Памяці маэстра: Аляксандр Дзяруга. Самародкі
13.02.2019
—
Новости Культуры
|
Селф мэйд (у перакладзе з англійскай мовы – сябе зрабіў). У сучасным свеце так называюць людзей, якія дабіліся поспеху самастойна, без дапамогі іншых. Яны мэтанакіраваныя і заўсёды даводзяць пачатую справу да канца. Мне здаецца, што гэты выраз добра характарызуе Дзяругу.
Хаця многія лічаць, што на фарміраванне асобы Аляксандра Анісімавіча моцны ўплыў аказала сям’я яго жонкі Надзеі Капусцінскай. Яе бацька Кастусь Іванавіч быў адвакатам (скончыў юрфак Варшаўскага ўніверсітэта), пісаў вершы, музыку, граў на скрыпцы, быў заўзяты пчаляр і садавод. У 1937 годзе Капусцінскія (у тым ліку і Дзяруга, ён ужо быў жанаты) пераехалі з Вільні ў Смаргонь, купілі хату на вуліцы Танкістаў – да вайны гэту вуліцу называлі Мядзвецкай. Гонарам сям’і быў прадзед Надзеі – протаіерэй, настаяцель царквы ў Залессі, айцец Ігнат Ігнатовіч. Але калі падумаць… Хіба звычайны хлопец мог зацікавіць дзяўчыну, якая ўзрастала ў такой высокадухоўнай атмасферы? Дзяруга не быў звычайным. Дзяцінства ў Сашы было цяжкім. Яго бацька рана памёр, пакінуўшы жонку з пяццю дзецьмі. З юнага ўзросту хлопец сам станавіўся на ногі. Ён скончыў польскую гімназію, а пасля - беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. Інтэлігентны малады чалавек спадабаўся гімназістцы Надзеі, якая пазней стала яго жонкай. Увайсці ў дом Капусцінскіх – гэта быў, напэўна, падарунак нябёсаў за тыя цяжкасці, якія Дзяруга перажыў у юным узросце. Часам мне здаецца, што Дзяруга быў самародкам. Музычнай адукацыі не меў, а вучыў дзяцей спяваць і граць на музычных інструментах, кіраваў аркестрам. Мастацкай вучэльні не заканчваў, а рабіў сапраўды мастацкія фотаздымкі. У дыпламаваных псіхолагаў не вучыўся, а быў псіхолагам ад Бога. І педагогам таксама. З музыкі хлеб невялікі? Напэўна, мала хто ведае, што ў дзяругінскім хоры быў хлопчык-самародак. Галасістага Мішу Лазара настаўнік адразу вылучыў сярод аднакласнікаў. На пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя школа ў Смаргоні была адна, працавала ў тры змены. Таму рэпетыцыі хору кіраўнік праводзіў у сябе дома на вуліцы Танкістаў. Па вечарах. Міша жыў далекавата ад Дзяругі, і бацькі былі не ў захапленні ад таго, што дзіця пацямну ходзіць на спевы. Дзяруга не мог дапусціць, каб хор згубіў самародка, таму моцна прасіў бацькоў не замінаць развіццю таленту. Ён гаварыў настолькі пераканаўча, што бацькі Мішы не змаглі яму пярэчыць.
Праз год, у 1952, дванаццацігадовы саліст хору Міша Лазар удзельнічаў у абласным аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці. Спяваў песню “Гулял по Уралу Чапаев-герой”. За яе выкананне атрымаў грамату. Смаргонскія хлопцы. У першым радзе Міша і Шура ЛАЗАРЫ. 1954 г. Неўзабаве хлопца чакала яшчэ адно важнае выступленне – рэспубліканскі агляд мастацкай самадзейнасці сярод піянераў. Мінск. Спартыўны комплекс “Стайкі”. Адзін нумар змяняў другі. Падышла Мішава чарга. Калі хлопчык закончыў выступаць, нечакана спынілі канцэрт. Саліст моцна здзівіў журы сваім выканальніцкім майстэрствам. Дзеячы культуры цікавіліся, адкуль ён, колькі гадоў мае. “Падыходзіць час мутацыі голасу, вам трэба будзе памаўчаць, паберагчы голас”, - такі вердыкт вынеслі прафесіяналы. А праз тыдзень у Смаргоні з’явіўся ЗІМ (савецкі шасцімесны, шасціаконны седан). Ці бачыў горад тады такія аўто? Наўрад ці. На ім прыехалі важныя людзі з Масквы з прапановай забраць Мішу ў хор Аляксандра Свешнікава. Крыху пазней хлопчыка звалі ў Мінск, у школу адораных дзяцей пры кансерваторыі. Бацькі не адпусцілі Мішу ні ў Маскву, ні ў Мінск. Сям’я жыла небагата. Думка пра тое, што музыка і спевы могуць прынесці ў дом дастатак, здавалася непраўдападобнай. Тады лічылася, што з музыкі хлеб невялікі. Бацька працаваў на чыгунцы, а ў вольны час граў на вяселлях. Быў добрым баяністам, любіў спяваць, але быў упэўнены, што гэта не больш, чым забава, а рубель у сям’ю можа прынесці толькі фізічная праца. Вось так Дзяруга не згубіў свайго галоўнага саліста. А праз некаторы час займеў яшчэ і выдатнага танцора. У 1955 годзе Міша стаў удзельнікам танцавальнай групы. Кіраваў танцорамі Яўген Хацілоўскі. Разам з Дзяругам яны рыхтавалі цудоўныя праграмы, якія прадстаўлялі і ў маленькіх вёсках, і ў вялікіх гарадах.
Вучні СШ №2 - удзельнікі мастацкай самадзейнасці. Уладзімір КЛЯБАНАЎ (у цэнтры) - дырэктар школы. Сакрэт сямейнага даўгалецця Дзяруга быў ідэйным натхняльнікам і арганізатарам не толькі культурных дзіцячых святаў, але і спартыўных спаборніцтваў. Дзеці, якія наведвалі рэпетыцыі, актыўна ўдзельнічалі і ў спартыўных мерапрыемствах. Дзетвара спаборнічае – Аляксандр Анісімавіч з секундамерам стаіць.
Пасля заканчэння школы Міша Лазар паступіў у Бярэзінскае рамеснае вучылішча. Атрымаў “зямную” спецыяльнасць, хлебную, як лічылі бацькі, стаў электраслесарам. Але сцэну не пакінуў. Па-ранейшаму спяваў і танцаваў, удзельнічаў у святах, адстойваў гонар Смаргоні на конкурсах мастацкай самадзейнасці. Выступленне агітбрыгады перад жыхарамі вёскі Стрыпуны. Пачатак 70-х гадоў. Напачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў Смаргоні арганізавалі ансамбль песні і танца імя Агінскага. Міхаіл быў удзельнікам гэтага калектыву. Танцаваў на сцэне да сарака гадоў, а спяваў – да шасцідзесяці. Жонку сабе абраў таксама са сцэнічнай біяграфіяй. А як жа інакш – чалавека, улюбёнага ў мастацтва, можа зразумець такі ж самы фанат сцэны. Соф’я Іванаўна больш за трыццаць гадоў аддала развіццю культуры ў Смаргоні, была дырэктарам ДК, намеснікам загадчыка аддзела культуры райвыканкама. Цудоўна дэкламавала вершы, вяла многія святочныя імпрэзы, спявала ў хоры. Дваццаць гадоў загадвала аддзелам культуры райвыканкама, пакуль не пайшла на заслужаны адпачынак. Сямейнаму саюзу Лазараў – пяцьдзясят пяць гадоў. Іх аб’яднала любоў да музыкі, спеваў, танцаў. Тое, што так любіў Дзяруга. Што стала галоўным сакрэтам іх сямейнага даўгалецця. Галіна АНТОНАВА. Фота з сямейнага архіва Міхаіла ЛАЗАРА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Селф мэйд (у перакладзе з англійскай мовы – сябе зрабіў). У сучасным свеце так называюць людзей, якія дабіліся поспеху самастойна, без дапамогі іншых. Яны... |
|