Калі хочаш адназначна дагадзіць свайму гледачу, то выбірай для пастаноўкі камедыю. Ужо не першы год такі выбар для традыцыйнай вясновай прэм’еры робіць народны тэатр раённага цэнтра культуры. У гэты раз яны ўзнавілі на шумілінскай сцэне п’есу вядомага англійскага драматурга Рэя Куні, адну з лепшых камедый апошніх дзесяцігоддзяў, якая ўжо была пастаўлена на шматлікіх сцэнах свету, – “№13”.
У англійскай драматургіі Рэй Куні лічыцца выдатнейшым майстрам камедыі становішчаў. У яго п’есах шмат дзеянняў, недарэчнасцяў і выпадковасцяў, якія неверагодным чынам нагрувашчваюцца адна на адну. Гледачу відавочна анекдатычнасць сітуацый, але развязку, якая абяцае быць нечаканай, ён прадчувае з задавальненнем. Артыстам народнага тэатра ўдалося зрабіць спектакль яркім, дынамічным і напружаным, чаго найперш патрабуе абраны жанр. Падзеі на сцэне змянялі адна адну настолькі імкліва, што пераказаць сюжэт даволі складана. Калі ў двух словах, то памочнік прэм’ер-міністра Рычард Уілі (Аляксандр Карнілаў) зняў нумар у атэлі для таго, каб правесці час з палюбоўніцай-сакратаршай Джэйн (Ірына Салаўёва). Яго ніколькі не насцярожыў той факт, што нумар яму патрапіў трынаццаты. Але ў далейшым мужчына меў усе магчымыя непрыемнасці, якія толькі можна сабе ўявіць, і якія можа прынесці нешчаслівае чысло.
Непрыемнасці не прымусілі сябе доўга чакаць і з’явіліся ў выглядзе мужчынскага цела (Андрэй Сомаў), заціснутага паміж фрамугамі акна, у самы “гарачы” момант. Што рабіць? Патэлефанаваць у паліцыю нельга, бо як у такім выпадку патлумачыць тое, што вядомы, і галоўнае – жанаты, палітык начуе не дома, а ў нумары з маладой сакратаршай. Значыць, ад “цела” трэба пазбаўляцца. Але ж, як? Вось гэту праблему з пераменным поспехам і рашаюць усе героі спектакля. Для кожнага з іх – гэта першы такі вопыт, таму, вядома, атрымліваецца ў іх усё даволі нязграбна, але сапраўды смешна.
Рэжысёр спектакля Таццяна Багданава даволі ўдала, на мой погляд, размеркавала ролі паміж артыстамі народнага тэатра. Палітык, які заўжды гатовы выкруціцца з любой сітуацыі, уцягнуўшы ў свае праблемы вялікую колькасць людзей, спаўна ўдаўся Аляксандру Карнілаву. Пераканаўчы ў ролі Джорджа Пігдана быў Аляксей Цімафееў, а ў ролі раўнівага мужа сакратаршы Роні – Юрый Раманаў. Нават сама рэжысёр сыграла невялічкую ролю, як вядомы майстар камедыі Эльдар Разанаў, які заўжды з’яўляўся ў кадры сваіх работ у малазначных эпізодах. І наогул, усе артысты былі арганічнымі, і на момант пастаноўкі, прымераўшы на сябе ролі герояў, ужыліся ў іх. Святлана Дземідзенка, Аляксей Пятроў, Ганна Каламіец, Аляксей Пашкевіч – усе, было бачна, атрымлівалі задавальненне ад свайго ўдзелу ў пастаноўцы.
Зрабіць спектакль аб’ёмным і яркім дапамагла работа гукааператара Арцёма Віславухава і мастака па касцюмах Таццяны Янчанкі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №32 ад 24.04.2018 г.
“№ 13” – сусветны хіт на шумілінскай сцэне Калі хочаш адназначна дагадзіць свайму гледачу, то выбірай для пастаноўкі камедыю. Ужо не першы год такі выбар для...