Марина Прохорова даже не рассматривала другую профессию. 21.by

Марина Прохорова даже не рассматривала другую профессию

11.10.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нарадзілася артысткай
13 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры – людзі, якія дадаюць нашым будням святочнага каларыту і радасці, якія сцвярджаюць творчасць як неад’емную частку жыцця чалавека.
Але ж ці проста дарыць іншым радасць? Адкуль яе браць культработніку, якога, як і ўсіх звычайных людзей, не абыходзяць няўдачы, сямейныя праблемы, хваробы, расчараванні? Гарэць і не выгараць – гэта як? Напэўна ж, тут ёсць свае сакрэты. І мне здаецца, што іх у поўнай меры спасцігла дырэктар Шумілінскага раённага цэнтра культуры Марына Іванаўна Прохарава. 33 гады яна ў прафесіі, 25 з іх – на пасадзе кіраўніка галоўнай клубнай установы раёна.


Яна нарадзілася артысткай і з дзяцінства ведала пра гэта. Памятае сваё першае публічнае выступленне на сцэне. Гэта была сцэна шумілінскага клуба, які месціўся тады на цэнтральнай плошчы нашага гарадка. А артыстцы было 5 гадкоў. І разам з сяброўкай Светай Чарвяковай Марына спявала частушкі.
Першым яе настаўнікам і правадніком у прафесію стаў бацька – Іван Ягоравіч Канін, выкладчык па класу баяна Шумілінскай дзіцячай музычнай школы. Ён і Марыну хацеў бачыць у ролі выкладчыка музыкі, а яна, закончыўшы музычную школу і паставіўшы баян на паліцу, сказала: “Не, я хачу быць на сцэне!”.
Шчаслівыя людзі, якія з самага пачатку ўбачылі галоўную дарогу свайго жыцця і ніколі не захацелі збочваць з яе. Марына ўсёй душой была прыкавана да сцэны. Асабліва захаплялася харэаграфіяй, чаму паспрыялі яе настаўнікі Вольга Карпушэнка і Наталля Захарава, якіх яна з задавальненнем і ўдзячнасцю ўспамінае.
Падмацаваўшы пасля школы свае перакананні ў Мінскім інстытуце культуры, перапоўненая вялікім жаданнем несці свае ідэі і праекты ў масы, яна вярнулася ў Шуміліна.
– Хто ў той час працаваў побач з Вамі?
– На работу ў раённы Дом культуры мяне браў Алег Фёдаравіч Мацвяйчук, – расказвае Марына Іванаўна. – Тады ж на культурным фронце пачыналі працаваць юныя Юрый Раманаў, Паліна Духовіч, Людміла Дарзнек, потым – Святлана Дземідзенка, Таццяна Янчанка, вярнуліся Ларыса Дземідовіч. Пазней удала ўпісаліся ў калектыў Ілона Карнілава, Юлія Якуценка, Аляксандр Карнілаў (а мужчыны ў нас, наогул, на вагу золата). І з таго часу, з 1986 года, я толькі чатыры разы сустракала Новы год дома (дэкрэтныя водпускі, пералом). І ведаеце, гэта былі самыя сумныя навагоднія святы. А вось там, каля цэнтральнай ёлкі, у гушчы людзей, дзе мяце завіруха, сыпле мокры снег і кладзецца пад ногі галалёд, – там сапраўдны дух свята. Мы ў культуры ўсе такія апантаныя, самі з сябе смяёмся.
–  А як жа сям’я, ці заўсёды дома можна разлічваць на разуменне і падтрымку?
– Па-рознаму бывае. Сказаць, што кожнаму з нас дома пляскаюць у далоні, ніяк не атрымліваецца. Асабіста ў мяне зараз у гэтым сэнсе ніякіх праблем, муж разумее, падтрымлівае, ды і сам ён актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці, так што мы з ім на адной хвалі. А вось дачка выбрала другі шлях. З малых гадоў, нахадзіўшыся са мной па рэпетыцыях і прадстаўленнях, не атрымаўшы ад мамы ніводнага паўнацэннага дня нараджэння, бо нарадзілася акурат у Новы год, яна вырашыла выбраць прафесію далей ад культуры і пайшла ў медыцыну. Не стаў культработнікам і сын, хаця ў харэаграфічных пастаноўках на раённай сцэне паспеў «засвяціцца».
Марына Іванаўна захоплена расказвае пра сваю работу, пра яркія моманты і кур’ёзы, якімі яна поўніцца. За 33 гады чаго толькі не было! Да яе рана прыйшло і прызнанне. Яшчэ ў 90-я па выніках абласнога конкурсу культработнікаў, што ладзіцца ў рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, яна была названа лепшым культарганізатарам вобласці. Не аднойчы выходзіў у пераможцы і Шумілінскі гарадскі дом (цяпер – цэнтр) культуры, якім яна кіруе. Але гэта другаснае, лічыць яна.
– А што галоўнае?
– Галоўнае, глядач, яго эмоцыі, яго прызнанне, – пераканана Марына Іванаўна.
– А гледача, па ўсім відаць, пасля заканчэння рамонту Палаца культуры прыйдзецца заваёўваць па-новаму.
– Гэта так. Рамонт мы, безумоўна, чакалі і рады, што ён працягваецца, але ж усё гэта стварае вялікія нязручнасці і для нас, і для гледачаў, якіх, пагаджуся, нам прыйдзецца заваёўваць па новай. Адноўлены выгляд сцэны, глядзельнай залы (мы на гэта вельмі спадзяемся) запатрабуе і новы ўзровень сцэнічных пастановак, іх падачы. А за час рамонту некаторыя людзі наогул адвыклі хадзіць на канцэрты і спектаклі. Дзіцячая школа мастацтваў, дзякуй ім, дзеліцца з намі сваёй глядзельнай залай, але разгарнуцца там не атрымліваецца.
– Ваш кадравы патэнцыял дазволіць вам працаваць на новым, як Вы кажаце, павышаным узроўні?
– Нам патрэбна моладзь. Вельмі патрэбна. Патрэбны харэограф, рэжысёр, харавікі, акампаніятары. Не адмаўляючы вопыт – ні свой, ні калег, нам не хапае маладой дзёрзкасці, імгненнага рэагавання сродкамі культуры на час, такога лёгкага палёту на хвалях часу, які падуладны маладым. Ведаеце, сцэна любіць маладых, глядач любіць лёгкасць, прыгажосць. Пры гэтым, вядома, не адмаўляем і вопыт, на якім усё базіруецца. Гэта ж цудоўна, што ў нас працягваюць працаваць А. В. Міхееў, Л. І Цыркунова з іх неацэнным вопытам і багацейшымі напрацоўкамі. І добра, што да нас ідзе моладзь, якая смела дэманструе новы сучасны погляд. У прыватнасці,  ярка заяўляюць пра сябе Вольга Шаўнёва, Ганна Каламіец, Дар’я Сцяпанава, Крысціна Бурлакова. Хочацца верыць, што наша маладая кагорта папоўніцца новымі кадрамі.
– Ва ўсялякім выпадку, мы вам гэтага вельмі жадаем, як і хуткага завяршэння рамонту раённага цэнтра культуры. Жадаем, каб у наступным годзе сваё прафесійнае свята вы адзначылі адкрыццём адноўленага храма культуры і новымі яркімі творчымі здабыткамі!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №80 ад 11.10.2019 г.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нарадзілася артысткай 13 кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры – людзі, якія дадаюць нашым будням святочнага каларыту і радасці, якія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика