У Віцебскай абласной філармоніі ў VIII раз прайшоў абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі І. А. Серыкава. Удзел у ім прыняла старэйшая група ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Лялькі” ДУК “Верхнядзвінскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.
Конкурс адбываецца адзін раз у два гады і прысвечаны вядомаму балетмайстру заслужанаму дзеячу культуры Беларусі І. А. Серыкаву. Яго мэта – захаваць беларускія народныя танцавальныя кампазіцыі. Іван Серыкаў збіраў, апрацоўваў, захоўваў матэрыялы, садзейнічаў раз-віццю музыкальна-песеннага, танцавальнага фальклору Віцебшчыны. Цяпер творцы зберагаюць яго багатую харэаграфічную спадчыну.
У філармоніі сабралася 800 танцораў з 40 калектываў народна-сцэнічнага, эстраднага танца са званнем “народны” і “узорны”. Конкурс праходзіў па трох намінацыях. Узорны харэаграфічны калектыў “Лялькі” пад кіраўніцтвам Людмілы Гуйда заняў адразу тры прызавыя месцы! Салісты Цімур Івашкевіч, Ганна Дубовік, танцоры Ксенія Пятніца, Аліна Рыжая, Альвіна Замковіч, Дар’я Паршута, Ганна Рубель, Ілля Скавародка, Захар Сіняўскі, Цімафей Івашкоў, Кірыл Шульга, Ігнат і Анастасія Зубрыцкія атрымалі высокія адзнакі журы.
У намінацыі “На лепшую новую балетмайстарскую пастаноўку беларускай накіраванасці” верхнядзвінцы выканалі прыгожы сюжэтны танец, аўтарам якога з’яўляецца кіраўнік калектыву Людміла Гуйда, і сталі лаўрэатамі першай ступені!
У намінацыі “На лепшы народны танец, у якім павінна быць адлюстравана нацыянальная тэматыка і матывы” верхнядзвінскі калектыў стаў лаўрэатам другой ступені. “Лялькі” выдатна выканалі руска-казацкі танец “Возле речки, возле моста”.
У намінацыі на лепшае выкананне аўтарскіх танцаў заслужанага дзеяча культуры Беларусі І. А. Серыкава калектыву прысуджана трэцяе месца за іскрамётную “Віцебскую польку”.
— Гэта нечаканая, і ад таго тым больш прыемная перамога, — дзеляцца ўражаннямі ўдзельнікі конкурсу. – Хаця часу на падрыхтоўку было няшмат – зусім нядаўна змаглі парэпетыраваць на абноўленай да “Дажынак” сцэне РЦКНТ.
Гэта значная, але далёка не апошняя перамога ўзорнага калектыву. Пажадаем артыстам поспехаў і новых дасягненняў! Ксенія ЯРАШЭВІЧ.
> У Віцебскай абласной філармоніі ў VIII раз прайшоў абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў “Прыдзвінскія карункі”, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння...