Шаркаўчане ў ліку пераможцаў абласнога свята батлеечных пастановак і тэатраў лялек «Лялечны свет»
03.04.2019
—
Новости Культуры
|
У сакавіку ў Сянне прайшло абласное свята батлеечных пастановак і тэатраў лялек “Лялечны свет”. 12 лялечных тэатральных калектываў Віцебшчыны прынялі ў ім удзел, сярод іх і творчы калектыў раённага цэнтра рамёстваў у складзе Яўгена Ананіча, Вікторыі Дубоўскай, Наталлі Яфімавай і Алены Сухаверскай. Калектыў да ўдзелу ў конкурсе сур’ёзна падрыхтаваўся: абнавілі і рэканструявалі батлейку, зрабілі новыя лялькі да беларускай народнай казкі “Пра гаспадара Хвядоса, яго жонку, дачок Настачку і Хвеську”. Шаркаўшчынская батлейка мае цалкам традыцыйнае аблічча: гэта двухпавярховая скрыня, створкі якой расхінаюцца, бы аканіцы, дэманструючы гарызантальныя ярусы-сцэны з прарэзамі для вядзення лялек. Упрыгожана батлейка прыгожым кветкавым дэкорам на створках. Казачных лялек зрабілі таленавітыя майстрыцы Ірына Груніна і Святлана Заіка. — Лялькі — гэта сімвал дзяцінства. Усе мы прывыклі да таго, што з лялькамі гуляюць і лялькі гуляюць для нас на сцэне. Вялікія і маленькія, сумныя і вясёлыя, добрыя, а часам нават злосныя, дзякуючы майстэрству акцёраў, лялькі нагадваюць нам нас саміх, таму прадстаўленне атрымалася цікавай не толькі дзецям, але і дарослым, — распавядае дырэктар раённага цэнтра рамёстваў Вікторыя Дубоўская. Свята праводзілася з мэтай развіцця і адраджэння нацыянальных традыцый беларускай батлейкі, выяўлення і стымулявання дзейнасці тэатральных калектываў у вобласці. Таму гледачы мелі магчымасць убачыць спектаклі традыцыйнай батлейкі і простых лялечных форм. Маленькіх гледачоў парадавалі персанажы з вядомы усім казак і мультфільмаў. Падчас выступленняў казачныя героі прымусілі ўсіх ад усяго сэрца пасмяяцца, задумацца над вечнымі праблемамі: што такое сапраўднае сяброўства, як дабрыня дапамагае жыць і іншае. Пасля прагляду конкурсных паказаў кампетэнтнае журы падвяло вынікі і ўручыла лепшым аматарскім лялечным тэатрам вобласці, а таксама пераможцам конкурсу дзіцячых гульнявых праграм дыпломы і прызы. Трэба адзначыць, што сярод пераможцаў — шаркаўшчынская батлейка, якая адзначана Дыпломам лаўрэата I ступені ў намінацыі “Традыцыйны беларускі народны лялечны тэатр” (кіраўнік А. Сухаверская) і дыпломам у намінацыі “За лепшае сцэнічнае ўвасабленне традыцыйнай беларускай батлейкі”. Без народнага тэатра — батлейкі — яшчэ некалькі стагоддзяў назад немагчыма было ўявіць якое-небудзь свята. Сваё распаўсюджванне на беларускіх землях яна атрымала ў 16 стагоддзі. Арганізатарамі тагачасных відовішчаў былі каталіцкія манахі. Батлейка выконвала пэўную асветніцкую функцыю, знаёмячы просты і часта непісьменны люд з сюжэтамі біблейскіх кніг. Але па меры «набліжэння да народа», а менавіта ў XVII—XVIII стагоддзях, у батлейцы знайшлося месца і для свецкіх пастановак. Паступова батлеечнае мастацтва сышло са сцэны, саступіўшы дарогу прафесійнаму тэатру. Сёння даўнюю традыцыю спрабуюць адрадзіць і ў нашым раёне. Беларуская батлейка і ёсць цуд — асаблівая, непадобная да іншых тэатраў свету, яна прайшла доўгі шлях і заслугоўвае таго, каб яе ведалі і любілі. Алена АНАНІЧ.
|
|