«Вы мяне яшчэ пашукаеце…»
02.04.2018
—
Новости Культуры
|
30 сакавіка ў Івацэвічах адбылося адкрыццё выстаўкі работ Язэпа Драздовіча, унікальнага чалавека, які апярэдзіў свой час і па рознабаковай спадчыне, якую ён пакінуў нашчадкам, заваяваў славу называцца беларускім Леанарда да Вінчы.
На пляцоўцы ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей”, у адноўленых залах, выстаўка работ знакамітага беларускага мастака, графіка і жывапісца, этнографа, паэта, археолага Язэпа Драздовіча выклікала змешаныя пачуцці. Чаму столькі часу імя гэтага чалавека было ў забыцці? А з другога боку, расла ўдзячнасць да арганізатараў выстаўкі, якія адкрылі гэтае імя для нас і паказалі, наколькі шматграннай была яго творчасць.
У складзе экспазіцыі больш за паўсотні работ. Галоўныя іх тэмы – космас, партрэты полацкіх князёў, дзеячаў Беларусі, першадрукара Скарыны, аўтапартрэт мастака... Творы мастака прадстаўлены фондамі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. “Адкрыццё выстаўкі – другі “візіт” Драздовіча і яго незвычайных работ у свет, – казаў дырэктар музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Барыс Лазука, які асабіста адкрываў выстаўку. – Першы раз унікальныя работы Драздовіча пакідалі сцены фондасховішча музея летась, калі выстаўка праходзіла ў Магілёве, а другі раз – сёння, у Івацэвічах”.
Выставачны праект праходзіць у рамках акцыі “Музей і партнёр”, і ў ёй важны сэнс: сустракацца з апантанымі людзьмі, якія зацікаўлены ў спадчыне, якія ёсць і ў малых гарадах Беларусі. Дзякуючы ініцыятыве, якая зыходзіла ад ад Івацэвіцкага гісторыка – краязнаўчага музея, Музей НАН Беларусі адгукнуўся на просьбу. Выстаўка ў Івацэвічах будзе праходзіць на працягу месяца. Барыс Андрэевіч дзякаваў, што столькі жыхароў і гасцей горада Івацэвічы прыйшлі на імпрэзу. Ён расказаў аб дзіўным, нават трагічным лёсе Язэпа Драздовіча, які родам быў з дваран, але практычна ўсё жыццё пражыў ў беднасці. Прафесійны мастак, які скончыў Віленскую школу малявання, так і не быў прыняты ў Саюз мастакоў, а пасля смерці ў 1954 годзе быў забыты на доўгія дзесяцігоддзі.
Барыс Лазука спыняўся на кожнай рабоце, а напрыканцы сустрэчы выказаў спадзяванне, што “…наш пачатак з Івацэвіцкім музеем не будзе спынены на гэтай акцыі, а будзе мець працяг. Спадзяюся, мы сплануем далейшыя дзеянні, каб змястоўныя новыя выстаўкі ўбачылі гараджане і госці, каб кожны наведвальнік мог захаваць у душы цеплыню, якую творцы ўклалі ў сваю дзейнасць”.
Дырэктар Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Раіса Горбач, якая прапанавала да ўвагі прысутных відэапрэзентацыю жыцця і дзейнасці Язэпа Драздовіча, казала пра яго: “Вечны вандроўнік – да канца не адкрыты, які сам заўважыў у сваім дзённіку 1933 года: “Вы яшчэ мяне пашукаеце…”. Яго словы сталі прароцкімі, і сёння мы шукаем карані яго творчасці, імкнёмся зразумець, што ён хацеў данесці да нашчадкаў. Сапраўды, Драздовіч – гэта глыба, якую яшчэ вывучаць і вывучаць. Яшчэ ў 1938 годзе ён пісаў: “Прыйдуць часы – і знойдуцца людзі, якія змогуць усё гэтае напісанае мною спраўдзіць. Правераць ды і напішуць – усё ж такі праўду ён пісаў. Так і ёсць…”
Пачынальнікам касмічнай тэмы называюць Драздовіча, які пакінуў больш за сто графічных работ, кнігу пра астраномію і космас у 1931 годзе. Ён абышоў пешкі ўсю Беларусь і пакінуў цудоўны збор экспанатаў для Віленскага музея, сабраў багацейшы фальклорны матэрыял, быў заснавальнікам беларускай школы, праводзіў археалагічныя раскопкі, пісаў раман, вершы… У кастрычніку споўніцца 130 гадоў з дня нараджэння гэтага ўнікальнага для Беларусі чалавека, які ўсё ім здабытае пакінуў для народа.
І школьнікі, і настаўнікі, і мясцовыя мастакі і проста пенсіянеры з задавальненнем разглядалі карціны, а таксама барэльефы з дрэва Язэпа Драздовіча і не хацелі разыходзіцца – не адпускала шчырасць мастака, яго талент. Пенсіянер Аркадзь Курыс казаў, што чуў пра мастака-дзівака, які за хлеб маляваў дыванкі людзям. “А сёння я бачу, якім скарб дастаўся нашаму народу ад яго, і мы павінны ганарыцца, што ў нас, у Івацэвічах, сёння адбылася такая знакавая падзея. Дзякуй арганізатарам за вялікую радасць знаёмства наноў з беларускім Ланарда да Вінчы” – казаў пенсіянер.
І каб вам не шукаць потым Язэпа Драздовіча – кіруйцеся ў Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. І будзе ў вас свята.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
30 сакавіка ў Івацэвічах адбылося адкрыццё выстаўкі работ Язэпа Драздовіча |
|