Ішоў 1983-і год. Былая партызанка Аляксандра Гаўрылаўна Мельнікава прапанавала стварыць з несвіжан, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, хор. Яе падтрымаў тадышні старшыня гарсавета Уладзімір Пятровіч Гуль, таксама чалавек неабыякавы, энтузіяст. Іх старанні ўвянчаліся поспехам — жадаючых спяваць аказалася нямала. А.Г. Мельнікава кіравала хорам. Жыццё ветэранаў набыло новы сэнс. З якой ахвотай збіраліся мужчыны і жанчыны з ордэнамі і медалямі на грудзях на рэпетыцыі ў раённы Дом культуры! І так было прыемна ўсім, калі суладна загучалі першыя і другія галасы, і палілася песня, што аб’яднала настаўнікаў, урачоў, служачых.
Самадзейныя артысты пачалі выступаць на раённых святах. І незабыўная “Ой, бярозы ды сосны” шчымлівай ноткай напамінала пра іх апаленую вайной маладосць. Слухачы з павагай глядзелі на маладых душой і сэрцам спевакоў: Георгія Афанасьевіча Халецкага, Надзею Мікалаеўну Арсеньеву, Антаніну Міхайлаўну Лук’янаву, Мікалая Мікалаевіча Падгайскага, Міхаіла Ігнатавіча Карвігу, Пятра Захаравіча Ганчарыка, Марыю Яўсееўну Антоненка, Пятра Мікалаевіча Трафімава, Сяргея Фёдаравіча Філімонава, Барыса Афанасьевіча Сасноўскага і іншых.
Шмат гадоў спявалі ў хоры старшыня раённага таварыства інвалідаў Г.А.Галабурда і несвіжанка Н.М.Чыжэўская.
Гучалі, звінелі песні, беглі месяцы, міналі гады. На жаль, паціху адыходзілі з жыцця ўдзельнікі хору ветэранаў вайны. Прыйшлі новыя людзі, якія прынялі музычную эстафету ад старэйшага пакалення і прадоўжылі яго традыцыі. Кіраўніком калектыву стаў настаўнік музыкі і спеваў Нясвіжскай СШ №1 Валерый Цыганкоў, які, да таго ж, пісаў свае песні. Адна з іх — “Перадваенны вальс” — і сёння ў рэпертуары калектыву. Гэта з яго лёгкай рукі хор атрымаў назву “Аптымісты”. Дванаццаць гадоў ён быў з намі, за гэты час адбылі-ся шматлікія канцэрты. Дзякуючы яго намаганням, мужчынская група хору атрымала Дыплом за лепшае выступленне на рэспубліканскім конкурсе Беларускага таварыства інвалідаў, які праходзіў у Віцебску ў рамках “Славянскага базару” ў 2009-м годзе.
Цяпер гэта — хор ветэранаў працы. Кіруе ім таксама прафе-сіянал — Ірына Казіміраўна Латушка, якая мае цудоўны голас, умела падбірае рэпертуар, імкнецца давесці выкананне калектыву да вышынь вакальнага майстэрства. Значны ўклад у агульную справу ўносіць акампаніятар А.В. Гапановіч.
“Аптымісты” не абмяжоўваюцца выступленнямі ў раённым цэнтры культуры. Геаграфія іх гастрольных выездаў даволі шырокая: вёскі раёна, канцэрты ў гарадскім парку, у Нясвіжскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў. Дарэчы, у апошнім яны — частыя госці, і жыхары дома-інтэрната сустракаюць і праводзяць артыстаў з радасцю. А гэта дарагога варта. Чакаюць нас і ў Гарадзейскай гарадской бальніцы пацыенты сацыяльных ложкаў, для якіх кожнае выступленне “Аптымістаў” — нібы свята.
Група хору прымала ўдзел у адным са свят нацыянальных культур у Гродне, у абласным свяце, прысвечаным Дню Перамогі, што ладзілася ў г.п. Чысць Маладзечанскага раёна. Гледачы заўсёды прымаюць хор з цеплынёй, дружнымі апладысментамі, пакідаюць удзячныя водгукі ў кнізе, дзе занатоўваецца ўся гісторыя калектыву. Дарэчы, шмат гадоў у яе ўносіць запісы нязменная вядучая хору Ганна Іосіфаўна Ярмалінская, асоба ў высокай ступені неардынарная і энергічная. Яе няўрымслівая натура заўсёды ў пошуку новых ідэй, яна ўмела наладжвае выезды ў рэгіёны. Дзякуючы яе старанням, мы двойчы выступалі на радзіме Якуба Коласа — у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. А вось урывак падзякі ад кіраўніц-тва гэтай установы: “Мастацкая праграма, прадстаўленая вамі, сведчыць пра ваш прафесіянальны гонар за нас, беларусаў. Іменна вы, паважаныя ветэраны працы, лечыце душы тых пажылых людзей, якія маюць у гэтым патрэбу, дорыце цяпло і дабрыню.”
Сяброўска-творчыя сувязі Г.І. Ярмалінская наладзіла і з хорам г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці, які прыязджаў у Нясвіж з канцэртам. А праз колькі часу хор ветэранаў працы “Аптымісты” г. Нясві-жа выехаў у Ганцавічы з канцэртнай праграмай.
Неяк на свята абаронцаў Айчыны мы выступілі у Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Перад канцэртам хваляваліся: ці будзе слухаць пажылых людзей моладзь? Трывога аказалася дарэмнай: навучэнцы прынялі ўсе песні, асабліва ім спадабаліся “Афіцэры” і “Снег кружыцца”. Яны нават падпявалі нам. Калектыў хору таксама часты госць у школах горада і гімназіі. Завіталі “Аптымісты” з канцэртам і на Нясвіжскі хлебазавод. Пачулі шмат удзячных слоў. Вядома, не дзеля падзяк спяваюць пажылыя людзі, а дзеля духоўнага росту і жадання быць патрэбнымі, прыносіць мінуты добрага настрою і пазітыву. Такім лейтматывам прасякнуты ўсе канцэрты. Памятаю, аб гэтым гаварылі гледачы і госці на юбілейным канцэрце хору, 30-годдзе якога шырока адзначалася ў раённым цэнтры культуры восенню 2013-га года. У апошнія гады “Аптымісты” наладзілі сяброўскія сувязі з суседзямі: Клецкім раённым аб’яднаннем “Школа залатога ўзросту”, пабывалі ў іх з канцэртам і віталі калег у Нясвіжы. Аберкаванне агульных тэм, абмен вопытам — усё гэта патрэбна людзям, нераўнадушным да жыцця, якія стараюцца зрабіць яго цікавым і напоўненым. Залетась на абласным свяце, прысвечаным Дню Перамогі, якое праходзіла ля Кургана Славы, мы выступалі на адной пляцоўцы з народным аматарскім аб’яднаннем “У коле сяброў” з Жодзіна і вырашылі абмяняцца канцэртамі. Яны прыязджалі ў Нясвіж. Затым несвіжане пабывалі з візітам у адказ. Нам арга-нізавалі экскурсію па горадзе аўтамабілебудаўнікоў, мы паглядзелі славутыя БелАЗы, выступілі з канцэртам. Прыём быў цёплы, і абодва бакі засталіся задаволеныя. Добра ведаюць і сардэчна прымаюць “Аптымістаў” і ў РУП “Доследная навуковая станцыя па цукровых бураках”.
У рэпертуары хору ёсць патрыятычныя, лірычныя, духоўныя і жартоўныя творы на беларускай, рускай, украінскай і польскай мовах. Незабыўным было выступленне калектыву ў 2013-м годзе перад прадстаўнікамі “Таварыства несвіжан” з Польшчы, што прыязджалі да нас на Дзень горада. Госці пакінулі кранальны запіс-падзяку ў кнізе водгукаў. Прафесар Тадэвуш Грыгель выказаўся коратка: “Я шчаслівы, што сёння разам з вамі, дарагія несвіжане.”
Удзельнікі хору адданыя песні. Самы старэйшы з іх — М.У. Сарычаў — мае 89 гадоў. Ён з задавальненнем ходзіць на рэпетыцыі, выступае, прытым — саліруе. Даўно стала “аптымісткай” Г.А.Бянькоў-ская, якая яшчэ і чытае гумарэскі.
— Я ўжо пятнаццаць гадоў спяваю, — гаворыць яна. —Люблю песні, лю-дзей, люблю бываць у розных калектывах. Дома было б сумна, а тут няма калі сумаваць.
У свой час закончыла музычна-літаратурны факультэт педінстытута імя Горкага С.У. Лях, якая, жывучы ў Лявонавічах, спявала ў народным хоры. Цяпер яна — несвіжанка і ўжо дзесяць гадоў у “Аптымістах”. Што прыцягвае сюды?
— Песні прыносяць мне вялікае задавальненне, я магу раскрыць у іх душу. А спяваю з дзяцін-ства, і без гэтага цудоўнага занятку ўжо не ўяўляю жыцця.
Даўно ўліліся ў калектыў саліст і аўтар песень Б.В. Вятлугін, а таксама Т.Я. Зубрыцкая, Л.Ю. Ды-кіна, Н.С. Сінішова, Я.П. Случак, В.К. Раманчук. Галасістыя ў нас (г.зн., маюць першы голас) Т.П. Сіраш, Б.В. Наркевіч, Т.П. Русак. Свой уклад у песенную справу ўносяць Я.А. Златкус, В.А. Мітракова. Ёсць у калектыве і навічкі: Н.В. Раманчук, М.М. Петручэня, Н.М. Хлябковіч. А ўвогуле на сённяшні дзень нас у “Аптымістах” 22 чалавекі. Наперадзе — новыя песні і паездкі, цікавыя сустрэчы, магчымасць быць сярод людзей і дарыць ім сваёй творчасцю добры настрой.
Сёння ў Нясвіжскім раённым цэнтры культуры адзначаецца 35-годдзе хору ветэранаў “Аптымісты”. Зноў будуць гучаць задушэўныя песні, гумарэскі, цёплыя словы віншаванняў.
У гэтым ачагу культуры раней збіраліся на рэпетыцыі і канцэрты нашы папярэднікі. Цяпер прыходзім сюды мы. А пасля нас спяюць, магчыма, нашы дзеці і ўнукі. Бо песня застаецца з чалавекам назаўжды.
Раіса ХВІР,
удзельніца хору ветэранаў працы г. Нясвіжа
“Аптымісты”.
На здымках: хор ветэранаў вайны выступае ў гарадскім парку. 1997 год.
Фота з фондаў Нясвіжскага гісторыка-краязнаўчага музея.