Вінцук Вячорка прэзентаваў кнігу нарысаў пра адметнасці беларускай мовы. 21.by

Вінцук Вячорка прэзентаваў кнігу нарысаў пра адметнасці беларускай мовы

20.05.2016 15:06 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Вядомы мовазнаўца і грамадска-палітычны дзеяч Вінцук Вячорка (на здымке)  выпусціў у шырокі свет кнігу навукова-папулярных нарысаў пра адметнасці беларускай мовы. Прэзентацыя выдання «Па-беларуску з Вінцуком Вячоркам» адбылася ўвечары 19 мая ў мінскай галерэі «Ў».






Фото: Радыё Свабода

Кніга выйшла ў серыі «Бібліятэка Свабоды. XXI стагоддзе», якую выпускае беларуская рэдакцыя «Радыё Свабода». У выданне ўвайшлі матэрыялы, на якіх грунтаваліся выпускі аднайменнай перадачы мовазнаўцы, што выходзіла на хвалях гэтага радыё на працягу апошніх двух гадоў.

У сваёй кнізе Вячорка на жывых моўных прыкладах паказвае своеасаблівасці беларускай граматыкі, фанетыкі, лексікі і семантыкі, распавядае пра адметнасці ўтварэння ўласных імён ды тапонімаў, а таксама пра дачыненне беларускай мовы да іншых славянскіх моў.

На прэзентацыі выдання аўтар расказаў пра свой шлях да прафесійнага мовазнаўства і людзей, дзякуючы якім ён распачаў актыўную працу на ніве беларушчыны. «У пэўным сэнсе гэтая сціплая кніжка — падсумаванне таго, што рабілася і збіралася ўсё жыццё», — сказаў ён.

Словы ўдзячнасці за апублікаваную кнігу мовазнаўчых нарысаў Вячорку выказалі яго калега па радыё, літаратар Сяргей Дубавец, філосаф і тэолаг Ірына Дубянецкая, праваабаронца і публіцыст Алесь Бяляцкі, мовазнаўца і выкладчык Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Надзея Старавойтава.

Філолаг Пётра Садоўскі падкрэсліў, што Вячорку ўдалося стварыць «менавіта папулярна-навуковую кніжку», нягледзячы на тое, што яна «атрымалася фрагментарнай». На яго думку, кніга накіраваная, у першую чаргу, на «гарадскіх і сельскіх дзяцей, якім ужо няма дзе карміцца роднай мовай». Разам з тым філолаг з доляй крытыкі ўспрыняў пэўную стылёвую скіраванасць у кнізе, якая нібы супрацьстаўляе беларускую мову мовам іншых народаў, вылучае яе сярод іншых.

«Калі сабраць усё разам, чалавеку нядобразычліваму або таму, хто разумее беларускую мову «быццам бы», а не тонка, шмат што ў кнізе не спадабаецца. Але для агітацыі, для таго каб пачаць цікавіцца мовай, мовазнаўствам, гэта класная кніжка», — зазначыў Садоўскі.

Кніга накіраваная, у першую чаргу, на «гараджан сярэдняга і наймаладзейшага пакаленняў», падкрэсліў Вячорка ў гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН. «Мая задача ў тым, каб найперш зацікавіць беларускай мовай як абсалютна непаўторнай, эстэтычна і арганічна напоўненай з`явай, якой трэба ганарыцца і авалодваць нам і нашым нашчадкам», — сказаў ён.

Мовазнаўца прызнаўся, што працяг кнігі ўжо рыхтуецца. Так, напрыклад, зараз «публікуюцца новыя тэксты і відэаматэрыялы на новыя тэмы, звязаныя з рэальным бытаваннем беларускай мовы ў мінскім гарадскім асяроддзі». «Калі ўсё добра складзецца, кніга будзе, можа, нават і сёлета», — дадаў Вячорка.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вядомы мовазнаўца і грамадска-палітычны дзеяч Вінцук Вячорка (на здымке)  выпусціў у шырокі свет кнігу навукова-папулярных нарысаў пра адметнасці беларускай мовы.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика