Акцыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” пад такой назвай стартавала ў краіне пятага ліпеня. У ходзе яе старшыні і намеснікі арганізацыі павіншавалі жанчын, якія сталі мамамі ў Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
У нашым раёне такіх шчасліўчыкаў тры. Вось да іх і адправіліся старшыня Столінскай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вячаслаў Мікалавіч Шэлест, яго намеснік Ніна Лісавец і карэспандэнт “НП”. Спачатку прыехалі ў аграгарадок Альшаны, дзе ў сельскім Савеце нас ужо чакалі маладыя маці. Яны прыйшлі адразу і зарэгістраваць новых грамадзян краіны. У сям’і Аліны і Івана Сенькаўцоў Мацвей – трэцяе дзіця. Дома маці з радзільнага дома чакалі яго старэйшыя сястрычкі – шасцігадовая Крысціна і Ларыса, якой два з паловай гады. Імя выбіралі разам з мужам, які, дарэчы, не змог прыйсці на ўрачыстасць, бо застаўся дома за няньку.
А вось у сям’і Наталлі і Дзяніса Піваварэвічаў сыночак Мікалай – першынец. Імя далі ў гонар дзядулі. Сакратар сельсавета Ганна Пятроўна Васюхневіч уручыла пасведчанні аб нараджэнні, а падарункі атрымалі з рук старшыні і намесніка Столінскай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Пажадаўшы моцнага здароўя і дабрабыту сем’ям, мы рушылі па наступным адрасе – у вёску Цераблічы Рамельскага сельскага Савета. Маладая маці Наталля Паўлючук чакала нас з дачушкай Юліянай у сваім доме. Дагэтуль дзяўчына працавала ў Кароціцкай сярэдняй школе настаўнікам нямецкай мовы. Калі разам з мужам Аляксандрам даведаліся, што ў сям’і народзіцца дзіця, вельмі ўзрадаваліся. Уручыў падарунак старшыня Рамельскага сельскага Савета Пётр Васільевіч Шчучка і пажадаў сямейнага шчасця і больш прыемных навінаў. І, канечне, каб Юліяна расла бацькам на радасць.
Далучаецца да пажаданняў і наша газета.
Ганна МЕЛЬНК
Фота аўтара