Пачаліся чароўныя калядныя дні. Мы заўсёды чакаем ад іх нейкага асаблівага настрою, марым аб здзяйсненні жаданняў. Ды недзе ў душы, далёка-далёка, усё ж такі верым у цуд.
Нашыя продкі таксама з нецярпеннем чакалі Калядаў і таксама спадзяваліся. Як і мы зараз. Толькі вось традыцыі святкавання былі крыху іншымі, чым сёння. Зараз у нашай культуры змяшалася вельмі шмат розных плыняў.
Гэтага свята чакалі, да яго рыхтаваліся, таму і спраўлялі заўсёды шумна і весела. Вось і супрацоўнікі Дубровенскай дзіцячай бібліятэкі з радасцю прынялі ўдзел у святкаванні Каляд разам з вучнямі малодшых класаў сярэдняй школы №1 г.Дуброўна. Свята “Прыйшла Каляда” пачалося з вельмі цікавай віктарыны, у якой Гаспадыня апытвала маленькіх гасцей, каб даведацца, наколькі знаёмы яны з традыцыямі народнага свята, а таксама прапанавала ім некалькі калядных заданняў.
Так, дзеці ўспомнілі, што на Каляды галоўнай стравай была куцця — каша, якую гатавалі з ячных круп, а галоўнай гераіняй «класічнага калядавання» была каза — сімвал урадлівасці.
І як жа ж на Калядкі, ды без калядоўшчыкаў? Дубровенскія калядоўшчыкі (удзельнікі фальклорнага калектыву «Кудзеліца») з’явіліся ў дзіцячай бібліятэцы з гучнымі песнямі і святочным прадстаўленнем. Тут былі і каза, і мядзведзь, і цыганка, і сімвал новага года — свіння, якія забавілі прысутных сваімі жартамі, весялосцю і пацешнымі гульнямі, у якіх вучні з радасцю прымалі ўдзел.
Напрыканцы калядоўшчыкі прапанавалі маленькім гледачам пачастунак — духмяныя бліны, якія мог паспрабаваць кожны жадаючы.
Цікава і насычана адзначылі пачатак новага года ў дзіцячай бібліятэцы, прадэманстраваўшы традыцыі калядавання ў нашай мясцовасці, прыцягваючы да ўдзелу ў святочных абрадах і маладое пакаленне Дубровеншчыны.