Незвычайна прыгожая выстава, якая стварае казачную атмасферу зімовых святаў, працуе ў Музеі Беларускага Палесся. 21.by

Незвычайна прыгожая выстава, якая стварае казачную атмасферу зімовых святаў, працуе ў Музеі Беларускага Палесся

01.12.2018 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

кракаўскія калядныя батлейкі
Незвычайна прыгожая выстава, якая стварае казачную атмасферу зімовых святаў, працуе ў Музеі Беларускага Палесся. На ёй прадстаўлены кракаўскія калядныя батлейкі. Арганізатарамі выступілі Гістарычны музей горада Кракава, Генеральнае консульства Рэспублікі Польшча ў Брэсце, Польскі Інстытут у Мінску.

Напярэдадні навагодніх і калядных святаў наведвальнікі музея атрымалі магчымасць здзейсніць падарожжа ў дзівосны свет гісторыі кракаўскіх батлеек, у атмасферу цеплыні і радасці ад знаёмства з прыгожым.

Кракаўскія батлейкі – гэта багата аздобленыя сцэны Божага Нараджэння з архітэктурнай спасылкай на адметнасці Кракава. Стылёвая разнастайнасць кракаўскіх касцёлаў стала для стваральнікаў батлейкі крыніцай натхнення. Гэта форма батлейкі сфарміравалася ў 19 стагоддзі. Каб не дапусціць знікнення батлеечных традыцый, у 1937 годзе на кракаўскім галоўным рынку, ля падножжа помніка Адама Міцкевіча, быў арганізаваны першы конкурс кракаўскіх батлеек. Ён праходзіць штогод да сённяшняга дня і вылучаецца надзвычайнай рэлігійнай, мастацкай, патрыятычнай і гістарычнай каштоўнасцю. На выставе ў Пінску прадстаўлены 15 батлеек з фондаў кракаўскага музея, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды гэтага традыцыйнага конкурсу.


кракаўскія калядныя батлейкі (15)
Кракаўская батлейка – гэта фантазійная кампазіцыя, якая гарманічна спалучае характэрныя элементы кракаўскіх архітэктурных помнікаў. Найбольш кідаюцца ў вочы высокія, спічастыя вежы і барочныя купалы. Адметнасцю кракаўскіх батлеек таксама з’яўляюцца сцэны з персанажамі.

Галоўныя героі – Святая Сям’я: Марыя, Юзаф і Іісус у ясельках. Іх суправа-джаюць пастухі, тры Каралі, што прыйшлі да Хрыста з дарамі. На вышэйшых узроўнях можна ўбачыць анёлаў, на ніжэйшым – Смерць, Д’ябла, Габрэя, Цыгана з мядзведзем, Чараўніцу. Гэта героі-удзельнікі абраду калядавання, які суправаджае святкаванне Божага Нараджэння.


кракаўскія калядныя батлейкі (6)

кракаўскія калядныя батлейкі (13)
Разам з легендарнымі і казачнымі асобамі ў кракаўскіх батлейках прысутнічаюць гістарычныя асобы, палітычныя дзеячы, вучоныя, святыя. Напрыклад, паўстанец Тадэвуш Касцюшка, маршал Юзаф Пілсудскі, астраном Мікалай Капернік, палітык Лех Валенса, апякун Польшчы святы Станіслаў. Асаблівае хараство надаюць батлейцы пары кракавянаў у нацыянальных касцюмах, фігуркі музыкантаў і жандараў. Трапляюцца нават фігуркі дырэктара музея і саміх батлейшчыкаў, што нясуць свае творы на конкурс.


кракаўскія калядныя батлейкі (5)

кракаўскія калядныя батлейкі (4)
Некаторыя батлейкі маюць сучасныя і складаныя механізмы, а таксама ўбудаваныя музычныя рашэнні, з якіх гучаць кракаўскія мелодыі або найбольш папулярныя калядныя песні. Згодна з традыцыяй, колеры батлеек адпавядаюць гарсэту кракаўскага народнага строю: пераважаюць золата, чырвоны і сіні колеры. Асноўны матэрыял, з якога выконваецца батлейка, – драўніна або фанера. Астатнія элементы выконваюцца з кардону, які абклейваецца каляровай фальгой. Батлейшчыкі выкарыстоўваюць для ўпрыгожвання сваіх твораў стужкі, пайеткі, пацеркі і самую розную фурнітуру.


кракаўскія калядныя батлейкі (2)

кракаўскія калядныя батлейкі (1)
Для навучэнцаў малодшых класаў школ горада Пінска 16 лістапада былі арганізаваны майстар-класы па батлейцы. Госць з Польшчы, майстар Філіп Фатамайчык, які сам рэгулярна ўдзельнічае ў конкурсе батлеек, распавёў дзецям пра іх гісторыю і традыцыі, а таксама расказаў пра этапы стварэння кракаўскай батлейкі. Школьнікі слухалі майстра з захапленнем і цікавасцю.


кракаўскія калядныя батлейкі (12)
На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічалі ганаровыя госці з Польшчы, прадстаўнікі Гістарычнага музея горада Кракава, Польскага Інстытута ў Мінску, супрацоўнікі Пінскіх райвыканкама, гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў, выкладчыкі і навучэнцы Пінскай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага, інтэлігенцыя. З задавальненнем прысутныя пазнаёміліся з прыгожымі, рознакаляровымі работамі аўтараў, захапляліся іх фантазіяй, творчымі задумкамі, разглядалі філігранна зробленыя маленькія дэталі і яркія элементы ўпрыгожванняў батлеек. Кожная з іх – асобны твор мастацтва! Усе наведвальнікі атрымалі вялікую асалоду ад выставы.

Спяшайцеся ў музей – экспазіцыя будзе працаваць да9 снежня.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика