Дзелавая гульня “Знаўцы беларускай мовы” адбылася ў ДУА “Яслі-сад №10 г. Смаргоні”
25.02.2019
—
Новости Культуры
|
Для нашай краіны праблема навучання роднай беларускай мове з’яўляецца асабліва значнай. Дашкольны ўзрост – найбольш спрыяльны перыяд для авалодання дзецьмі беларускай мовай. Менавіта ў гэты прамежак жыцця ў дзіцяці фарміруецца цікавасць, патрэбнасць да ведаў, якія адпавядаюць яго прыродзе, закладваецца падмурак ведаў роднай мовы. У сувязі з гэтым узрастае роля дашкольнай установы, на якую ўскладаецца адказнасць не толькі за развіццё камунікатыўных навыкаў, але і за перадачу літаратурнай спадчыны, культурных традыцый, назапашаных беларускім народам на працягу гісторыі свайго існавання. І калі педагог сам з'яўляецца носьбітам мовы, гэта гарантыя таго, што дзіця паспяхова авалодае камунікатыўнымі навыкамі на беларускай мове.
Каб актывізаваць дзейнасць педагогаў па авалоданні беларускай мовай, садзейнічаць пашырэнню вопыту калектыўнай работы ў дашкольнай установе адукацыі “Яслі-сад №10 г. Смаргоні”, у Міжнародны дзень роднай мовы адбылася дзелавая гульня з педагогамі “Знаўцы беларускай мовы”. Перад гульнёй педагогі падзяліліся на дзве каманды. Кожная каманда падрыхтавала хатняе заданне: прыдумала назву, падрыхтавала прывітанне, наглядны матэрыял, дыдактычныя дапаможнікі па навучанні дзяцей беларускай мове, мінісцэнкі паводле народных казак на беларускай мове. У гульні прынялі ўдзел дзве каманды педагогаў “Сіні матылёк” і “Добрае сэрца”. Творча падышлі педагогі да прадстаўлення сваіх каманд: прыдумалі назву, эмблему і дэвіз. У ходзе практыкавання "Адкажы на пытанні" педагогі змаглі праверыць свае тэарэтычныя веды па адукацыйнай вобласці "Развіццё маўлення і культура маўленчых зносін". Удзел у віктарыне "Беларусь - мая радзіма!" дазволіў актуалізаваць свае веды аб культуры, традыцыях, прыродзе Беларусі. Лепшыя знаўцы беларускай мовы вызначыліся ў ходзе выканання заданняў "Назаві прымаўку" (беларуская - руская), "Дапоўні прыказку", "Куфэрак слоў". Пры выкананні задання "Куфэрак слоў" нашым гульцам прыйшлося нялёгка. Трэба было аб'яднацца па парах, каб атрымалася "рускае слова - беларускі пераклад". Многія словы ў куфэрку былі вельмі складанымі. Але нашы гульцы справіліся. Паказаць свае веды беларускіх народных казак, патрабаванні адукацыйнай вобласці “Мастацтва (мастацкая дзейнасць)” педагогам дазволіла заданне “Па старонках беларускіх народных казак”. А між заданнямі члены каманд аб'ядналіся і з задавальненнем апынуліся на месцы дзяцей, пагулялі ў беларускую народную гульню "Грушка". Нашы педагогі не толькі паказалі свае веды беларускай мовы, але і змаглі праявіць сваю творчасць пры паказе падрыхтаваных імі міні-сцэнак паводле казак “Зайкава хатка”, “Каласок”. У канцы гульні педагогі прадэманстравалі наглядны матэрыял уласнага вырабу для работы з дзецьмі па развіцці мовы (дыдактычныя гульні, народныя рухомыя гульні, лічылкі, загадкі, фізкультхвілінкі). Скончылася гульня ўручэннем медалёў "Знаўца беларускай мовы". Мерапрыемства садзейнічала развіццю маўленчых навыкаў у педагогаў, далучэнню іх да беларускай гісторыі і нацыянальнай культуры, згуртаванню калектыву. Наталля МУРАШКА, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці яслей-сада №10 г. Смаргоні. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для нашай краіны праблема навучання роднай беларускай мове з’яўляецца асабліва значнай. Дашкольны ўзрост – найбольш спрыяльны перыяд для авалодання дзецьмі... |
|