Чаму моладзь не ходзіць на танцы?
27.06.2019
—
Новости Культуры
|
Чаму моладзь не ходзіць на танцы? Калісьці па суботах у вясковых клубах было поўна народу на дыскатэках. А зараз людзей на танцавальнай пляцоўцы як кот наплакаў.
“Так, міліцыянера летась прыйшлося выклікаць толькі адзін раз, каб разабраўся з нецвярозым, а так на танцах ціха, моладзь паводзіць сябе прыстойна”, – расказала загадчыца Мішневіцкага сельскага клуба Алена Каніна.
У гэты дзень у клубе а дванаццатай гадзіне ночы знаходзілася з дзясятак дзяўчат і хлопцаў. Тыя, каму няма 18-ці, разышліся ў 22.00 – пазней гэтага часу падлеткам не дазваляецца быць у клубе.
З часоў юнацтва помню, што ў 90-ыя у Мішневічах былі зусім іншыя танцы – больш актыўныя, людныя і працяглыя. І нікога не пужаў ні старэнькі клуб, дзе ў зімовы час не заўсёды было цёпла, ні аджыўшая свой век апаратура, якая часам гудзела і свістала. Бывала, танцавалі і ў куртках, але ўсім было весела. На танцы прыходзіла не толькі мішневіцкая моладзь, але і з суседніх вёсак. На той час клуб з’яўляўся не толькі месцам для дыскатэк, там праходзілі сустрэчы, размовы і спатканні. У вясковай моладзі нават не стаяла пытання, ці ісці ў суботу ў клуб. У невялікую залу набівалася больш за паўсотню чалавек. Ну, а ў святы ўвогуле было не праціснуцца.
Зараз, калі Мішневічы набылі статус аграгарадка, тут пабудавалі новы клуб. Светлы, прасторны, з асобнай танцавальнай пляцоўкай. Хадзі – не хачу. А выходзіць, што і хадзіць асабліва некаму. Перш за ўсё таму, што моладзі на вёсцы стала менш. Праўда, у выхадныя дні да бацькоў прыязджаюць студэнты. Але яны не ўсе і не заўсёды спяшаюцца на танцы. Асноўную прычыну гэтаму назваў адзін з мясцовых хлопцаў:
– А нашто мне тая дыскатэка, калі ёсць мабільнік і камп’ютар? Я лепш у танчыкі пагуляю.
Так, жыццё сучаснай моладзі круціцца ў сацыяльных сетках. Каб абмяняцца навінамі ці, скажам, пазнаёміцца, неабавязкова нават адрывацца ад канапы і ісці ў клуб. Але, пагутарыўшы з моладдзю ў Мікіцісе, мы пачулі іншыя адказы, чаму не ходзяць у клуб.
– Трэба бацькам па гаспадарцы дапамагчы, а то я і так рэдка прыязджаю.
– На дыскатэкі хаджу ў горадзе.
– Грошай было шкада на білет, вось і не пайшоў мінулы раз.
– “Хвасты” трэба было паздаваць ва ўніверы, не да танцаў было.
– Футбол глядзеў.
– На танцы зараз хадзіць нямодна.
Тым не менш сярод вясковай моладзі засталіся тыя, хто нячаста, але ўсё ж выбірае дыскатэку замест сядзення за камп’ютарам. Але, па назіраннях загадчыкаў сельскіх клубаў, моладзь не-не ды і дастае мабільныя тэлефоны прама на танцпляцоўцы – ці то СМС-кі паглядзець, ці ў інтэрнэт зайсці, ці патэлефанаваць камусьці.
Сённяшняя моладзь жыве ў час новых ідэй, высокіх тэхналогій і віртуальных зносін. Магчыма, дыскатэкі ўжо і не стануць месцамі спатканняў і сустрэч сяброў. У моладзі ёсць іншыя захапленні. Некаторыя мрояць спортам і турызмам, іншыя – музычнымі групамі ці камп’ютарнымі тэхналогіямі. Разам з гэтым на святы (напрыклад, Новы год, 8 Сакавіка) ці перад вялікімі выхаднымі ў многіх вясковых клубах шматлюдна. У Мішневічах, напрыклад, у такія дні адпачыць у клуб прыходзіць не толькі моладзь, але і сталыя людзі. Збіраецца да сотні чалавек. Плячо ў плячо танцуюць дзеці з бацькамі. Самае цікавае, што ў такія дні моладзь не сыходзіць з танцавальнай пляцоўкі нават тады, калі гучаць кадрыля ці полька. А дарослыя падтрымліваюць хлопцаў і дзяўчат падчас самай навамоднай музыкі. Падобныя мерапрыемствы збліжаюць. І клубныя работнікі радуюцца, што ўстановы культуры не перасталі быць месцам адпачынку. Хаця фармат танцаў, сапраўды, трэба мяняць.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №50 ад 28.06.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
фотаздымак носіць ілюстрацыйны характар Чаму моладзь не ходзіць на танцы? Калісьці па суботах у вясковых клубах было поўна народу на дыскатэках. А зараз людзей... |
|