Як выглядаў раён плошчы Свабоды ў Віцебску амаль 50 гадоў таму? Фотапараўнанне. 21.by

Як выглядаў раён плошчы Свабоды ў Віцебску амаль 50 гадоў таму? Фотапараўнанне

09.12.2015 12:41 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У 1970 годзе вядомы віцебскі фатограф Міхаіл Шмерлінг атрымаў заказ ад выдавецтва «Беларусь» на здымкі Віцебска для альбома, прысвечанага гораду.



Маючы дакумент з просьбай да ўсіх устаноў аб садзейнічанні, Міхаіл прыступіў да працы. Не адразу ўдалося трапіць на самую высокую кропку тагачаснага Віцебска — вежу ратушы. Большасць называла яе «каланчой» — у царскія часы на працягу амаль паўтара стагоддзя яе выкарыстоўвалі пажарныя ў якасці назіральнай пляцоўкі. Дырэктар абласнога краязнаўчага музея сказаў, што трэба чакаць майстра, які перыядычна прыходзіў заводзіць гадзіннік.

Дарэчы, час куранты тады адбівалі ў суправаджэнні мелодыі «Песні пра Віцебск», напісанай Барысам Насоўскім і Давідам Сімановічам. На жаль, абодва аўтары летась памерлі.

Майстар прыйшоў пахмурным восеньскім днём, і фатограф трапіў на вежу ратушы.

Пачнём з дробных аб’ектаў - яны размешчаны на пярэднім плане здымка. Побач з шасцю адзінкамі аўтатэхнікі рознага прызначэння стаіць газетны кіёск. Ён абаграваўся «буржуйкай», тры лаўкі вакол яго дазвалялі гараджанам прысесці і спакойна пачытаць свежую прэсу.

Далей — чатыры тэлефонныя будкі і латок, з якога гандлявалі піражкамі. У скверы, дзе зараз стаіць помнік князю Альгерду, знаходзілася скульптура: маці трымае на плячы дзіця, якое выпускае голуба.

На супрацьлеглым баку вуліцы — яшчэ дзве гандлёвыя кропкі. Апроч тых жа піражкоў з розным начыннем, у іх можна было набыць пячэнне, булачкі, цукеркі, папіросы, піва альбо ліманад у бутэльках.

На сцяне тагачаснага Акцябрскага райвыканкама вісіць наглядная агітацыя з заклікам падпісвацца на газеты. Упрытык з адміністрацыйным будынкам стаіць былая сярэдняя школа № 6.

Ад цэнтральнай плошчы Свабоды да канца 1970-х — пачатку 1980-х трамваі хадзілі ва ўсе чатыры канцы горада. Прыпынкі на гэтым участку вуліцы Леніна знаходзіліся амаль на самым Акцябрскім мосце. Яны былі не агароджаныя і не вынесеныя на тратуар, як зараз. У чаканні трамвая людзі стаялі на абсталяваных «астраўках».

Невялікі аўтамабільны рух дазваляў не так пільна клапаціцца пра небяспеку патэнцыйных пасажыраў. Пра колькасць машын на душу насельніцтва тады і сёння добра сведчыць напоўненасць плошчы Свабоды. Калі зараз на ёй амаль не праткнуцца, то ў 1970-м стаялі некалькі адзінак транспарту і пераважна адной маркі - «Волга-21». Гэта былі службовыя аўтамабілі партыйных работнікаў, якія прыязджалі па справах у абкам КПБ. Ён месціўся ў памяшканнях дарэвалюцыйнага акружнога суда (зараз тут Мастацкі музей).

А цяпер — пра комплекс будынкаў, які выклікае моцныя настальгічныя пачуцці ў старэйшага пакалення гараджан. У народнай тапаніміцы ён называўся «Фармфак» і «Аптэка». Яны размешчаліся ў пачатку сучаснага праспекта Фрунзэ (да 1925 года вуліца Задунаўская). А ў 1980-х іх знеслі накіраваным выбухам.

Падчас вайны гэтая частка праспекта была значна пашкоджана. У 1950-х яе аднавілі, у дарэвалюцыйным Зямельным банку і больш сучаснай прыбудове размясцілі фармацэўтычны факультэт медінстытута. Аўдыторыі знаходзіліся і ў падвальных памяшканнях, таму прахожыя па вечарах маглі добра бачыць, як студэнты спасцігаюць навуку.

Дарэвалюцыйная фармацэўтычная ўстанова Адольфа Вейгера фон Рэйдэмейстэра была на першым паверсе і выконвала свае функцыі да самага зносу пад найменнем «Аптэка № 1». Другі і трэці паверхі былі жылымі, а ў пентхаўсе яшчэ да вайны працавала фотастудыя.

На фота бачны пачатак вуліцы Багдана Хмяльніцкага. У 1970-м тут стаяў помнік украінскаму гетману. Ён быў выкананы з цэменту, вятры і дажджы не шкадавалі манумент, таму пазней яго дэмантавалі. Але ёсць і другая версія. Пасля ўзвядзення ў 1976 годзе Віцебскага філіяла «Белгіправадгаса» помнік застаўся ў глыбокім тыле будынка. Багдан Хмяльніцкі, трымаючы ва ўзнятай правай руцэ булаву, стаяў амаль пад сцяной і з сур’ёзным тварам заглядваў у вокны службовых кабінетаў. Магчыма, такі штодзённы пільны кантроль камусьці не спадабаўся…

Справа ад аптэкі знаходзіўся яшчэ адзін дом, але ў 1960-х на яго месцы пабудавалі «шкляное» кафэ «Чайка». Аздабленнем інтэр'ера займаліся некалькі супрацоўнікаў мастацкіх майстэрань на чале з Анатолем Толкачам. У прыватнасці, кропку грамадскага харчавання аформілі керамічнай пліткай ручной работы.

З будаўніцтвам «Белгіправадгаса» і сучаснага галоўнага ўпраўлення Нацбанка па вобласці на вуліцы Леніна знеслі шэраг жылых і адміністрацыйных будынкаў, у тым ліку ПТВ № 37. Таксама выпрамілі і ссунулі на поўнач вуліцу Гогаля — яе сапраўдны напрамак выходзіць пад арку ўпраўлення Нацбанка.

На цяперашнім здымку мы бачым пабудаваную на мяжы 1980−1990-х вежу аблвыканкама, узведзеныя ў 2007 годзе дах амфітэатра і «Духаўскі круглік». У 2009-м аднавілі Уваскрасенскую царкву, знішчаную ў 1936-м. Сёлета скончылі будаўніцтва культурна-забаўляльнага комплексу «Вінтаж». Гісторыя працягваецца…

Чытайце таксама:

Мост у Віцебску, які доўгі час называлі Новым. Пра што распавяло фота, зробленае паўстагоддзя таму

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аўтар артыкула робіць дэталёвае параўнанне фотаздымка цэнтра Віцебска, зробленага ў 1970 годзе, з тым, як гэта самае месца выглядае сёння.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика