Новы музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны…
У канцы красавіка 2010 года з удзелам Прэзідэнта Беларусі А.Р. Лукашэнкі на гэтым месцы на праспекце Пераможцаў у Мінску была закладзена капсула з пасланнем нашчадкам аб грозных гадах вайны і наказам берагчы памяць пра яе герояў. А ў 2014-м музейны комплекс пачаў дзейнічаць. Гэта сучасны будынак незвычайнага архітэктурнага стылю. Побач на вышыні знаходзяцца стэла “Мінск — горад-герой” і скульптура “Радзіма-маці”. Ля падножжа яе б’е фантан. Вада падае па прыступках лесвіцы прыгожым каскадам і ўнізе зноў шумяць фантанчыкі. Перад імі на пляцоўцы — фігуры салдата ў пілотцы і дзяўчыны, якая праводзіць байца на фронт. Аўтарам архітэктурнага рашэння сучаснага манументальнага будынка з’яўляецца прафесар Міжнароднай акадэміі архітэктуры Віктар Крамарэнка. Нагадаю: ён — суаўтар мемарыялу “Хатынь”, будынкаў Нацыянальнай бібліятэкі і чыгуначнага вакзала ў Мінску. Галоўны фасад музея выкананы ў форме святочнага салюта: 11 бліскучых промняў з нержавеючай сталі як напамін пра 1100 дзён і начэй акупацыі Мінска. У музеі плошчай 15 тысяч квадратных метраў — 11 залаў, якія ўзнаўляюць гісторыю нашай Беларусі і Савецкага Саюза з 20-х гадоў і да пасляваеннага часу.
Фае сустракае наведвальнікаў словамі, што напісаны залатымі літарамі: “Тут захоўваецца памяць пра тых, каму мы абавязаны жыццём”. У сярэдзіне змешчана капсула-пасланне нашчадкам. На сцяне — партрэт першага сакратара (з 1965 да 1980 гг.) Кампартыі Беларусі П.М. Машэрава, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партызанскага руху на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыя-лістычнай Працы.
У першай зале музея — “Вайна і свет” — дэманструюцца фотаматэрыялы перадваеннага часу і пачатку вайны. Аб’ёмная панарама прадстаўляе экспанаты 1941 года, два знішчальнікі І-16, гармату ўзору 1937 года, артылерыйскі разлік. Усё ў натуральную велічыню, таму ўражвае і дапамагае дакрануцца ў думках да той гераічнай і цяжкай пары. Стаіць і зялёная даваенная “палутарка”, на якіх байцы ехалі на фронт. Дарэчы, як паведаміў нам экскурсавод Андрэй, гэта машына была задзейнічана на здымках кінафільма “Доўгая дарога ў дзюнах”. Далей мы пабачылі знакаміты танк Т-34. Гістарычныя баявыя машыны — яскравыя сведкі нялёгкіх баёў і мужнасці іх кіроўцаў. Самалёты “Як” і іншых марак змешчаны ўверсе ў натуральную велічыню і выклікаюць (асабіста ў мяне) нейкае пачуццё страху: як гэта ўсё было… І захапляешся смеласцю і гераізмам савецкіх байцоў у барацьбе з ворагам. Унушальна выглядае і легендарная “Кацюша”, гармата, з якой фашысты не маглі справіцца, як ні імкнуліся.
Асобна аформлена экспазіцыя Брэсцкай крэпасці, стойкасць і мужнасць абаронцаў якой вядома сёння ўсяму свету. Далей — іншыя памятныя і знакавыя эпізоды Вялікай Айчыннай: абарона Гродна, бой ля Астрашыцкага Гарадка, змаганне на Буйніцкім полі каля Магілёва, подзвіг Льва Даватара, яркі камандзірскі летапіс пра Маршала К.К. Ракасоўскага. Дарэчы, пра гэтага выдатнага ваеначальніка, камандуючага 1-м Беларускім фронтам я неяк расказала сваёй 7-гадовай унучцы, бо яна спытала, хто такі Ракасоўскі, імя якога носіць наша вуліца ў Нясвіжы.
Велічныя экспазіцыі музея адлюстроў-ваюць усе маштабныя ваенныя дзеянні: бітвы на Курскай дузе і пад Сталінградам, жыццё ў блакадным Ленінградзе і знакамітая дарога жыцця праз Ладажскае возера. Глядзець і помніць, якой цаной дасталася савецкаму народу Перамога — да гэтага заклікае кожная экскурсія ў музеі народнай славы. Уражвае дакладнасцю і партызанская эпапея беларускіх змагароў за свабоду роднага краю: макеты зямлянак і шалашоў, палявога шпіталю, фота-здымкі вядомых камандзіраў і радавых байцоў. Самотная панарама спаленай Хатыні і спіс усіх беларускіх вёсак, знішчаных фашыстамі. Канцлагер у Драздах ля Мінска і шталаг у сталіцы, дзіцячы лагер у Дамачава, расправа з яўрэямі… Усё, што спалучыла ў сабе горкая памяць вайны.
Значнае месца займае экспазіцыя вызваленчай аперацыі “Баграціён”, у якой чатыры франты прынеслі свабоду Беларусі. У вітрыне — фота і кіцелі маршалаў К. Ракасоўскага, І. Баграмяна, іншых военачальнікаў.
Заключны этап — падпісанне акта капітуляцыі, адлюстраванае на маштабнай карціне. На другой — выява Ялцінскай канферэнцыі (нарады кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў лютым 1945 г.). Завяршае экскурсію зала Перамогі. Вялікая, светлая бела-мармуровая прастора, з яркімі вітражамі, з выявай бусла, сімвала Беларусі, над цэнтральным уваходам змешчаны ордэн Вялікай Айчыннай вайны. Па баках на сценах — спісы франтоў і гарадоў-герояў, прозвішчы Герояў Савецкага Саюза. Вянчае залу высокі купал, у цэнтры якога развяваецца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь. Усё гэта настройвае на патрыятычны лад і выклікае пачуццё гонару за нашых людзей, што набліжалі Перамогу і радасць сённяшняга мірнага часу.
Экскурсію ў музей Вялікай Айчыннай вайны для нас наладзілі настаўніца польскай школы А.М. Ярашэвіч і кіраўнік таварыства Саюза палякаў у Нясвіжы І.К. Латушка. У музеі пабывалі дзесяць юных слухачоў згаданай школы і 15 дарослых. На ўсіх паездка аказала незабыўнае ўражанне. Жыхар Нясвіжа Чэслаў Яцук прыгадаў некаторыя моманты свайго жыцця: яму было дзесяць гадоў у час вайны, давялося пабачыць яе жахі. Такое не забываецца ніколі. Гэта — трагічная і велічная гісторыя нашай Радзімы.
Раіса ХВІР.