Усе мы занятыя штодзённымі справамі. Думаем, як зарабіць грошай, як дагледзець гаспадарку, як дапамагчы дзецям. Але трэба знаходзіць час і для адпачынку. Для гэтага ў Давыд-Гарадоцкім доме культуры існуюць аб’яднанні, работа якіх была паказана ў час правядзення раённага семінара культработнікаў.
У 2002 годзе пры Доме культуры ўтварылася аб’яднанне “Гарадчаначка”, а восем гадоў таму яго кіраўніком сталаГаліна Пятроўна Цанда. “Гарадчаначку” наведваюць жанчыны, каб падзяліцца сваімі навыкамі, пагутарыць ды і проста правесці вольны час за любімым заняткам. Прысутным была паказана выстава знакамітай мастачкі Валянціны Міхайлаўны Ціхан, карціны якой знаходзяцца ў некалькіх музеях і калекцыях. З бісеру робіць іконы Валянціна Канстанцінаўна Куст, якая даўно асвоіла гэтую тэхніку. З бісерам працуе і Алена Аляксееўна Кулага, якая ў мінулым годзе пайшла на заслужаны адпачынак. Дагэтуль працавала культурным арганізатарам і праводзіла аб’яднанні па інтарэсах у Давыд-Гарадоцкім цэнтры дзіцячай творчасці. А вось яе калега Алена Канстанцінаўна Семянюк на працягу многіх гадоў ставіць тэатральныя пастаноўкі, якія нязменна выклікаюць захапленне ў гледачоў і становяцца пераможцамі розных конкурсаў. Любіць выступаць Алена Канстанцінаўна і сама. Узняў настрой яе маналог “Інструкцыя як выйсці замуж”, у якім падрабязна патлумачыла, якія мужчыны будуць самымі надзейнымі мужамі.
Жанчыны расказалі, як яны пачалі займацца творчасцю, падзяліліся парадамі і дадалі, што не важна колькі гадоў, галоўнае, каб у душы была вясна.
Вясна ў душы і ў нязменных удзельніц народнага аматарскага аб’яднання “Прамень” Валянціны Аляксандраўны Пашкевіч і Аляксандры Рыгораўны Семянюк. Калісьці іх пасябравала песня і дагэтуль яны заўсёды разам. А іх сцэнічным касцюмам, якія Валянціна Аляксандраўна робіць сама, можа пазайздросціць нават Мікалай Баскаў.
Гарадчучкі заўсёды былі і ёсць цудоўныя гаспадыні. Таму на базе Дома культуры існуе кулінарнае аб’яднанне “Хозяюшка”, у якім дзяўчаты дзеляцца рэцэптамі самых розных страў як народных, так і сучасных.
Конкурс на лепшую гаспадыню прайшоў у час семінара. У ім прынялі ўдзел работнікі гарадской бібліятэкі Ганна Немчанка, Ларыса Коўка, Таццяна Стахейка. Патрэбна было навобмацак вызначыць, якая крупа ў торбачках, хутка памыць посуд і перабраць гарох. А яшчэ дзяўчаты спецыяльна прыгатавалі некалькі страў для гасцей, сярод якіх традыцыйная гарадоцкая страва “Госці на парозе”.
У паўзах паміж конкурсамі выступілі з песнямі Алена Жыліне і Аксана Цывіс, якія з’яўляюцца ўдзельніцамі студыі эстраднай песні “Каліна”. Яе кіраўнік – дырэктар Дома культуры Уладзімір Міхайлавіч Шыкунец. Разам з прысутнымі ён правёў гульню “Брэдалогія”, у якой трэба было вызначыць, якія насамрэч існуюць вёскі, адценні колераў, лекаў. Дарэчы, яна вельмі папулярная ў наш час сярод падлеткаў. Зацікавіць гэтую катэгорыю не надта лёгка, таму ў Давыд-Гарадоцкім доме культуры існуе аб’яднанне “Падлетак”, удзельнікамі якога з’яўляюцца вучні школ розных узростаў. Аматараў фота- і відэаздымак збірае “Ракурс”, якім кіруе Валянцін Шасцюк. Таксама пры Доме культуры існуе аб’яднанне для прыхільнікаў сучаснай музыкі, узначальвае якое Іван Крапец.
Дзверы Дома культуры заўсёды адчынены для тых, хто хоча правесці свой адпачынак з асалодай. Далучайцеся і вы, паважаныя чытачы!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота
Аўтара