Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына. 21.by

Як жыхар Баранавіч стаў мадэллю для скульптуры Гагарына

22.07.2016 08:34 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Праз 55 год з дня першага палёту чалавека ў космас жыхар Баранавіч Іван Федарцоў, які ў 1961 годзе два месяцы быў мадэллю, узгадвае, як ён стаў узорам для скульптуры касманаўта Юрыя Гагарына.


Івану Паўлавічу Федарцову цяпер 75. А тады яму было толькі дваццаць і ён вучыўся ў Смаленскім інстытуце фізкультуры. Паехаў туды з недалёкага ад Смаленшчыны Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці - там скончыў школу і папрацаваў ў ёй настаўнікам фізкультуры.

Вялікая для ўсяго сусвету падзея — першы палёт чалавека ў космас, дакладней, першы паспяховы палёт, адбыўся 12 красавіка 1961 года. Гэта быў вельмі адметны час — першым касманаўтам стаў савецкі чалавек! Усе дзеці марылі тады стаць менавіта касманаўтамі ці хаця б лётчыкамі. Палёт Гагарына знаходзіў адлюстраванне ў той час нават на побытавым узроўні.У продажы з’явіліся этыкеткі на запалках з яго партрэтамі - і ў афіцэрскай фуражцы, і ў шлемафоне. І як нам, падлеткам, вельмі хацелася мець у калекцыі і адну, і другую «марку» з Гагарыным, як мы называлі этыкеткі! Мы нават хадзілі ў недалёкі ад вёскі райцэнтр Івацэвічы, каб вымяняць жаданую этыкетку ў дальнабойшчыкаў, што спыняліся каля рэстарана і заправачнай станцыі.

…Студэнта Івана Федарцова той вясной проста з лекцыі раптам паклікала да рэктара інстытута ў кабінет сакратарка. Першая думка была: «За што?» А ў кабінеце яго ўжо чакала прадстаўнічая камісія, супрацоўнікі з мастацкіх маскоўскіх майстэрняў, курыраваў работу якіх Леў Кербель, пазней — народны мастак СССР, Герой Сацыялістычнай Працы, які за свой творчы шлях стварыў больш за 70 помнікаў і мемарыялаў.

Там, у кабінеце, і адбылася размова, у ходзе якой Іван атрымаў прапанову пазіраваць мастакам для выканання скульптуры Юрыя Гагарына, якую планавалася ўсталяваць у Маскве. Трэба сказаць, мастакі мелі рацыю, каб запрасіць менавіта Івана Федарцова ў якасці мадэлі. І не толькі па прычыне некаторага знешняга падабенства з касманаўтам, які нарадзіўся якраз у Смаленскай вобласці, у вёсцы Клушына.

Справа ў тым, што Іван у той час сур’ёзна захапіўся спортам і не толькі «цягаў штангу», а і займаўся модным у той час на Захадзе культурызмам. У выніку сур’ёзных заняткаў з цягам часу ён стаў майстрам спорту СССР па акрабатыцы, лёгкай атлетыцы (кіданне молата), скачках з месца ў даўжыню, штанзе. Яшчэ ён быў чэмпіёнам Расіі па штурханню ядра, чэмпіёнам УЦСПС у камандным першынстве па штанзе.


Фото: Заря

— Танцаваў пасля школы ў ансамблі, — расказвае Іван Паўлавіч, — там выпрацаваў такую прыгучасць, што з месца лёгка браў тры метры сорак сантыметраў.

Сярод шматлікіх тытулаў нашага героя і званне суддзі ўсесаюзнай катэгорыі па штанзе.

Усе гэтыя дасягненні прыйшлі не адразу, яны даваліся цяжкай працай. Што тычыцца культурызму, то на той час, у 1961-м, нават паказальныя выступленні спартсменаў насілі неафіцыйны характар. Праводзіліся яны ў Рызе, Ленінградзе, іншых вялікіх гарадах. Быў Іван са сваім атлетычным складам фігуры і прызёрам такіх чэмпіянатаў.

І калі яму прапанавалі папазіраваць мастакам, ён адразу пагадзіўся. Было гэта вясной 1961 года, адразу пасля палёта Гагарына ў космас, і доўжыўся працэс амаль два месяцы. Прыемным у гэтай прапанове было і тое, што Іван Федарцоў некалькі разоў бачыў Гагарына, які прыязджаў на сваю малую радзіму, у Смаленск.

— У адной з двух вызначаных мастакамі поз даводзілася стаяць у плаўках па паўтары-дзве гадзіны, — расказвае Іван Паўлавіч. — А позы былі такія: адна з паднятаю ўгору рукой, скіраваная ў вышыню, да зорак, а другая — нібы ў палёце, рукі, апушчаныя ўніз.

Вядома ж, ніякіх грошай Іван, як мадэль, не атрымліваў, ды і ад заняткаў яго ніхто не вызваляў. Але мастакі зрабілі некалькі скульптурных копій і адну з іх, выкананую з гліны, вышынёй сантыметраў 75, пакінулі ў падарунак Івану.

Дарэчы, і твар у скульптуры быў не гагарынскі, а нашага героя. Ён паставіў яе на падаконне ў інтэрнаце, дзе жыў. Вядома ж, студэнцкае жыццё вірлівае, неспакойнае — заняткі, сесіі, спазненні ў інтэрнат…Нехта з хлопцаў аднойчы прабіраўся ў «абшчагу» праз яго акно, зачапіў скульптуру, яна ўпала на падлогу і пабілася.

— Спачатку хацеў склеіць, — расказвае Іван Паўлавіч. — Але то часу не было, то жадання, то на спаборніцтвы ездзіў. Зрэшты рэшт махнуў на задумку рукой і выкінуў рэшткі.

У інстытуце Івана Федарцова як спартсмена ведалі многія. А пасля таго, як ён папазіраваў мастакам, увогуле адбою ад дзяўчат не было! Вахцёрка ў інтэрнаце скардзілася: табе столькі аднаму лістоў ідзе, што ўвесь астатні інтэрнат не атрымлівае!

Пасля сканчэння ВНУ Іван Федарцоў працаваў у Смаленску трэнерам, дырэктарам ДЮСШ. Быў старшым трэнерам вобласці па штанзе. Давялося папрацаваць і ў спартыўнай роце ва Уруччы. Сярод яго выхаванцаў чэмпіёны і рэкардсмены свету, такія, як Вячаслаў Камісараў, браты Рыбаконі. У камандзе былі заслужаны майстар спорту, чэмпіён свету Мікалай Костылеў, майстар спорту Аляксандр Карніенка.

З 1970 года Іван Паўлавіч Федарцоў жыве ў Баранавічах. І тут падрыхтаваў дзясятка паўтара чэмпіёнаў і прызёраў рэспублікі па штанзе, двух майстроў спорту міжнароднага класа, чэмпіёнаў Паветраных Сіл. Працаваў трэнерам, старшынёй спартыўнага таварыства «Спартак», кіраваў фізічным выхаваннем у тэхналагічным тэхнікуме.

Што тычыцца помнікаў Гагарыну, то як ні імкнуліся скульптары пры жыцці Юрыя Аляксеевіча адлюстраваць яго ў бронзе ці хаця б у бетоне (Юрый Гагарын трагічна загінуў 27 сакавіка 1968 года), атрымалася гэта значна пазней.


Фото: Заря

Так, да 10-годдзя палёту чалавека ў космас помнік Гагарыну было вырашана паставіць у горадзе Энгельсе Саратаўскай вобласці, недалёка ад месца прызямлення касманаўта. Там пазіраваў скульптарам спартсмен, трэнер энгельскіх гімнастаў Шыршоў.

У тым жа 1971 годзе скульптуру ўсталявалі ў Доме піянераў, а праз 10 год перанеслі да Дома афіцэраў. У 1981 годзе яшчэ адзін Гагарын з’явіўся непасрэдна на месцы прызямлення. Ёсць фігура касманаўта і на пастаменце на Ленінскім праспекце ў Маскве, усталяваная напярэдадні Алімпіяды ў 1980 годзе. Фігура атлетычная, нібы ў палёце, з напружанымі, апушчанымі ўніз рукамі. Па словах Івана Паўлавіча Федарцова, вельмі падобная на тую, якую ляпілі з яго маскоўскія скульптары…

Не толькі ў былой сталіцы СССР стаяць помнікі першаму касманаўту. Ёсць яны ў Калузе, Смаленску, Клушына, Люберцах, Таганрозе, Бранску, у шмат якіх іншых краінах, у тым ліку ў Чэхіі, Амерыцы, Індыі, Англіі, Узбекістане…

А Іван Паўлавіч цяпер на пенсіі. І ўзгадвае ён часам не толькі пра тое, як дабіваўся поспехаў у вялікім спорце, а і ваеннае дзяцінства.

— Мама расказвала, як мяне немец на руках насіў, калі яе і бабулю забралі ў працоўны лагер, — успамінае ён. — Вязні тады вымушаныя былі працаваць на лесапавале, сельскагаспадарчых работах. Мог бы і я паперы выправіць, што быў непаўналетнім вязнем, і грошы нейкія немцы такім плацілі. Але рабіць гэтага не стаў.

Не толькі ўспамінамі жыве цяпер Іван Федарцоў. Ён ізноў пры справах. Кладзе людзям печкі, каміны, барбекюшніцы. Клаў нават печ у лазні аднаму з расійскіх міністраў на Рублёўцы.

А яшчэ (і гэтым Іван Паўлавіч займаецца найбольш) ён прапагандуе сістэму аздараўлення.

— Мой дзед пражыў 107 год, быў знахарам, — гаворыць Іван Паўлавіч. — Лячыў людзей, жывёлу, меў вялікую энергетыку.

Бабуля Федарцова была траўніцай. Перажыўшы рэвалюцыі і войны, прайшоўшы праз нямецкі лагер, яна пражыла 96 год. Жанчына часта брала ўнука ў лес. А цяпер зёлкі збірае ён сам. Чай п’е толькі з траў - бяссмертніку, зверабою, багульніку. Але аздараўленне — гэта не толькі травы. У яго выпрацаваныя свае сістэмы харчавання, дыхання і фізічных практыкаванняў.

Можа, таму ў свае 75 год ён ні разу не звяртаўся за дапамогай да дактароў, не выпіў ні адной пілюлі, не рабіў ніводнай прышчэпкі і ніколі не хварэў! І гэта пры тым, што заўсёды сярод людзей і ад інфекцый не застрахаваны. Федарцоў водзіць аўтамабіль. І калі ў 73 гады прыйшоў у паліклініку, каб прайсці медыцынскую камісію, там вельмі здзівіліся, што ў яго няма аніякай медыцынскай карткі. А яго сённяшняя мара — арганізаваць у горадзе спаборніцтвы па культурызме і прыняць у іх удзел.

— Хутка праходзіць маладосць, хутка пройдзе жыццё. Спыніць гэты працэс немагчыма, але замарудзіць — ў нашых сілах, — лічыць Іван

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Скульптуру планавалася ўсталяваць у Маскве.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика