“Крамбамбуля” сыходзіць у лясы. Гісторыя легендарнага праекту ў фотаздымках. 21.by

“Крамбамбуля” сыходзіць у лясы. Гісторыя легендарнага праекту ў фотаздымках

29.10.2015 09:49 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Легендарная і непаўторная “Крамбамбуля” сыходзіць у лясы. Што насамрэч музыкі схавалі пад гэткай лірічнай фармулёўкай, лёгка здагадацца — праект, што цешыў нас апошнія амаль пятнаццаць гадоў, перастае існаваць, але застаецца на магнітафонных стужках, дысках, мр3-плеерах і ў нашых успамінах.

7 лістапада “Крамбамбуля” прадставіць развітальны альбом “Чырвоны Штраль”. Так склалася, што на знакавы выступ “Крамбамбуля” збірае сваіх прыхільнікаў не ў Мінску, а ў Вільні. Зразумела, чаму не ў Мінску, і зразумела, чаму ў Вільні. 

Напярэдадні канцэрту заснавальнік, лідар і голас “Крамбамбулі” Лявон Вольскі на прапанову Naviny.by адшукаў у сваім хатнім фотаархіве здымкі, з дапамогай якіх мы паспрабуем візуалізаваць гісторыю “Крамбамбулі”.

Намаляваны мною варыянт вокладкі першага альбому “Крамбамбулі”. Паводле задумы, замест налепкі на вялікай бутэльцы мусіць быць прарэз, а на самой кружэлцы мусяць знаходзіцца выявы налепак розных вядомых напояў — тэкіла, ўіскі, агуард’ентэ і г.д. Памер гэтых налепак павінны быў супадаць з памерам прарэзу. То бок, можна было выбіраць, якая налепка будзе на бутэльцы.


 
Прэс-канфэрэнцыя з нагоды выхаду “Застольнага альбому” — першага альбому. Рэстарацыя “Печкі-лавачкі”. Інтэрвію ў мяне бярэ Вольга Бабак, журналістка, якая першы раз у нашым жыцьці на нейкае сьвята зварыла паводле рэцэпту са старой кнігі і дала нам пакаштаваць напой “крамбамбуля”. Гэтая дэгустацыя ў Волінай хаце вылілася ў цэлы музычны праект. Калі ўжо былі запісаныя ўсе песьні першага альбому, мы доўга думалі, як назваць усё гэта. Бо напачатку крамбамбуля фігуравала проста як адзін з элемэнтаў сусьветнага глясарыю на альбоме. І раптам прыйшло разуменьне, што ўсё ляжыць на паверхні.

Так зьявіўся праект “Крамбамбуля”, пра які потым доўга яшчэ дыскутавалі: што гэта — гурт ці супольны праект? Час паказаў, што гэта творчая майстэрня вялікае колькасьці беларускіх музыкаў, да якіх у розныя часы далучаліся творцы зь іншых краінаў — Літвы, Польшчы, Нямеччыны, Нарвэгіі, Шатляндыі…


 
“Крамбамбуля” аддае “Рак-карону” сынам Уладзіміра Мулявіна на “Рок-каранацыі-2003”. Ну, вось так мы вырашылі. 


 
Першая фотасэсія “Крамбамбулі” ў атэлье Андрэя Шчукіна. Вопратка куплялася часткова на “поле цудаў” на ждановіцкім рынку, часткова пазычалася ў знаёмых. Выглядаць усе мусілі “дзіўнавата”. Адмыслова былі знойдзеныя іміджавыя вусы, але на гэтым фота некаторым іх не хапіла.


 
“Песьняроўская” студыя, дзе пісаліся “Каралі раёну”. Нашае трыа пераканаўча робіць выгляд, што сьпявае “Бэль” для фатографа. Калі хто ня памятае — гэта колішні хіт з мюзыклу “Сабор Парыскай Маткі Боскай”. Мы насамрэч запісалі ўсё — і музыку, і вакалы, але не атрымалі правоў на выкарыстаньне матар’ялу. Шкада.


 
Фотасэсія перад “Каралямі раёну”. Ну, што тут казаць, дастаткова паглядзець на гэтых пэрсанажаў!


 
Ну, як назваць гэтую фотку? Тры каралі? Тры калдыры!


 
Завяршэньне фотасэсіі. Апроч “трох каралёў” у кадры прысутнічаюць: Міхал Анемпадыстаў, Ганна Вольская (пярэдні плян, на кукішках), Яўген Калмыкоў (паміж мной ды Міхалком), Мацей Сабураў (за Кулінковічам), Вольга Пракоп’ева (парад Сабуравым, за Вольскай).


 
Віталь Драздоў, Аляксей Хацкевіч і Яўген Калмыкоў самааддана падпяваюць “23 феўраля”. Гэта было ў 2003-2004 на вялікім шоў у КЗ “Мінск”. Там было ўсё — Вольскі-Міхалок-Кулінковіч выконвалі “Бэль”, Гюнэш сьпявала азэрбайджанскую народную песьню, гарачыя танцоркі дэманстравалі танец жывата, і нават белы лімузін завез пасьля канцэрту вакалістаў на вячэру ў рэстарацыю.


 
Афіша “буйнакалібэрнага шоў”. Пасьля канцэрту асноўныя ягоныя “зоркі” насамрэч мусілі ехаць у рэстарацыю “Камяніца” на вячэру з тымі, хто выйграў у лятарэю гэты бонус. Вясёлыя былі часы! Насычаныя падзеямі. Я таксама там быў — і на сцэне, і ў лімузіне, і ў рэстарацыі ))).


 
Пярэдадзень новага 2004 ці 2005 году. “Камсамольская праўда” арганізавала цікавую акцыю — падпіска на “Камсамолку” разам з “Крамбамбуляй”. Да нас падыходзілі людзі, фоткаліся, бралі аўтографы, падпісваліся ці то проста атрымлівалі сьцяжок і, задаволеныя, ішлі па сваіх пераднавагодніх справах. Такіх здымкаў было вельмі шмат. Я маю на ўвазе, з рознымі людзьмі )).


 
Здаецца, гэта Гомля. Абед перад канцэртам. Наш першы ўсебеларускі тур. Сярод іншых на здымках вы можаце пабачыць Сяргея Ахрамовіча (з доўгай і дагледжанай барадой), які пэўны час граў ў “Крамбамбулі” на баяне, і Гюнэш Абасаву (у афрыканскіх косках), якая два гады канцэртавала з намі. Напрыканцы 2004-га.


 
Прэзэнтацыя альбому “Радыё Крамбамбуля 0.33 fm” у клюбе “Сфера”, снежань 2004-га. Не для шырокае публікі, для журналістаў. Тады былі напоі, закускі, канцэрт, боўлінг і аэрахакей, адтапырка.




 
Я сьпяваю “Абсэнт” з аркестрам Тэатру опэры і балету. Гэта быў праект Ягора Хрусталёва. Выглядае ўсё прыгожа, але рэпэтыцыяў было мала, і аркестар граў крыху парадаксальна.


 
“Зайчыная” фотасэсія. З Ганнай адмыслова замаўлялі каптурыкі з вушкамі ў трыкатажным атэлье на вуліцы Рэвалюцыйнай. Канструкцыя дазваляла надаваць вушам розную форму. І кожны “наладжваў” іх паводле свайго характару, сваёй натуры. Канцэпцыя фотасэсіі належыць Міхалу Анемпадыставу.

Мелася на ўвазе, што фотасэсія будзе канцэптуальна прывязана да Вялікадню. Зайчыкі-трусікі, яйкі, сьвяточны стол. Усё як належыць.



 
Дзіўны фотаракурс з канцэрту ў менскім клюбе, студзень 2005-га.


 
Смаленскі бізнэсмэн запрасіў нас выступіць у яго на народзінах. Вось, выступілі. Пад сьцягам — сам нованароджаны.


 
Украінскі пасьлямайданаўскі тур. Аранжавыя элемэнты ў адзеньні і аксэсуарах. Аранжавы шалік вогненна грэе маю шыю. Праз аранжавыя акуляры Гюнэш упэўнена глядзіць у сваю сьветлую будучыню…


 
Неяк мы гралі на фэстывалі “Сяброўская бяседа” на Беласточчыне. Мы — гэта значыцца, “Крамбамбуля” зь Сяргеем Міхалком. Кожнаму ўручылі пакуначак з яблыкам, цыбуляй, памідорам, бутэлькай самагонкі і яшчэ чымсьці агратурыстычным. Вось мы сядзім, рэалізоўваем гэтыя падарункі.


 
Падчас навагодніх канцэртаў мы заўсёды па-рознаму пераўвасабяліся. Тут я ў ролі Джэка Вераб’я ў таварыстве добрых душэўных людзей ня ведаю дзе напярэдадні чарговага Новага году. А побач са мною — Вольга Бабак.


 
Піва “Баброў” і непасрэдна Сяргей Левін (побач са мной на сцэне) сьвяткуе Новы год.


 
2007 год. Бярэсьце. Сьвята гораду. Вось цікава — правесьці канцэрт у нейкай залі было праблематычна, але на сьвятах гарадоў гралі ўвесь час. Падчас наступных забаронаў гэтую акалічнасьць падрэдагавалі. Сьвяты скончыліся.


 
Пераднавагодняя фотасэсія найвялікшага складу “Крамбамбулі” — з бэк-вакалісткамі, Гюнэш і А.Кулінковічам.


 
Перад турам “Хвалі пазытыву” — фотасэсія і рэклямовы ролік. Толькі-толькі скончыўся першы пэрыяд забаронаў. Значыцца, гэта 2008-ы. Усе глямурныя, у меру фолькавыя… Спрабуем ляцець.



 
Музыкі “Крамбамбулі” часоў альбому “Драбадзі-драбада” (2011). Суворыя шатляндзкія хлопцы. Дарэчы, на мне сапраўдны кілт, куплены ў Лёндане на Брык Лэйн, фрыкавай вуліцы, дзе прадаюцца ўсялякія рарытэты і проста цікавыя рэчы.


 
Другі (з трох запар) канцэрт у віленскім клюбе Loftas, куды мы перанесьлі прэзэнтацыю “Драбадзі-драбада” пасьля забароны гэтае акцыі ў Менску. Як бачыце, усё было звышпазытыўна. Нават на сцэне прысутнічалі вось гэткія прадмэты жаночага гардэробу.


 
Так мы тлумачылі ў сацсетках забарону прэзэнтацыі альбому “Драбадзі-драбада” ў адным зь менскіх клюбаў.

 
Сяло Буды, Беласточчына. Агратурыстыка. “Крамбамбулю” запрашалі граць там канцэрты для рознае публікі з цэнтральнае ды заходняе Польшчы. Гэтыя людзі адпачывалі, уражваліся прыгажосьцю Белавескай пушчы (на польскім баку яна таксама ёсьць, калі хто ня ведаў), выпівалі-закусвалі і танчылі на нашых канцэртах.


 
Перад канцэртам на Майдане ў Кіеве. Наколькі я памятаю, гэта быў лістапад 2013-га. У паветры — пах дыму з мэталёвых бочак, каля якіх грэліся паўстанцы. І мы. Канцэрт быў незабыўны! Неўзабаве пасьля яго мы выбраліся ў Вільню запісваць партызанскі альбом. Цяпер ужо вядомая ягоная назва — “Чырвоны Штраль”.


 
Гэта ўжо найноўшая гісторыя. Алесь-Францішак Мышкевіч (бас), тагачасны гітарыст “Крамбамбулі” Алег Гарус і я — партызанскі мікра-атрад у лясах Меншчыны. У нашых руках прылады для прыгатаваньнья напою “крамбамбуля” ў палявых (у дадзеным выпадку, лясных) умовах.


 
Фотасэсія для альбому “Чырвоны Штраль”. Гэтак “Крамбамбуля” выглядае зараз, гэткімі мы будзем на канцэрце ў Вільні. Ну дык пабачымся!





 



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні прэзентацыі развітальнага альбому заснавальнік, лідар і голас “Крамбамбулі” Лявон Вольскі на прапанову Naviny.by адшукаў у сваім хатнім фотаархіве...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика