Малой радзімы песняры. Вядомая паэтка са Смаргоні прадставіла сваю творчасць на фестывалі ў Эдынбургу
18.09.2018
—
Новости Культуры
|
Што (ці хто) можа звязваць Смаргонь з міжнародным кніжным фестывалем у Эдынбургу? Фестываль - адзін з самых вялікіх у свеце, ладзіцца з 1983 года, але літаратары з Беларусі ніколі не прадстаўлялі там сваю творчасць. І хіба можна было ўявіць, што першым беларусам стане чалавек са Смаргоні? Таццяна Скарынкіна прызнаецца, што падобныя думкі не наведвалі яе галаву.
Місія выканальная ![]() Тым не менш падзея адбылася. Напярэдадні амбасадар Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіона Гіб у сваім відэазвароце адзначыла: “Мне прыемна расказаць, што ў гэтым годзе ўпершыню на фестываль у Эдынбург прыедзе ўдзельніца з Беларусі. Вядомая паэтка і эсэістка Таня Скарынкіна, чыя кніга “Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі” была перакладзена на англійскую мову, і яе прэзентацыя адбудзецца падчас фестывалю. Гэта зборнік эсэ пра жыццё ў беларускім мястэчку каля літоўскай мяжы пранізаны думкамі пра сусветную літаратуру. Як шатландка, якая моцна ганарыцца фестывалем у Эдынбургу, як амбасадар у вашай цудоўнай краіне, цешуся, што Беларусь будзе такім чынам прадстаўлена на мерапрыемстве. Я жадаю Тані добра правесці час на фестывалі і спадзяюся, што прэзентацыя яе кнігі распаліць і надалей апетыт да перакладу твораў беларускіх пісьменнікаў як сучасных, так і класікаў”. Вось такую няпростую місію ўсклала на нашу зямлячку амбасадар… Кампазітар, пісьменнік, пазаштатны аглядальнік газеты “СБ. Беларусь Сегодня” Юлія Андрэева не стрымала эмоцый і ў “Фэйсбуку” пракаментавала навіну: “За апошнія дні было шмат падстаў пераканацца, што так званая “правінцыя” шмат у чым абганяе сталіцу. Вось вам яшчэ адзін прыгожы і яркі прыклад, які мне асабліва па сэрцы хаця б таму, што Смаргонь – горад для мяне неабыякавы”. Ад паэзіі да прозы Той, хто цікавіцца літаратурай, даволі даўно ведаюць Таццяну як паэтку. Вершы яна пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве. У яе літаратурнай скарбонцы – тры выдадзеныя зборнікі паэзіі. Друкавалася ў інтэрнэце і ў папяровых часопісах Беларусі, Расіі, Германіі, Украіны, Чэхіі, Польшчы, ЗША. Асобна перакладаліся на беларускую, украінскую, грузінскую, італьянскую мовы, іўрыт. “Быть может, … Фебовы, презрев угрозы, Унижусь до смиренной прозы”, - дапусціў такую думку Пушкін і неўзабаве стварыў свае цудоўныя эпічныя творы. Нешта падобнае адбылося і з нашай творчай зямлячкай. Аказалася, ад паэзіі да прозы – рукой падаць. Пачалося ўсё з напісання аповеду пра Смаргонь магічную – гэта быў своеасаблівы заказ аднаго сталічнага выдання. Пазней калегі па пяру Альгерд Бахарэвіч і Юля Цімафеева падтрымалі Таццяну: параілі і далей запісваць гісторыі мясцовых людзей і ствараць на іх аснове свае непаўторныя творы. Доўгі час аўтарка сама не магла вызначыць жанр, у якім піша. Называла свае празаічныя творы дакументальна-мастацкай прозай. Вядомы беларускі філосаф і пісьменнік, уладальнік прэміі “Залатая літара”, Валянцін Акудовіч распазнаў у іх “эсэ”. Гэты жанр, на думку мэтра, быў падзабыты, але апошнім часам стаў набіраць папулярнасць у беларускіх пісьменнікаў, і Таццяна Скарынкіна – адна з тых, хто паспяхова працуе ў гэтым кірунку.
Трыумф пачынаючага празаіка Аднойчы выдавец Ігар Логвінаў прапанаваў пісьменніцы сабраць эсэ пад адну вокладку. Кніга пабачыла свет у 2015 годзе. Неўзабаве яе намінавалі на літаратурную прэмію Ежы Гедройца: раз у год на Беларусі для ўдзелу ў конкурсе адбіраюцца лепшыя новавыдадзеныя кнігі прозы на беларускай мове, спачатку вызначаецца доўгі спіс кніг (прыкладна 12 - 14), пасля кароткі (толькі 6). Кніга пісьменніцы са Смаргоні апынулася спачатку ў доўгім, а пасля ў кароткім спісе. Для пачынаючага празаіка – гэта трыумф. - Безумоўна, я была ўсцешана тым, што мая кніга трапіла ў доўгі спіс, - прызнаецца Таццяна. - Пра кароткі я і не марыла. Па праўдзе кажучы, не надавала я сваім эсэ ні значэння, ні вагі… Свой погляд на творы Тані Скарынкінай выказаў і былы рэдактар газеты “Светлы шлях” Іван Лазута: “Сцішнай радасцю і рамантычна-светлым смуткам уражлівай душы аўтара прасякнуты гэтыя абразкі-эсэ, што надае ім паэтычную мілагучнасць і філасофскі роздум пра час і жыццё, пра чалавека і вечныя каштоўнасці. Мастацка-вобразнае ўяўленне таго, што не было, арганічна спалучаецца тут з будзённымі фрагментамі рэальнага жыцця і падаецца чытачу жывой, прыгожай народнай мовай”. З-за таго, што кніга трапіла ў кароткі спіс прэміі Ежы Гедройца, яе пачалі прэзентаваць на кніжных кірмашах. У 2016 годзе з ёй Таццяна ездзіла на кірмаш у Варшаву. У Франкфурце кніга пабывала самастойна, без аўтара. Спецыяльна для франкфурцкага кірмашу яе асобныя часткі былі перакладзеныя на англійскую мову. Пазнаёміўшыся з імі, пісьменніца і выдавец з Шатландыі Джын Фіндлі прапанавала перакласці кнігу цалкам і выдаць яе ў сябе на радзіме. Ганарар для перакладчыка знайшоўся незвычайным чынам: кніга выйграла перакладчыцкі конкурс у Лондане. Прэміі хапіла, каб заплаціць Джыму Дзінглі за якасны пераклад. У жніўні зборнік эсэ на англійскай мове апынуўся на кніжным фестывалі ў Эдынбургу. Дарэчы, напярэдадні імпрэзы, вядомы пісьменнік і крытык Алан Тэйлар, які рэдка піша хвалебныя водгукі, выказаў шмат добрых слоў у адрас беларускай аўтаркі. На прэзентацыю ў Эдынбургу сабралася шмат людзей. Сярод іх былі і нашы зямлячкі – жанчыны родам з Вілейкі і Барысава, якія даўно жывуць і працуюць у Шатландыі. “Чэслаў Мілаш” на вокладцы прыцягнуў увагу палякаў. Мясцовыя жыхары таксама актыўна цікавіліся асобай аўтара і кнігай. Аўтограф-сесія і фотасесія прымусілі пісьменніцу адчуць сябе ў Шатландыі літаратурнай “зоркай”.
Нязорная “зорка” ![]() Я задала аўтарцы некалькі пытанняў, якія тычыліся літаратуры.
Галіна АНТОНОВА. Фота з архіва Таццяны СКАРЫНКІНАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што (ці хто) можа звязваць Смаргонь з міжнародным кніжным фестывалем у Эдынбургу? Фестываль - адзін з самых вялікіх у свеце, ладзіцца з 1983 года, але літаратары з... |
|