Заключны канцэрт пераможцаў раённага конкурсу сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся” адбыўся ў гарадскім парку раённага цэнтра ў нядзелю 13 мая і прысвячаўся Году малой радзімы.
Удзельнікамі фіналу сталі 24 выканаўцы, якіх журы прызнала лепшымі ў адборачных турах, што прайшлі ў Давыд-Гарадоцкім, Рэчыцкім і Альшанскім дамах культуры. Юныя таленты радавалі сваім майстэрствам ў вакальным, харэаграфічным, інструментальным і размоўным жанрах.
Упершыню ў фінальным канцэрце “Зорак Палесся” ў якасці гасцей выступілі вакальныя выканаўцы і танцавальны калектыў “Абісаль” з Лунінеччыны. Іх яркія выступленні былі адзначаны граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Столінскага райвыканкама.
Усе пераможцы раённага конкурсу “Зоркі Палесся” былі ўзнагароджаны дыпломамі і граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзела адукацыі, спорту і турызму, раённага камітэта ГА “БРСМ”.
Раённая газеты “Навіны Палесся” заснавала і трэці год запар уручае свой прыз аднаму з удзельнікаў заключнага канцэрта. Сёлета дыплом сімпатый і падарунак ад “НП” атрымала Юлія Скрабец — удзельніца аматарскай творчасці Рубельскага сельскага дома культуры.
Карэспандэнт інфармацыйнага партала “Медыя-Палессе” спецыяльны прыз уручыў удзельніку аматарскай творчасці Давыд-Гарадоцкага ГДК Давыду Цяцюра, які выканаў песню “Зорка Венера” на словы Максіма Багдановіча і акампаніраваў сабе на гітары.
Штогадовы конкурс сучаснага эстраднага мастацтва “Зоркі Палесся” садзейнічае развіццю і папулярызацыі разнажанравага мастацтва, павышэнню выканальніцкага майстэрства эстрадных калектываў і асобных выканаўцаў, арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі.
Галіна ГАШЧУК
Фота аўтара