"Мамзелі" і "ваўчыцы". Як у Заходняй Беларусі змагаліся з прастытуцыяй. 21.by

"Мамзелі" і "ваўчыцы". Як у Заходняй Беларусі змагаліся з прастытуцыяй

07.08.2018 18:06 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны (1919−1921) большасць насельніцтва ІІ Рэчы Паспалітай знаходзілася ў цяжкім эканамічным становішчы. Асабліва гэта тычылася Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Гэта спрыяла ў тым ліку і распаўсю­джанню крыміналу і прастытуцыі.


У адным з варшаўскіх кабарэ. Фота: novychas.by

Варшаўскія бардэлі

Сапраўдным цэнтрам «вольнага кахання» стала сталіца краіны — Варшава. Як вынік таго, што ў горадзе на Вісле знаходзіўся вялікі гарнізон кайзераўскіх войскаў. Здымаць стрэс франтавых выпрабаванняў жаўнеры прызвычаіліся ў тылавых варшаўскіх бардэлях.

Менавіта «прафесіяналкі» часоў Вялікай вайны, а таксама іх сутэнёры стаялі ля вытокаў стварэння сферы сэксуальных паслуг незалежнай Польшчы. Варшаўскія публічныя дамы размяшчаліся на вуліцах Пенкнай, Маршалкоўскай, Хмельнай, Жэлязнай. Аднак хутка ў гэты бізнэс прыйшлі новыя людзі, якія «гандаль жывым таварам» паставілі на паток.

«Гешэфт» на прастытутках

Яшчэ ў другой палове ХІХ стагоддзя яўрэйскія эмігранты з польскіх тэрыторый стварылі ў Аргенціне арганізацыю Civ Migdal, праз якую ажыццяўлялі вываз на працу маладых дзяўчат яўрэйскай нацыянальнасці з тэрыторыі Расійскай імперыі, у тым ліку і з беларускіх губерняў. Тады ў публічных дамах Буэнас-Айрэса апынулася каля 30 тысяч жанчын «з Расіі».

Актыўнасць сутэнёраў з Еўропы выклікала супраціў мясцовага крыміналітэту, аднак скінуць прышлых гандляроў прастытуткамі ў іх не атрымалася. Больш таго, з цягам часу «польскія» бізнэсмэны адкрылі свае бардэлі ў Рыа-дэ-Жанейра, Сан-Паўлу, Нью-Ёрку і іншых гарадах. Па падліках паліцыі, даход ад публічных дамоў прынёс Civ Migdal каля 50 мільёнаў тагачасных амерыканскіх долараў.

Пасля атрымання Польшчай незалежнасці бізнэсмэны працягвалі вывозіць маладых дзяўчат у «новы свет». Яны бязлітасна распраўляліся з канкурэнтамі. Так, гаспадар аднаго з варшаўскіх публічных дамоў паспрабаваў наладзіць адпраўку жывога тавару ў бардэлі Мексікі. Дзяўчат ён атрымліваў пераважна з ваколіц Наваградка. Калі пра гэта даведаліся сутэнёры з Аргенціны, яны хутка злілі канкурэнта польскай крымінальнай паліцыі.

Зрэшты, у 1930 годзе правасуддзе дабралася і да Civ Migdal. Інспектар федэральнай паліцыі Буэнас-Айрэса Хуліа Алсогарай накрыў усю вярхушку гэтай арганізацыі. У верасні таго ж года аргенцінскі суд прысудзіў 108 чалавек да вялікіх тэрмінаў зняволення.

Амерыканскі консул-сутэнёр


Карціна Ніколаўса Кнюпфера «Сцэна ў бардэлі». Каля 1650 года. Рэйксмузей. Амстэрдам. Выява: Вікіпедыя

На пачатку 1930 гадоў у адным з варшаўскіх гатэляў паліцэйскія арыштавалі грамадзяніна ЗША Маўрыцыя Баскіра. Пры ператрусе ў яго нумары былі знойдзены дзясяткі лістоў ад жанчын, да якіх былі далучаны здымкі ў негліжэ. Брэст, Вільня, Львоў, Познань, Лодзь — па адрасах гэтых пасланняў можна было вывучаць геаграфію міжваеннай Польшчы.

Але не паспелі паліцэйскія завезці Баскіра ў следчы ізалятар, як на стале начальніка паліцыі ўжо ляжаў ліст ад віцэ-консула Злучаных Штатаў Гары Хола, у якім той патрабаваў вызваліць арыштаванага і пагражаў дыпламатычным скандалам. Аднак пракурор з Нясвіжа, адкуль паходзіў арыштаваны амерыканец, не толькі не спужаўся пагроз з боку дыпламата, але і запатрабаваў выдаць з консульства пашпарты трох жыхарак Навагрудскага ваяводства, якім Баскір дапамагаў аформіць візы для выезду ў ЗША.

Хутка на адным з допытаў арыштаваны прызнаўся, што ён афармляў фіктыўныя шлюбы з маладымі грамадзянкамі ІІ Рэчы Паспалітай і вывозіў іх за акіян для працы ў публічных дамах. Паліцэйскім удалося выявіць, што амерыканец паспеў ажаніцца на 200 дзяўчынах.

Праз некаторы час дзяржаўная паліцыя затрымала злачынцу, пры якім было некалькі пашпартоў з амерыканскімі візамі за подпісам консула Гары Хола. За ім усталявалі нагляд. Аказалася, што ў Польшчу той прыехаў у 1920 годзе з місіяй Чырвонага крыжа, пазней працаваў консулам ЗША ў Рызе. Там ён пазнаёміўся з будучым кампаньёнам па крымінальным бізнэсе Маўрыцыем Баскірам.

З таго часу яны пачалі зарабляць адпраўкай дзяўчат у сэксуальнае рабства за акіян. Дарэчы, амерыканскі дыпламат падрабіў дакументы, дапамог падзельніку збегчы з польскай турмы і выехаць у Злучаныя Штаты. Пасля гэтага сам Хол таксама з’ехаў. Аднак польскія ўлады перадалі назбіраны супраць злачынцаў матэрыял амерыканскай паліцыі, і праз некаторы час абодва апынуліся ўжо ў амерыканскай турме.

Спецыяльная брыгада


Дзяўчыны ў бялізне. Фота: novychas.by

Для барацьбы з прастытуцыяй у Варшаве была створана спецыяльная брыгада Следчага аддзялення Дзяржаўнай паліцыі. Узначальвала брыгаду лейтэнант Станіслава Палеалог.

Брыгадзе ўдалося знішчыць 19 публічных дамоў, арыштаваць 55 буйных сутэнёраў. Адным з іх быў гаспадар двух буйных варшаўскіх бардэляў Ізраіль Мосак. Спачатку ён ездзіў па розных мястэчках Заходняй Беларусі і шукаў дзяўчат «для працы ў сталіцы». Справы пайшлі ў гару, і ён стаў пастаўляць прастытутак у публічныя дамы Пінска і Навагрудка. Гэта яго і згубіла. Калі з горада на Піне ў Варшаву прыехаў чарговы кур’ер за новым таварам, паліцыя арыштавала ўсіх на месцы злачынства.

Яшчэ адным буйным варшаўскім сутэнёрам быў Архіп Калашнікаў. Акрамя гандлю дзяўчатамі, ён падпрацоўваў вышыбалам у адным з бардэляў. Пасля таго калі ён на кароткі час трапіў пад следства, яго дзяўчаты паспрабавалі вызваліцца з няволі. Адна нават выйшла замуж. Але калі Архіп выйшаў з турмы, то жорстка збіў былую прастытутку, за што зноў на тры гады апынуўся за кратамі.

Працу польскіх бардэляў кантраляваў так званы сутэнёрскі суд, на чале якога стаяў Іцэк Кіфер. Гэта быў вельмі багаты чалавек, якому належалі рэстаран і дарагая кватэра ў цэнтры Варшавы. Два яго сыны таксама займаліся сутэнёрствам. Прастытуткі мелі права звярнуцца са скаргай у гэты суд, які прымаў рашэнне пакараць сутэнёра, якому належала жанчына, ці перадаць прастытутку іншаму гаспадару. Да таго ж суд змагаўся супраць канкурэнтаў, якіх проста здавалі паліцыі. Усяго ў 1930-я гады ў Варшаве працавала каля 25 тысяч прастытутак, сярод якіх было нямала і ўраджэнак Заходняй Беларусі. Іх працу кантралявалі сем тысяч сутэнёраў.

Дэталі порнаіндустрыі

Сярод путан існавала свая градацыя. Напрыклад, «мамзелямі» называлі найбольш танных дзяўчын з правінцыі, а «ваўчыцамі» — жанчын, якія палявалі на мужчын ля вайсковых казармаў. Большасць з прастытутак былі з бедных сямей, часта непісьменныя.

Аднак былі і выключэнні. У 1936 годзе ў Варшаве за злачынства судзілі княжну Ірыну Трубяцкую, якая была… гаспадыняй аднаго з варшаўскіх бардэляў. У яе «доме цярпімасці» працавалі дзяўчыны з багатых польскіх сямей. Гэта былі тыя, каму было сумна, яны шукалі нечага новага, якіх-небудзь прыгод, хаця б сэксуальных. Урэшце элітны бардэль закрыла паліцыя, а руская графіня атрымала два гады турмы.

Звычайна кар’ера путаны пачыналася ў 16 гадоў, праз пяць-восем год яе выцяснялі больш маладыя. Пасля гэтага жанчыны або змянялі сферу дзейнасці, або іх прадавалі ў бардэлі на перыферыі.

Кошт гадзіны працы прастытуткі складаў каля 1,5 злотага (за гэтыя грошы можна было набыць пяць кілаграмаў селядца, тры кілаграмы цыбулі, кілаграм ялавічыны з косткай або двойчы паабедаць у танным рэстаране). З гэтай сумы злоты ішоў сутэнёру, астатняе — жанчыне. Большая частка прастытутак хварэла на сіфіліс і іншыя венерычныя захворванні, шмат з іх сканчалі жыццё самагубствам. Дапамагаць путанам спрабавалі розныя рэлігійныя і дабрачынныя арганізацыі, але сітуацыі гэта не змяніла.


Каханкі. Фота зробленае ў падпольнай студыі. Фота: novychas.by

У Варшаве існавала некалькі падпольных фотаатэлье, якія выраблялі порнапрадукцыю, якую распаўсюджвалі па ўсёй тэрыторыі ІІ Рэчы Паспалітай. Так, у 1936 годзе вучняў адной з гімназій Гродна схапілі ў той момант, калі тыя разглядалі фатаздымкі, прывезеныя са сталіцы, для канспірацыі ўклееныя ў афіцыйны моладзевы часопіс. Дарэчы, гэтыя фатаздымкі сёння можна сустрэць на шматлікіх інтэрнэт-аўкцыёнах.

У верасні 1939 года НКУС і міліцыя, акрамя іншага, узяліся і за барацьбу з прастытуцыяй на далучаных тэрыторыях. Жанчыны лёгкіх паводзін падлягалі вывазу ў аддаленыя раёны Савецкага Саюза. Пасля 1945 года новыя камуністычныя ўлады Польшчы таксама ўзяліся за ліквідацыю прастытуцыі, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Чытайце таксама:

«Непотребством они не занимаются». Как в Беларуси в ХIХ веке контролировали проституцию

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасля заканчэння польска-бальшавіцкай вайны (1919−1921) большасць насельніцтва ІІ Рэчы Паспалітай знаходзілася ў цяжкім эканамічным становішчы. Асабліва гэта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика