Шуміліна на «Славянскім базары»
19.07.2019
—
Новости Культуры
|
Лепшы брэнд вобласці
Конкурс тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, які ладзіўся на плошчы Свабоды ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, заняў некалькі дзён. І кожны дзень меў сваю тэму. Дзень, калі на сцэну запрасілі Шуміліна, прайшоў пад эгідай “Карагода майстроў”. І гэта было дарэчы, бо шумілінскі край багаты на майстроў, на таленты.
Больш за 60 чалавек было занята ў тэатралізаванай праграме: народны фальклорны калектыў “Гульбічы”, народны хор народнай песні “Світанак”, народны вакальны ансамбль “Гарэзнікі”, народны тэатр мініяцюр “Буф”, народны клуб народных майстроў “Спадчына”, народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка”.
І не былі б яны майстры-прафесіяналы, калі б не падалі праграму лёгка, прыгожа, вытанчана. На сцэне, удала дапаўняючы асноўную дзею, працавалі народныя майстры Шумілінскага Дома рамёстваў: плялі лазу, саломку, вышывалі, вязалі карункі. Няспешна ішла гутарка маці з дачкой пра край шумілінскі, сплятаючы ў адно цэлае асобныя эпізоды праграмы.
І на гэтым фоне звонка і ярка выглядалі галасістыя “Гульбічы”, артыстычныя “Гарэзнікі” з лыжкамі (некаторыя гледачы тут кінуліся ў скокі), непаўторны буфавец Юрый Раманаў з караоке (пад “Дым цыгарэт з ментолам” пацягнуўся на плошчу Свабоды народ), звонкі “Світанак” у новых гожых касцюмах… А кульмінацыяй праграмы стаў выхад дзяўчат (удзельніц дзіцячага танцавальнага калектыву “Шарм”) у рэгіянальных касцюмах сельскіх Саветаў Шумілінскага раёна. 8 сельскіх Саветаў – 8 касцюмаў, і кожны – са сваімі асаблівасцямі. Касцюмы ствараў наш Дом рамёстваў: эскізы распрацавала майстар Вольга Загвоздава, пашыла майстар Наталля Сцержанкова, дапамагалі ўсе. Па запісах этнаграфічных экспедыцый былі ўлічаны ўсе ўнікальныя рэгіянальныя адметнасці і перададзены ў кроі, колеры, карунках, вышыўцы. А дзявяты касцюм увасабляў Шумілінскі раён, убор быў выкананы ў блакітным колеры і з выявай герба раёна на сукенцы. І заключным акордам, падкрэсліваючы гасціннасць нашага краю, дзяўчаты ў нацыяльных касцюмах выносяць на сцэну хлеб, спечаны па рэцэптах Шуміліншчыны. А дырэктар Шумілінскага Дома рамёстваў Анжэла Сяргеева ідзе з хлебам да гледачоў, і тыя з задавальненнем бяруць духмяныя лустачкі, і хутка на падносе не застаецца і крошак…
Адным словам, аўтар праекта Ганна Каламіец і рэжысёр-пастаноўшчык Святлана Дземідзенка нямала паламалі галаву, каб у паўгадзіннай праграме яркімі штрыхамі паказаць непаўторнасць і прыгажосць Шумілінскага раёна, адкрытасць і таленавітасць яго жыхароў. І гэта атрымалася. Мяне асабіста, калі я глядзела гэтае прадстаўленне, перапаўняў гонар за наш раён.
І як вынік – яркі брэнд Шумілінскага раёна прызнаны лепшым у конкурсе тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці і атрымаў дыплом 1 ступені.
Госці на панадворку
У дзень, калі на плошчы Свабоды праходзіў конкурс тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці, тут працаваў і “Шумілінскі панадворак”, уладкаваны і напоўнены сіламі работнікаў культуры раёна.
Тут было на што паглядзець (адна бібліятэчная выстава-інсталяцыя “Ганаруся, мой край, людзьмі тваімі” варта таго, каб не прайсці міма панадворка!), было што купіць (сувеніры з лазы, саломкі, гліны) і было чым пачаставацца – кулінарныя шэдэўры “Разынкі” не маюць патрэбы ў рэкламе.
“Шумілінскі панадворак” наведала нямала шаноўных гасцей, у тым ліку з Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, з Акадэміі Навук, з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ганаровым госцем стаў Яўген Міхайлавіч Сахута, мастацтвазнавец, этнолаг, доктар гістарычных навук, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. А яго ўхвальныя водгукі маюць высокі кошт.
Танцавальны батл
Сваё пачэснае месца сярод вялікага багацця мерапрыемстваў “Славянскага базару ў Віцебску” заняў VI адкрыты абласны турнір нацыянальных танцаў. Танцавальны паядынак выліўся ў чатырохгадзінны марафон. Феерычнае відовішча паланіла плошчу Свабоды. 78 танцавальных пар з Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай, Мінскай абласцей і горада Мінска, яркія касцюмы, рытмы “Лявоніхі”, “Барыні”, “Кадрылі”, “Кракавяка”, “Полькі-бабачкі” – гледачы не маглі ўстаяць на месцы.
Танцавальныя спаборніцтвы праходзілі па трох узроставых катэгорыях: ад 16 да 30, ад 30 да 50, а таксама ад 50 год і старэй.
Як вы разумееце, такая падзея не магла адбыцца без шумілінскіх танцораў – наш раён прадстаўляла танцавальная пара народнага фальклорнага калектыву “Гульбічы” ў складзе Валян-ціны Навіцкай і Аляксандра Прохарава і танцоры з Обальскага ГДК (Уладзімір Мулькоў і Ганна Курыленка).
Танцавалі з душой, (а батл уключаў 7 танцаў!) і ператанцавалі многіх, пра што сведчыць дыплом лаўрэатаў 3 ступені Валянціны Навіцкай і Аляксандра Прохарава. Яны саступілі толькі гасцям, а ў Віцебскай вобласці сталі лепшымі.
“Лялечны дворык”
Цікава, што прадстаўнікі нашага раёна ўсё смялей заваёўваюць новыя і новыя пляцоўкі “Славянскага базару”, і робяць гэта паспяхова. Так, у праекце “Лялечны дворык” сёлета прынялі ўдзел два нашы калектывы: узорны лялечны тэатр “Батлейка” Шумілінскага Дома рамёстваў і тэатральны калектыў “Дзеці сцэны” Обальскага ГДК. Абодва калектывы былі на вышыні, атрымалі шчырыя апладысменты гледачоў і дыпломы журы. “Батлейка – “за лепшы спектакль для дзяцей і моладзі”; “Дзеці сцэны” – “за лепшы перфоманс”. Адным словам, таленты.
Знайшлі сілы і выйшлі на сцэну
Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў “Віцебск-2019” не мяняе сваіх традыцый і зноў, у 12-ты раз, адчыніў свае дзверы на “Славянскім базары”. Арганізатары – Беларускае таварыства інвалідаў – засталіся вернымі і той традыцыі, што права адкрыцця фестывалю зноў прадставіла Шумілінскай раённай арганізацыі БелТІ.
І гэта рашэнне было правільным, бо пасля смерці кіраўніка арганізацыі Любові Мікалаеўны Нагібавай яе сябрам было няпроста ўключыцца ў паўнацэннае жыццё. А запрашэнне на фестываль было штуршком, як бы загадам працягваць пачатыя справы. Разам з народным клубам аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” вакальная група клуба “Душа” раённай арганізацыі БелТІ сустракала журы фестывалю караваем, вітала песнямі і вершамі прадстаўнікоў дэлегацый Беларусі, Расіі, Літвы, Украіны. Знайшлі сілы і выйшлі на сцэну – у імя памяці Л. М. Нагібавай, якой яны прысвяцілі сваё выступленне.
На «Славянскім базары ў Віцебску» дзяжурыла Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №56 ад 19.07.2019 г.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лепшы брэнд вобласці Конкурс тэатралізаваных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў Віцебскай вобласці, які ладзіўся на плошчы Свабоды ў рамках “Славянскага базару...
|
|