У Мінску на Ўсходніх могілках адкрылі помнік паэту Генадзю Бураўкіну. 21.by

У Мінску на Ўсходніх могілках адкрылі помнік паэту Генадзю Бураўкіну

29.08.2015 12:42 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У дзень нараджэння славутага беларускага паэта Генадзя Бураўкіна на ягонай магіле на Ўсходніх могілках сталіцы адкрылі помнік. Аўтар помніка — скульптар Алесь Шатэрнік.


Фота: www.svaboda.org

Помнік мае выгляд разгорнутай кнігі. На адной старонцы — барэльеф і надпіс «Генадзь Бураўкін, паэт», а на другой — радкі зь ягоных вершаў: «Ты, мой народ, мяне не папракнеш, я ўсё табе аддаў - жыцьцё і сілы…»

Сын паэта Аляксей Бураўкін патлумачыў, што напісаць гэтыя словы на помніку быў запавет самога Генадзя Мікалаевіча.


Фота: www.svaboda.org

На цырымонію адкрыцця помніка прыйшлі родныя паэта — жонка, дзеці і ўнукі, вядомыя беларускія літаратары, паплечнікі - Сяргей Законнікаў, Уладзімер Арлоў, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Радзім Гарэцкі ды іншыя.

Хоць Генадзь Бураўкін цягам доўгіх гадоў быў вядомым дзяржаўным дзеячам — пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН, Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом, дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР 10 і 11 склікання, старшынёй Дзяржтэлерадыёкампаніі, нікога з афіцыйных асобаў на адкрыцці помніка не было. Цырымонія была цалкам нефармальная, зладзілі яе выключна родныя і сябры.


Фота: www.svaboda.org

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959). Працаваў у часопісе «Камуніст Беларусі», у газеце «Літаратура і Мастацтва», быў карэспандэнтам «Правды» па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць», дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка «Я з вогненнай вёскі».

З’яўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР (1978−1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу.

У 1990 атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, але ў 1993 звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994−1995, быў намеснікам міністра культуры і друку.

На вершы Г. Бураўкіна напісана шмат папулярных песень («Белы снег», «Зачараваная», «Матылі», «Малітва» і інш.). У паэта ёсць зборнік песенных тэкстаў «Табе, Беларусь» (1984). «Калыханку» на словы Г. Бураўкіна кожны вечар па тэлебачанні пяюць малым Беларусі. Аўтар дзвюх кніг паэзіі для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974) і «Сінія арэлі» (1987), дакументальных аповесцей «Тры старонкі з легенды» (1971), выступаў у друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма «Полымя» (1974, сумесна з У. Халіпам і Ф. Коневым). Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.

Укладальнік кнігі «Наш Быкаў» — першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі за 1972 год. За кніжку паэзіі «Варта вернасці» (1978) у 1980 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы.

Памёр паэт 30 траўня 2014 году.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Помнік мае выгляд разгорнутай кнігі. На адной старонцы - барэльеф і надпіс "Генадзь Бураўкін, паэт", а на другой - радкі зь ягоных вершаў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика