Тусоўкі ў хатах і пацалункі ў студыі. Як глухі фатограф здымаў беларускую правінцыю
21.02.2019 13:22
—
Новости Культуры
|
Восенню 2018 года фатограф Сяргей Лескець набыў на аўкцыёне старую стужку, на якой былі захаваныя сцэны з жыцця беларускай вёскі 1970-х. Сяргей пачаў «паляванне» на такія архівы, яно мела поспех. Пра сваю новую знаходку — фотаздымкі вяселляў, якія праходзілі ў далёкія брэжнеўска-машэраўскія часы, Лескець распавёў TUT.BY.
Па словах Сяргея, у пошуках архіваў ён пакінуў некалькі аб'яў у інтэрнэце. — Напярэдадні Новага года на маю абвестку адказаў Антон Осіпаў са Старобіна. На гарышчы дома, які ён купіў сабе пад лецішча ў вёсцы Лецянец Салігорскага раёна, знайшоўся невялікі пакет са стужкамі. Антон паведаміў, што іх там болей за 80 штук і ўсе пераважна з вяселляў. Па ўпакоўцы ад стужак можна было вызначыць, што яны былі зняты на мяжы 1970−1980-х гадоў. На жаль, большасць новых гаспадароў проста спальваюць такія знаходкі. Але дзякуючы Антону, удалося не толькі захаваць архіў, але і знайсці аўтара гэтых фотаздымкаў.
![]() Мікалай Пракаповіч ![]() — Яго звалі Мікалай Пракаповіч, мясцовыя яго звалі Коля Глухі. Жыў у вёсцы Лецянец Салігорскага раёна. Крыху кульгаў, катаўся на матацыкле «Каўровец» і працаваў фатографам у мясцовым камбінаце побытавага абслугоўвання. Вось і ўсё. Але гэта інфармацыя мяне вельмі зацікавіла. Як гэта ў савецкі час быць глухім фатографам і здымаць жыццё людзей са сваіх ваколіц, пачынаючы ад немаўлят і да пахавання? Як ён здымаў, калі не заўсёды мог паразумецца з кліентам? Лавіў момант? Гэта вельмі цікава, бо тады такое амаль не практыкавалася нават сярод фатографаў, што працавалі ў газетах. Тут патрэбна майстэрства і адчуванне моманту. Паводле слоў Сяргея Лескеця, ён атрымаў адказы на ўсе пытанні, калі ўбачыў негатывы. — У маіх руках апынулася болей як 95 пакункаў са стужкамі (3244 фатаграфіі), на якіх былі здымкі партрэтаў для дакументаў, дзіцячыя і студыйныя партрэты, партрэты, зробленыя ў сціплых вясковых хатах, вяселлі, мясцовыя святы, навагоднія вячоркі і пахаванні… Доўгія два тыдні я прамываў і зноў сушыў стужку, сканаваў і быў бязмежна шчаслівы ад таго, што бачыў. Вось да прыкладу «старое вяселле». Раней я бачыў толькі асобныя такія здымкі з традыцыйных вясковых вяселляў, а тут фатограф адздымаў усю стужку. І гэта дазваляе зразумець, як раней спраўлялі свята, каго запрашалі, як былі апранутыя госці, што важна было зафіксаваць фатографу. Традыцыйны палескі ўбор нявесты і белыя рушнікі, перавязаныя накрыж у свата. Неверагодна сціпла і адначасова прыгожа. У тыя часы стужкі і ўласна камеры былі вельмі недасканалымі. Таму можна пабачыць, як падыходзіў да некаторых здымкаў Мікалай. Здымаў на шырокавугольны аб’ектыў, каб атрымаць больш святла ў камеру, дзякуючы чаму кадры ў яго па-сапраўднаму рэпартажныя. Часам карыстаўся студыйным святлом. Натуральна, што на выхадзе здымкі былі крыху іншымі. Іх паляпшалі і кадрыравалі пры друку на паперы, “адсякаліся” лішнія дэталі. Таму стужкі трымаюць больш праўды. Вяселлі![]() ![]() На здымках Пракаповіча добра бачны адыход старога і нараджэнне новай савецкай традыцыі. Па здымках вяселляў (а іх каля 70% ад агульнай колькасці знятага) заўважна, як змяняецца само вяселле для беларускай моладзі. Замест традыцыйных гулянняў для ўсёй вясковай грамады, упрыгожванняў сватоў, музыкаў, сустрэчы маладых вяскоўцамі, спеваў і караваяў прыходзіць мода на вяселлі ў кавярнях і рэстаранах, роспісы з шампанскім у ЗАГСе, калону з дарагімі па тым часе аўто і ўскладанне кветак да помнікаў загінулым у вайне.
![]()
![]() ![]() ![]()
![]() ![]()
![]() ![]() Вулічнае жыццёПа здымках відаць, што фатограф насіў з сабой камеры не толькі дзеля працы ці на замовы, але і на прагулкі, моладзевыя тусоўкі. ![]()
Пакаленне 1970-х было ўжо іншым. Паглядзіце на іх прычоскі і штаны-клёш, надпісы SU на шлемах матацыклістаў і стракатыя кашулі. Гэта быў пасіўны пратэст супраць савецкай сістэмы, які дыктаваўся модай таго часу, рок-н-ролам, калі можна так сказаць. Школа (у тым ліку праз аднолькавую форму), універсітэт, савецкае войска імкнуліся ўраўняць папярэднія пакаленні. А вось адметнасцю гэтага часу стала жаданне вылучыцца. ![]()
![]() Дзеці ўжо не былі так шчыльна прывязаныя да бацькоў, як раней, калі жылі побач з імі ў вёсцы. Ім не абавязкова было заставацца ў калгасах, па ўсім СССР будаваліся заводы і фабрыкі, працавалі шахты ў Салігорску, ішло будаўніцтва гарадоў. І скончыўшы вучобу, яны ў адрозненні ад сваіх бацькоў маглі атрымаць пашпарт, а гэта давала магчымасць з’ехаць з вёскі. Тым больш, што ў той час суседні горад Салігорск імкліва рос, з’яўляліся новыя працоўныя месцы з вялікімі заробкамі. Моладзь імкнулася туды з усіх куткоў краіны.
![]()
![]() ДзеціУ аб'ектыве фатографа здымкі — каляафіцыйныя партрэты з дзіцячых садкоў і «афіцыйныя» партрэты на крэсле. Здымкі дзяцей суседзяў і знаёмых, здымкі немаўлят і падлеткаў. ![]()
![]()
![]()
![]() ![]()
![]()
|
![]() |
![]() |


Вялікае шчасце, што архіў захаваўся. Аўтар старанна збіраў свае негатывы і зберагаў. Вядома, што ў той час адпрацаваныя негатывы часта здавалі на ўтылізацыю, дзе з іх вымывалася срэбра. Праз гэту практыку не засталося архіваў шматлікіх раённых і рэспубліканскіх газетаў, гарадскіх фотаатэлье і камітэтаў побытавага абслугоўвання. Мікалай палічыў свае здымкі важнейшымі за срэбра.
![]() |




Лескець спадзяецца, што пасля гэтай публікацыі адгукнуцца людзі, якія ведалі Мікалая Пракаповіча, і яго біяграфія будзе дапоўненая новымі фактамі.
Сяргею можна пісаць на пошту: siarhiej.leskiec@gmail.com.
Перадрук здымкаў магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Пішыце: yuliya.volchok@tutby.com.