Марскі пехацінец, разведчык і выратавальнік Караткевіча. Невядомы Янка Брыль. 21.by

Марскі пехацінец, разведчык і выратавальнік Караткевіча. Невядомы Янка Брыль

04.08.2017 18:48 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

4 жніўня 1917 года ў Адэсе нарадзіўся Янка Брыль, у будучым — народны пісьменнік Беларусі, аўтар рамана «Птушкі і гнёзды», аповесці «Ніжнія Байдуны», суаўтар кнігі «Я з вогненнай вёскі», што сталі класікай айчыннай літаратуры. TUT.BY згадаў, як Янка Брыль змагаўся з немцамі ў складзе спецпадраздзялення, паўплываў на творчасць Святланы Алексіевіч, рызыкаваў заплаціць штраф за жонку і выратаваў Уладзіміра Караткевіча.


Янка Брыль, 1988 год

Марскі пехацінец — у палякаў, разведчык — у савецкіх партызан

Дарогамі Другой сусветнай вайны прайшлі дзясяткі, калі не сотні беларускіх пісьменнікаў. Але для большасці з іх змаганне з немцамі пачалося 22 чэрвеня 1941 года. Для Брыля — на два гады раней. Дзяцінства пісьменніка прайшло ў Адэсе, але ў 1922 годзе ён вярнуўся на радзіму бацькоў, у вёску Загор’е Карэлічскага раёна. Заходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад Польшчы.

У 1939 годзе Брыля прызвалі ў армію. Спачатку ён служыў простым жаўнерам, але неўзабаве палякі пачалі ствараць новы род войскаў - марскую пяхоту. Высокі і фактурны Янка трапіў туды без цяжкасцяў.

1 верасня 1939 года на Польшчу напалі немцы. Вермахт быў куды лепш узброены і падрыхтаваны да сучаснай вайны, чым польскае войска. Не дзіўна, што праз некалькі дзён баёў пехацінцы трапілі ў палон. Неўзабаве Брыль уцёк. Яго злавілі але другая спроба аказалася больш удалай. Восенню 1941 года ён вярнуўся дадому і нават уладкаваўся на працу ў Гістарычны музей, што працаваў у акупаваным Мінску. Але ў 1942 годзе Брыль сыйшоў у партызаны, з’яўляўся сувязным і разведчыкам. Але яшчэ доўгія гады, да таго як у 1952 годзе атрымаў Сталінскую прэмію, ён баяўся арышту за сваё «антысавецкае» мінулае.

Чатыры гады з магнітафонам

Янка Брыль, 1979 год

У шэрагу інтэрв'ю нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч называла сваім галоўным настаўнікам пісьменніка Алеся Адамовіча. Менавіта апошняму належалі дзве этапныя кнігі, напісаныя ў суаўтарстве. Разам з Даніілам Граніным Адамовіч стварыў «Блакадную кнігу», у якой запісаў успаміны людзей, што выжывалі ў блакадным Ленінградзе. Кніга так раззлавала партыйных начальнікаў, што доўгія гады не выходзіла ў ленінградскіх выдавецтвах. А да гэтага Адамовіч разам з Янкам Брылём і літаратуразнаўцам Уладзімірам Калеснікам напісаў легендарную кнігу «Я з вогненнай вёскі». Цягам чатырох гадоў яны ездзілі па вёсках, якія падчас вайны разам з жыхарамі былі знішчаны фашыстамі. Такіх населеных пунктаў, спаленых разам з людзьмі жыўцом, у Беларусі налічваецца больш за 600. На старонках гэтай кнігі з чытачамі гаварылі больш за тры сотні ацалелых людзей, чые ўспаміны творцы запісвалі на магнітафон. Па вялікім рахунку, без працы Брыля, Адамовіча і Калесніка не было б і твораў Алексіевіч (а пасля і яе Нобелеўскай прэміі).

Зрэшты, гэтая кніга не самая тыповая для творчасці Янкі Брыля. Пісьменнік справядліва лічыўся майстрам лірычнай мініяцюры. Ён пачаў ствараць іх з сярэдзіны 1960-х гадоў і пісаў іх амаль да самай смерці.

Але ці не галоўным творам Брыля можна лічыць аповесць «Ніжнія Байдуны». Як пісаў пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, «Байдуны», дзе Брыль «як нідзе і ніхто да яго дае выказацца ўсім, каго далучае да народу, нагадвае працу ўтрапёнага перакладчыка. Перакладчыка, які перастварае на мове літаратуры ледзьве не кожныя ўздых, лаянку і мармытанне, пачутыя ім некалі ў дзяцінстве і запомненыя містычным чынам на ўсё жыццё». У выніку паўстае «аўтабіяграфія, але не аўтарская, аўтабіяграфія цэлага свету, расказаная ім самім, на розныя галасы».

«Колькі харошых, цудоўных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты»

Янка Брыль. 1958 год

Пра ўплыў пісьменнікаў адзін на аднаго напісаны мноства кніг і даследаванняў. Між тым, Янка Брыль паўплываў на аднаго з класікаў беларускай літаратуры ў прамым сэнсе гэтага слова. Ён выратаваў яму жыццё. Гаворка пра Уладзіміра Караткевіча. Напрыканцы 1950-х гадоў апошні вучыўся ў Маскве на Вышэйшых літаратурных курсах. Там пачаўся раман Караткевіча з мастацтвазнаўцай Нінай Молевай. У нейкі момант пісьменнік знясілены адносінамі (Молева ўвесь час гулялася з ім нібы котка з мышкай) задумаўся пра самазабойства. Пазней ён апісаў гэтую сітуацыю ў рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі», дзе вывеў самога сябе ў вобразе Андрэя Грынкевіча.

Згодна сюжэту рамана, у апошні момант у рукі Грынкевічу трапіўся ліст ад сябра з Мінска Якуба Каптура: «…Мне цяжка гаварыць аб гэтым… Палічы сабе ты мяне бурклівым дзядзькам, палічы нават пашляком, але, слухаючы твае словы, я міжвольна думаў: колькі харошых, мілых, цудоўных, юных, разумных істот марыць недзе сустрэцца з такім чалавекам, як ты, дарагі мой дзівак, паэт, сумленны чалавек!». Менавіта ліст, а таксама клопаты аднаго з маскоўскіх сяброў выратавалі Грынкевіча ад паспешлівага ўчынку. Зараз вядома, што за псеўданімам Якуб Каптур хаваўся Янка Брыль. Больш за тое, 8 сакавіка 1960 года ён напісаў Караткевічу ліст, які з невялікімі скарачэннямі быў устаўлены ў раман! Пазней Караткевіч працягваў лічыць Брыля сваім сябрам. Іх ліставанне, якое ўжо апублікавана, сведчыць пра поўны давер, які існаваў паміж творцамі.

«А если захотите развестись, придется платить три тысячи, штраф»

Янка Брыль. 1996 год

У біяграфіі творцы была прыгожая і кранальная гісторыя кахання. Будучы пісьменнік і яго жонка Ніна Міхайлаўна былі знаёмыя са школьнай лаўкі, вучыліся разам у адной школе, жылі за паўтара кіламетра аднаго ад аднаго, разам партызанілі, а ў пераможным 1945 годзе ўзялі шлюб.

Дарэчы, Міхаіл, старэйшы Брыля, узяў шлюб з Марыяй, старэйшай сястрой Ніны Міхайлаўны. «Мая бабуля казала, што калі б была трэцяя дачка ў яе, то аддала бы замуж за каго-небудзь з братоў бацькі», — расказвала TUT.BY Наталля Іванаўна Брыль, дачка пісьменніка.

Пра сваё вяселле пісьменнік згадваў наступнае: «23 студзеня 45-га мы з Нінай распісаліся ў Міры, у загсаўскім пакойчыку ў цагляным доме райміліцыі. Уся шлюбная ўрачыстасць заключалася ў тым, што сухая i з твару панурая чыноўніца, аддаючы мне пасведчанне, сказала: «Ну вот. А если захотите развестись, придется платить три тысячи, штраф».

У якасці пачастунку маці пісьменніка прыгатавала міску вінегрэта, які елі з хатнім хлебам, і бутэльку самагонкі. Гасцей было мала, настрой — несвяточны: брата Янкі Брыля забіралі ў войска. Сваякі хваляваліся і перажывалі. Мама Ніны ў якасці пасагу падарыла маладым коўдру, падушку і «паабяцала, можа, потым якую цялушку». Жылі муж і жонка ў Міры, грошай не хапала, здымалі пакой і выкручваліся «удваіх на адной зарплаце i нячастых ганарарыках. Да картачнай яды патрэбны былі яшчэ i базарныя дровы. Палавіна мая вельмі туга прызвычайвалася да доўгіх, таўкатлівых ды сварлівых чэргаў». Матэрыяльнае становішча палепшылася толькі ў 1952 годзе, калі Брыль атрымаў Сталінскую прэмію.

Ніна Міхайлаўна сышла ў іншы свет у 2003-м. Пісьменнік перажыў яе на тры гады.

Унук — прадаўжальнік дынастыі


Ян Францішак Брыль. Фота: nn.by

Іранічныя крытыкі любяць казаць, што прырода адпачывае на дзецях і ўнуках знакамітых людзей. Пакінем па-за ўвагай этычны момант. Але згадзіцеся: услед за класікамі ў беларускую літаратуру не прыйшоў ніхто з іх сваякоў. Дзеці Якуба Коласа і Васіля Быкава, Івана Мележа і Аркадзя Куляшова выбіралі іншыя прафесіі. Бо цудоўна разумелі: канкурыраваць са сваімі славутымі сваякамі амаль бессэнсоўна. А вось сям’я Янкі Брыля стала шчаслівым выключэннем.

Наогул, у народнага пісьменніка было трое дзяцей: дачкі Галіна і Наталля, а таксама сын Андрэй. Сын апошняга, Антон Францішак Брыль, працягнуў літаратурную дынастыю. Праўда, спачатку ён скончыў матэматычны клас ліцэя БДУ і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Атрымаў ступень PhD (заходні аналаг ступені кандыдата навук) ў Трэнцкім універсітэце (Італія). Жыў у Дубліне, Цюрыху і Лондане.

Падзеяй у беларускай літаратуры стала ўжо дэбютная паэтычная кніга Антона Францішка «Не ўпаў жолуд» (2011). Спецыялісты ацанілі і пераклад на беларускую мову стараанглійскай паэмы «Беавульф». Як піша крытык Марына Весялуха, дзеда і ўнука аб’ядноўвае адна відавочная рыса: «гэта найперш удумлівасць, грунтоўнасць, вернасць сабе і свайму слову, абранаму шляху ў творчасці».

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
4 жніўня 1917 года ў Адэсе нарадзіўся Янка Брыль, у будучым - народны пісьменнік Беларусі, аўтар рамана "Птушкі і гнёзды", аповесці "Ніжнія Байдуны", суаўтар кнігі "Я з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика