16 лютага на базе СШ № 2 г. Століна прайшоў раённы краязнаўчы конкурс “Непаўторны Столінскі край”, прысвечаны памяці М. У. Шэлехава, Выдатніка адукацыі СССР, ветэрана вайны, Ганаровага грамадзяніна г. Давыд-Гарадка і Столінскага раёна.
На конкурс былі прадстаўлены 23 работы ад 22 устаноў адукацыі ў чатырох намінацыях: “Гісторыя аднаго дома”, “Пра што гавораць купалы”, “Педагогі-абаронцы Айчыны”, “Імя на абеліску”.
Вучні і педагогі правялі значную даследчую работу, каб падрыхтавацца да конкурсу. Вучаніца 9 класа СШ № 2 аг. Альшаны Анастасія Неўдах цікава прэзентавала сваю работу “Праваслаўе і рэлігійнае суправаджэнне – дарога да храма”. Яе было цікава паслухаць і вучням, і педагогам, і членам журы. Уладзіслаў Антановіч з Лядзецкага НПК яслі-сад СШ разам з настаўнікам І. А. Антановіч перапрацавалі ўспаміны ветэрана Вялікай Айчыннай вайны ў літаратурны твор, які плануюць аформіць у кнігу і выкарыстоўваць на ўроках.
Яніна Вандзіч, вучаніца Белавушскай школы прэзентавала работу аб настаўніцкай дынастыі Кузьмянковых-Палікарповічаў. Вучаніца 11 класа Кацярына Сушчык даследавала гісторыю аднаго дома і адсачыла жыццё пяці пакаленняў, якія жылі ў гэтым доме. Цікава было паслухаць вучня 11 класа СШ № 3 г. Століна Максіма Шпакоўскага “Невядомы лёс”, які шукае звесткі пра свайго прапрадзеда, што быў раскулачаны і высланы. Але да сённяшняга часу ніякай інфармацыі сям’я так і не змагла знайсці. Самая малодшая ўдзельніца конкурсу Ганна Кананчук, пяцікласніца Рамельскай СШ — распавяла пра жыццёвы і працоўны шлях участковага міліцыянера вёскі Рамель Пятра Дзямко.
Члены журы адзначылі, што работы былі актуальныя і з кожным годам становяцца ўсё больш дасканалымі, глыбокімі.
Па выніках конкурсу Дыпломы І ступені ў вучня 9 класа Аздаміцкай СШ Дзмітрыя Трухановіча за работу аб Свята-Троіцкай царкве вёскі Аздамічы і вучаніцы Глінкаўскай СШ Кацярыны Сушчык аб гісторыі аднаго дома.
Дыплом ІІ ступені ў вучаніцы Хатомельскай СШ Алесі Скрабец, у вучня Лядзецкага НПК яслі-сад СШ Уладзіслава Антановіча, вучня СШ № 3 г. Століна Максіма Шпакоўскага, вучаніцы Рамельскай СШ Ганны Кананчук.
Дыпломы ІІІ ступені ў вучаніцы СШ № 2 аг. Альшаны Анастасіі Неўдах, вучаніцы Церабяжоўскай СШ Крысціны Грэчка, настаўніка гісторыі Гараднянскага НПК яслі-сад СШ Юліі Шаміч, вучаніцы СШ № 2 г. Століна Вольгі Муратавай, вучаніцы Стахаўскай СШ Дар’і Яроцкай і вучаніцы Асаўской СШ Алены Валчковіч.
Прыемна, што многія вучні ўжо выбралі тэмы для сваіх будучых даследаванняў і жадаюць працягваць даследчую работу.
Таццяна СЕГЕН