Такіх не будавалі ні да, ні пасля яго, Дзясятак гадоў таму калекцыянер гродзенскіх паштовак з Гамбурга Фелікс Варашыльскі набыў фотаздымак, быццам зроблены ў Гродне ў гады Першай сусветнай вайны. Але подпіс «Гродна» не вельмі абнадзейвае прафесійных калекцыянераў - яны добра ведаюць, што ўласнік мог наблытаць, а мог свядома няправільна падпісаць невядома дзе зроблены здымак, каб павысіць ягоны кошт. Так было і з гэтым фота. Нямецкія афіцэры стаялі на фоне двухпавярховага дома ў стылі мадэрн — сапраўды ўнікальнага, суцэльна выкананага ў адным стылі, з аднастайнымі каванымі дэталямі, аздабленнем сцен і іншымі архітэктурнымі момантамі. Гісторыкі пачалі шукаць, дзе мог стаяць такі будынак, і на нейкі час нават сцвердзілі, што стаяў ён не ў Гродне. Аднак пасля ўдалося прачытаць надпіс над уваходам — ОТЕЛЬ «НАДЕЖДА» і… пошук у «Памятных кніжках Гродзенскай губерні» даў вынік. Такі гатэль з’явіўся недзе ў 1912−1913 гг. і стаяў на скрыжаванні вуліц Новашасейнай (пасля Ліпавай, цяпер Гарнавых) і Ласасянскай (цяпер Савецкіх Пагранічнікаў. ![]() У пачатку ХХ ст. занёманскі Фарштат Гродна развіваўся імкліва. Тут паўставалі новыя прадпрыемствы, прыстані, школы і натуральна — новыя вуліцы. І калі ў 1907 г. з’явіўся новы гужавы мост праз Нёман, то менавіта скрыжаванне ішоўшай ад яго Новашасейнай вуліцы і старой Ласасянскай (вяла ад плошчы каля басейна «Лазурны», дзе быў цэнтар занямоння ў ХІХ ст.) стала самым прэстыжным месцам у гэтай частцы горада. Гэтым і скарысталіся прадпрымальныя гродзенскія яўрэі Любічы, збудаваўшы тут свой цікавы гатэль са сціплай, але прыгожай назвай. Любічы былі яўна заможнымі жыхарамі Гродна, бо паводле спіса 1907 г. у горадзе ім належала больш за 15 будынкаў, большасць з якіх акурат была на фарштаце. І новы гатэль стаў сапраўднай надзеяй на светлую будучыню і саміх Любічаў, і ўсяго Гродна. Мы не ведаем ні архітэктара, ні праекціроўшчыкаў гэтага дома, але смела можам сказаць — гатэль «Надзея» быў самым прыгожым і канцэптуальным мадэрновым будынкам старога Гродна. Такіх не будавалі ні да, ні пасля яго. Але надзеі не спраўдзіліся. Большасць выяваў гэтага дома паходзіць з трагічных гадоў Другой сусветнай вайны, калі яўрэйская супольнасць горада была знішчана нацыстамі. Ясна, што будынак з зоркай Давіда на цокалі (прыгледзіцеся на першым здымку) выклікаў нянавісць юдафобаў, аб чым сведчаць выбітыя вокны пад час яўрэйскага пагрому 1935 г. ![]() ![]() У савецкі час будынак быў аздабленнем так званага П’янага кута (на скрыжаванні Гарнавых і Пагранічнікаў былі аж чатыры піўнушкі). Так і бачыцца на фоне гэта дома сюжэт верша Сяргея Панізніка: Дзень над Нёманам праз імглу пачынаўся — вільготны, цёплы. Самым ранкам на «П'яным вуглу» сырадой прадавалі цёткі. ![]() ![]() Так і не стаў гэты дом, які столькі пабачыў, аздабленнем Занёманскага фарштата. Яго пакрысе нявечылі і ў адпаведнасці з планамі савецкіх будаўнікоў каля 1970 г. зусім зруйнавалі. Патрэбна была новая транспартная магістраль, а не нейкае старое, хаця і каларытнае, збудаванне. Абшар аздобіўся Домам Хімікаў, эпапея з рамонтамі якога (ужо як гарадской філармоніі) будзе цягнуцца яшчэ шмат гадоў. ![]() А можа падумаць ды і адбудаваць гэты гатэльчык недзе недалёка, усё ж такі вельмі прыгожае імя — «Надзея». Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 1912 - 1913 гг. у Гродне з'явіўся гатэль з прыгожай назвай "Надзея", які стаў самым канцэптуальным мадэрновым будынкам старога Гродна. Такіх не будавалі ні да, ні пасля... |
|