Крыж Еўфрасінні Полацкай знаходзіцца пад Масквой?. 21.by

Крыж Еўфрасінні Полацкай знаходзіцца пад Масквой?

18.03.2016 12:53 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Гісторык Сяргей Тарасаў лічыць, што Крыж Еўфрасінні Полацкай цэлы і знаходзіцца ў падмаскоўным Сергіевым Пасадзе, у Троіца-Сергіевай лаўры. Даследванні і логіка падзеяў прыводзяць яго менавіта туды.

75 гадоў таму з прыфрантавога Магілёва знік Крыж Еўфрасінні Полацкай. Ужо за часы незалежнасці яго спрабавалі шукаць у амерыканскіх фундацыях, у сховішчах Ватыкана, у расейскіх музеях. Станоўчых вынікаў тыя пошукі не далі. Дзе сёння знаходзіцца нацыянальная святыня беларусаў? На гэтае пытанне паспрабаваў адказаць гісторык Сяргей Тарасаў.


Сергей Тарасов. Фото с сайта svaboda.org

— Спадар Сяргей, нядаўна ў Мастацкім музеі Магілёва мне ўдалося пабачыць копію Крыжа Еўфрасінні Полацкай (галаграму). Як калісьці і арыгінал, яна экспануецца ў пакоі-сейфе за таўшчэзнымі металёвымі дзвярамі. Уражанне ўзмацняецца і тым, што менавіта з гэтага будынку крыж зьнік у 1941 годзе. Куды знік — версій некалькі. Падзяліцеся сваёй.

— Я выкажу сваю версію пазьней. Спачатку хачу нагадаць ранейшыя версіі. Самая папулярная ў савецкі час — Крыж быў звезены немцамі. Яшчэ выказвалася гіпотэза, што ў 1920-я гады, калі рэквізаваліся царкоўныя каштоўнасці, Крыж маглі прадаць на адным з аўкцыёнаў, пасля чаго ён мог трапіць за акіян — у ЗША (а ў Магілёве знаходзілася копія).

Гаварылася і пра тое, што машыны, на якіх везлі каштоўнасці з Магілёўскага музея разам з архівам ЦК КПБ, недзе па дарозе трапілі пад бамбёжку, і Крыж быў знішчаны ці трапіў кудысьці ў Расею. Калі прыняць на веру «нямецкую» версію, то і тут магло быць рознае развіццё падзей. Скажам, падчас рэстытуцыі, калі нарабаваныя нацыстамі каштоўнасці вярталіся назад з Нямеччыны, іх маглі павезці далей, у Расею. Прычына тут простая — немцы складалі свае вопісы, давалі свае назвы, і савецкія спецыялісты пасля маглі не разабрацца, што куды трэба вяртаць. Нарабаванае ў Магілёве маглі завезці, умоўна кажучы, у Яраслаўль.

Я, дарэчы, спачатку схіляўся да гэтай версіі. Але пасля таго, як у піцерскім Эрмітажы выявілася кража розных каштоўных рэчаў, у Расейскай Федэрацыі прайшла суцэльная праверка фондаў абсалютна ва ўсіх музеях. Калі б Крыж быў у нейкім музеі, ён абавязкова ўсплыў бы. Проста так хаваць і нікому не паказваць, а тым больш не ўносіць у фондавыя спісы, яго не маглі. Але тут цікавая акалічнасць: вывезены разам з Крыжам архіў ЦК КПБ, па сведчаннях маіх калегаў-архівістаў, захаваўся цалкам.

— Значыць, па дарозе не разбамбілі. Тут можна дадаць, што ў 2003 годзе нечакана знайшлося і Слуцкае Евангелле, якое таксама разам з Крыжам знікла ў 1941 г. з Магілёва. Прычым царква нічога не тлумачыць, спасылаючыся на таямніцу споведзі. Проста дзіва нейкае.

— Сапраўды, адбылося дзіва. У 2003 годзе Мітрапаліт Філарэт на Епархіяльных чытаннях прадставіў Слуцкае Евангелле 1582 году. Па версіі царквы, нейкая прыхажанка перадала яго аднаму са святароў. Ні прозвішчаў, ні адрасу тае прыхажанкі - ніякіх дадзеных абсалютна няма. Але чамусьці сцвярджаецца, што ўвесь час, пачынаючы з 1941 году, тое Евангелле не пакідала межаў Беларусі. Гэта проста фантастыка. Такога ў прынцыпе быць не магло.

Не будзем забываць, што Евангелле і Крыж — не адзіныя рэчы, якія зберагаліся перад вайной у Магілёве. Там было шмат царкоўнага начыння, старажытная зброя, даспехі, шмат чаго іншага. Але сам факт з’яўлення арыгіналу Евангелля паказвае, што ёсць і арыгінал Крыжа.

Калі ў другой палове 90-х берасьцейскі мастак Мікола Кузьміч рабіў копію Крыжа, рэжысёр Віктар Шавялевіч зняў пра гэта дакументальны фільм. І ў тым фільме ёсць адзін вельмі цікавы эпізод. Уладыка Філарэт, знаходзячыся ў сябе ў епархіі, у дамовай царкве, апавядае пра тое, як удалося знайсці святыні-рэліквіі, якія былі закладзеныя ў Крыж Еўфрасінні Полацкай. Там была часцінка Крыжа Гасподня, фрагменты святых мошчаў.

І вось уладыка гаворыць у кадры, што з цягам часу ўдалося знайсці ўсё, адзінае, чаго не ўдавалася, — гэта часцінка крыві Ісуса Хрыста. І вось аднойчы, калі ён быў у сябе на радзіме ў Загорску, у Троіца-Сергіевай лаўры, у рызніцы ён убачыў на нейкай «дошчачцы» маленькую кропельку і надпіс над ёй (скарочана): «Кроў Хрыстова». Тады ўладыка Філарэт папрасіў дазволу ў захавальніка рызніцы адшчыкнуць часцінку рэліквіі, каб перанесці яе на крыж, які зрабіў майстар Кузьміч. Што і было зроблена. І тут паўстае толькі адно пытанне: што гэта за «дошчачка» з кроўю Хрыста ў рызніцы ў Загорску? На маю думку, гаворка можа ісці толькі пра Крыж Еўфрасінні Полацкай. Другой рэліквіі з крывёй Ісуса Хрыста там папросту не магло быць.

— Дапусьцім, што Крыж знаходзіцца ў Загорску. І што, за ўвесь гэты час яго ніхто, апрача ўладыкі Філарэта, не бачыў?

— Па маіх звестках, Крыж адносна нядаўна бачылі, у тым ліку людзі з Беларусі. У той час, калі ў нас пачалася кампанія, умоўна кажучы, «слуцкія паясы», калі іх паўсюль шукалі, каб наладзіць вытворчасць у Беларусі. На жаль, я не магу назваць імёны, магу толькі сказаць, што гэта — афіцыйныя асобы. Разумееце, Троіца-Сергіева лаўра — вельмі значная для Расейскай праваслаўнай царквы. Туды адкрытага доступу няма. Крыж ляжыць у такім месцы, куды звычайнаму чалавеку трапіць немагчыма.

— Слухайце, Крыж Еўфрасінні Полацкай знаходзіцца ў афіцыйным вышуку, яго, між іншым, шукае Інтэрпол. Ёсць людзі, якія яго нядаўна бачылі, а значыць, — сведкі. Можа, пасля нашай гутаркі справай зоймецца Следчы камітэт ці КДБ?

— Сведкі павінны быць. Калі Крыж сапраўды там ляжыць, яго бачылі многія. Святары, якія туды прыязджаюць, проста не маглі яго не заўважыць. Аднак, я не думаю, што пасля нашай з вамі размовы нейкія спецслужбы зоймуцца пошукамі Крыжа. Наша размова — не падстава для таго, каб абшукваць усю Загорскую лаўру. Гэта ўсё ж інстытут царкоўны, а не свецкі. Паўтаруся, месца як бы навідавоку, але ў той жа час недаступнае.

— Ці можна дапусціць, што Крыж Еўфрасінні Полацкай, як згаданае Слуцкае Евангелле, у пэўны момант можа ўзнікнуць невядома адкуль?

— Хацелася б, каб такі цуд адбыўся. Праўда, я не надта ў гэта веру. У нашай гісторыі не так шмат каштоўных святыняў, звязаных з канкрэтнымі людзьмі - у нашым выпадку з імёнамі майстра Лазара Богшы і святой Еўфрасінні, патронкі Беларусі, нашай нябеснай заступніцы. Ёсць яшчэ крыж Аўраамія Смаленскага, які быў зроблены па ўзоры Еўфрасіннеўскага крыжа.

Пальцаў адной рукі хопіць, каб гэтыя святыні пералічыць. Таму наш Крыж з’яўляецца надзвычай каштоўным — і ў духоўным сэнсе, і ў матэрыяльным. Яго краналіся рукі самой Еўфрасінні, ён рэч — сакральная. Мы ж сёння яшчэ не ўсведамляем да канца, кім для нас ёсць Еўфрасіння Полацкая. Усе народы ганарацца, калі знаходзяць нашчадкаў сваіх вялікіх папярэднікаў - Чынгіс-хана, Напалеона, Рурыкавічаў і г. д. А мы маглі б знайсці нашчадкаў нашых Рагвалодавічаў і Усяславічаў! Адзіныя парэшткі, косткі чалавека з гэтага роду — гэта мошчы Еўфрасінні, і яны ў нас ёсць.

Што да Крыжа, то нежаданне перадаць яго Беларусі можа быць патлумачана як заўгодна. Скажам, у Расеі даўно прыняты закон аб рэстытуцыі, які забараняе вываз каштоўнасцяў. З другога боку, адмова можа гучаць і ў тым сэнсе, што копія Крыжа ў вас ёсць, хопіць вам і яе… Так што наўрад ці Крыж будзе вернуты. У адным я абсалютна ўпэўнены — ён цэлы.

— Крыж Еўфрасінні Полацкай цэлы і знаходзіцца ў падмаскоўным Загорску, у Троіца-Сергіевай лаўры?

— На мой погляд — так. Мае даследаванні і логіка падзеяў прыводзяць менавіта туды.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даследванні і логіка падзеяў прыводзяць менавіта ў падмаскоўны Сергіевы Пасад, у Троіца-Сергіеву лаўру.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика