Пабачыла свет кніга, у якой больш за 300 вершаў Яўгеніі Янішчыц надрукаваны ўпершыню
05.12.2019
—
Новости Культуры
|
>
Нагадаю, што першы том чатырохтомніка выйшаў у свет у 2016 годзе, другі – у 2017-м. Падрыхтавалі кнігу да выдання старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Святлана Калядка і паэтэса, аднакурсніца і сяброўка Яўгеніі Янішчыц Тамара Аўсяннікава. Унікальнасць 3-га тома ў тым, што сярод 780 прадстаўленых твораў каля 360 вершаў чытач убачыць упершыню. Трэці том кнігі «Яўгенія Янішчыц. Творы, жыццяпіс, каментарыі» складаецца з раздзелаў «Творы, якія публікаваліся», «Творы з архіваў, музея», «Вучнёўскія і недапрацаваныя творы», «Навуковыя каментарыі» і «Дадаткі». У першы раздзел увайшлі вершы і песні, што былі апублікаваны ў калектыўных зборніках і “Выбраным”, часопісах і газетных падборках. Раздзел “Творы з архіваў, музея” змяшчае вершы і песні з Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, сямейнага архіва Яўгеніі Янішчыц, атрыманыя ад розных асоб, Літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц на Піншчыне. Тэксты 53 вершаў і песень прадстаўлены ўпершыню. Дзякуючы падтрымцы сына паэтэсы Андрэя Янішчыца, яе пляменніцы Таццяны Ганчарык і дырэктара літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча Антаніны Сідарук аўтары 3-га тома атрымалі доступ да ўсіх магчымых матэрыялаў: ад запісаў вершаў на асобных лістах да машынапісных тэкстаў, гатовых для выдання зборнікаў. Гэта дазволіла прадставіць каля 190 вершаў, якія ніколі не публікаваліся, у падраздзеле “Вершы і песні з сямейнага архіву, з Літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц”.
У 3-ці том таксама ўвайшлі ўспаміны пра Яўгенію Янішчыц 46 аўтараў, 7 з якіх публікуюцца ўпершыню. Сярод іх паэты, празаікі, журналісты, знаёмыя, а таксама маці паэтэсы. Гэтыя ўспаміны былі запісаны Тамарай Аўсяннікавай. – Я вельмі рада, што ў гэты том уключаны ўспаміны пісьменнікаў, журналістаў з Берасцейшчыны, – адзначыла Тамара Пятроўна. – Тут і Мікола Панасюк, і Марыя Ляшук, Анатоль Крэйдзіч, Зінаіда Дудзюк і многія іншыя. Таму гэты том вельмі важны для пінчукоў. Мы таксама вельмі ўдзячны Аляксандру Львовічу Ільіну за тое, што ён змог адлюстраваць у сваім артыкуле першыя творчыя крокі Жэні. Апрача таго, сюды ўключылі ўспаміны і артыкулы тых аўтараў, якія былі надрукаваны раней, але не ўвайшлі ў першыя зборнікі. Гэта ўспаміны Генрыха Далідовіча, Віктара Шніпа, Ніны Мацяш, Раісы Баравіковай і іншых. На маю думку, гэтая кніга – адна з самых важных у чатырохтомніку, таму што сюды ўвайшло многа новага, тое, што некалі друкавалася раней, напрыклад, у газетах, часопісах, але з цягам часу забылася ці згубілася.
Тамара Пятроўна адзначыла, што падчас складання кнігі было многа разважанняў над тым, што ўключаць у яе, а што не. Так, папярэдне не планавалася ўключаць у выданне вучнёўскія вершы. Але потым прыйшлі да высновы, што для даследчыкаў, для школьнікаў і наогул для аматараў паэзіі Яўгеніі Янішчыц будзе цікава прасачыць, як развіваўся яе талент, як ён паступова рос, мужнеў, як яна стала высокапрафесійным паэтам. Таксама доўга думалі над канцэпцыяй гэтага тома і вырашылі падаваць творы ў алфавітным парадку, тым больш што Жэня, па словах Тамары Пятроўны, практычна нідзе не ставіла дату напісання. Таму тут сустракаюцца вершы і высокага ўзроўню, і побач могуць быць вучнёўскія. Тамара Аўсяннікава падкрэсліла таксама, што ў зборніку адзначана, што вершы Яўгеніі Янішчыц перакладаліся і на польскую, і на французскую мовы. І ўжо ёсць дамова з сербскай паэткай Даянай Яшкевіч, якая хутка будзе перакладаць вершы Я. Янішчыц на сербскую мову. Засталося толькі выбраць 50 вершаў. Тамара Пятроўна расказала, што ўжо распрацавана канцэпцыя 4-га тома выдання, у якое плануецца ўключыць лісты Яўгеніі Янішчыц да родных, блізкіх людзей, сяброў, да паэтаў, журналістаў, яе выступленні і крытычныя артыкулы. Кніга пабачыць свет у хуткім часе, магчыма, у будучым годзе. Тым не менш укладальнікі выдання будуць рады, калі ў каго нешта засталося ад Жэні з яе творчасці, запісаў, чым можна падзяліцца і ўключыць у зборнік.
Успамінамі падзялілася пляменніца Я. Янішчыц Таццяна Міхайлаўна. Яна паведаміла, што некалі Яўгенія Іосіфаўна пісала песні для свайго брата Міхаіла, бацькі Таццяны, якія ён спяваў на вяселлях. І вельмі шкадуе, што не запісала іх у свой час, а бацька памёр раптоўна ва ўзросце 63 год. Тамара Аўсяннікава таксама дадала, што Яўгенія Іосіфаўна пісала вершы і нават цэлыя паэмы на палескім дыялекце, пісала ў калгасную газету “Скразняк” эпіграмы на калгаснікаў, але гэтыя творы, на жаль, не захаваліся. На працягу ўсёй прэзентацыі гучалі вершы Яўгеніі Янішчыц: іх чыталі супрацоўнікі цэнтральная раённай бібліятэкі, члены клуба “Пінчукі”, а песню на яе верш выканаў таксама член клуба літаратараў Піншчыны Віктар Мяцельскі. Лірыка Яўгеніі Янішчыц – шчырая і спавядальная, гэта святло яе душы. Кожны чалавек знойдзе ў ёй нешта сваё, асабістае. Упэўнены, што яе цудоўнай паэзіі суджана доўгае жыццё. Іна УРБАНОВІЧ Подпишитесь на «Полесскую правду» в социальных сетях Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Чарговы дзень нараджэння знакамітай беларускай паэтэсы Яўгеніі Янішчыц, якая нарадзілася 20 лістапада 1948 года, адзначыўся важнай падзеяй: у Пінскай цэнтральнай...
|
|