У Радуні створаць парк ледавіковага перыяду з сапраўдных экспанатаў
15.08.2017 12:10
—
Новости Культуры
|
Праект па стварэнню парка амбіцыйны. Тут з’явяцца маманты, старажытныя насарогі, паўночны алень… Усё будзе высечана з каменю. Фігуркі жывёл размесцяцца сярод вялізных валуноў - сапраўдных сведкаў ледавіковага перыяду. Такія камяні ўжо сабраны. Адразу за сярэдняй школай пачынаецца дзіўны ландшафт. Гэта аснова будучага парку — музей валуноў. Так пакуль называюць гэта месца яго стваральнікі - дырэктар музея Радунскай сярэдняй школы Іван Фясенка і яго памочнікі, вучні школы — Уладзіслаў Вайткун і Сяргей Жэгждрын. Яны правялі навуковае даследаванне і склалі рэестр кожнага каменя. Прасачылі яго «лёс», адкуль ён тут з’явіўся — ад выбуху ці гэта нейкі культавы прадмет. Музей стварыўся ўсяго тры гады таму. Адпраўной кропкай стаў удзел у праграме трансгранічнага праекту, на які музей атрымаў 5 тыс. еўра. За гэты час сюды звезена больш за 30 шматтонных валуноў. Збіралі іх па ўсім Воранаўскім раёне — па палях і вёсках. Некаторыя прыходзілася ратаваць ад знішчэння, бо іх хацелі раскрышыць на друз. Да збіральнай місіі падключыліся краязнаўцы і бацькі. Пра пяць валуноў ужо былі звесткі, астатнія амаль трыццаць выяўленыя стваральнікамі музея. Аказалася, што большасць валуноў уяўлялі сабой паганскія капішчы. Жыхары вёсак не вельмі хацелі, каб ад іх забіралі гэтыя рэліквіі, гаворыць Іван Фясенка. У будучым парку хочуць зрабіць этнаграфічную пляцоўку старажытнага капішча. — Яна будзе прысвечана старажытнаму богу Роду, самаму галоўнаму ў паганскія часы, — расказвае Іван Іванавіч. — Мы агародзім валун драўляным плотам, зробім роў, камянямі выкладзем месца для агню, гэта будзе касцюміраванае відовішча. Будзе і месца для ахвярніка. Іван Іванавіч паказвае вялізны валун, які мае ўласную назву — «вілціс», што ў перакладзе з літоўскай азначае «надзея». Ёсць легенда, што ён дапамагае жанчынам ад бясплоддзя, садзейнічае таму, каб дзеткі нараджаліся моцнымі. Яго прыцягнулі з гарадзішча, дзе некалі стаяў Радунскі замак, адкуль і пачаўся населены пункт. Дарэчы, тут высветлілі, што пачатковая назва Радуні - Родынь, ад слова «род». Некаторыя і цяпер вераць, што старыя валуны маюць гаючую сілу. Кажуць, што калі сабраць ваду з каменя, ёй можна звесці барадаўкі літаральна за ноч. Звычайна ахвярныя валуны маюць паглыбленні, дзе і збіраецца вада. Такія лункі звязаны з культам ураджаю. Перад тым, як сеяць, выбівалі іх на камені, тлумачыць Сяргей Жэгждрын. На адным з валуноў можна ўбачыць сілуэт сузор’я Вялікай Мядзведзіцы, такі камень знойдзены і ў Італіі. Іх узрост вызначаецца дзясяткамі тысяч гадоў. А ёсць і такія, якім не менш за 150 тыс. гадоў. Да гэтага перыяду адносіцца і самы вялікі на тэрыторыі парка валун, вагой 15 тон. Яго ледзьве прыцягнулі кранам з суседняй вёскі. Гігант вышынёй амаль у 2 метры і па 3 метры ў шырыню і даўжыню. Хлопцы паказваюць, з якіх пародаў ён утвораны. Тут і граніт, і шпат палявы, і бачны крышталі граната. Гэты валун фарміраваўся ў Скандынавіі. Усе вывады падцверджаны навукоўцамі. Работы школьнікаў па даследаванні валуноў на конкурсе атрымалі рэспубліканскую прэмію. — Першым пачаў даследаваць Воранаўскія камяні вядомы расійскі вучоны, геолаг, мінералог Васіль Севяргін у другой палове ХVІІІ стагоддзя, — адзначыў Іван Фясенка. — Ён выявіў 12 валуноў, якія прынёс ледавік са дна Балтыйскага мора. Некаторыя знаходзяцца ў нашым парку. У нашай краіне такія валуны ахоўваюцца дзяржавай. Старажытны валун здольны пра многае паведаміць, упэўнены радунцы. Гэта не толькі гісторыя, але і інфармацыя аб тым, як фарміраваліся нетры зямлі і што яны тояць. Па словах Івана Іванавіча, у суседнім Варэнскім раёне Літвы, дзякуючы гэтым даследаванням выявілі залежы жалеза, мармуру, хрому, нікелю. Дарэчы, некаторыя камяні прывезены некалі з Літвы напрыклад, валун у выглядзе чарапахі. Ёсць тут і камень-кабан. Пакуль у парку стаяць толькі волаты-валуны. Калі тут з’явяцца каменныя постаці старажытных жывёл, сказаць цяжка, бо для іх стварэння патрэбны сродкі. Іван Фясенка апантаны гэтай ідэяй і робіць усё магчымае, каб яна здзейснілася. Але і зараз музей валуноў - прывабны турыстычны аб’ект. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праект па стварэнню парка амбіцыйны.
|
|