Пятнаццатую старонку сваёй гісторыі перагарнула літаратурнае свята “Лунінская восень”. 21.by

Пятнаццатую старонку сваёй гісторыі перагарнула літаратурнае свята “Лунінская восень”

13.12.2019 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Лунінская восень 2019 (7)

Пятнаццатую старонку сваёй гісторыі перагарнула літаратурнае свята “Лунінская восень”.

Заўсёды прыемна і хвалююча прыязжаць у вёску Лунін Лунінецкага раёна. Па-першае, суседні рэгіён і названае старажытнае мястэчка гістарычна звязаны з нашай Піншчынай і яе населенымі пунктамі. Па-другое, у Лунінскай яслях-садзе — сярэдняй школе штогод ладзіцца літаратурнае свята “Лунінская восень”.  Яго са сваімі паплечнікамі і аднадумцамі ў 2004 годзе заснаваў вядомы пісьменнік і журналіст, былы рэдактар “Палескай праўды” Мікалай Елянеўскі. На вялікі жаль, Мікалай Васільевіч рана пайшоў з жыцця. Але на вялікую радасць, ён пакінуў нам скарб сваіх літаратурных твораў і гэтае цудоўнае свята прозы і паэзіі.

Мікалай Елянеўскі нарадзіўся ў Луніне, вучыўся тут у школе, цікавіўся мясцовай гісторыяй і шмат рабіў для яе папулярызацыі. Адзін з самых вядомых яго твораў – раман-хроніка “Час святара” – прысвечаны бацюшку Платону Ціхановічу, які больш за сто год таму служыў у мясцовай Барыса-Глебскай царкве і стаў аўтарам першай беларускай граматыкі. Граматыка была напісана на мясцовым дыялекце. І адметнасцю свята “Лунінская восень” з’яўляюцца тэтралізаваныя пастаноўкі ці маналогі з гэтага вучэбнага дапаможніка ў выкананні сённяшніх школьнікаў. У гэтым годзе дзеці да таго ж творча прадэманстравалі старажытныя хатнія рэчы з багатай школьнай калекцыі.

Традыцыйна падчас свята ўдзельнікаў вітаюць на парозе школы. Фасад будынку ўстановы адукацыі ўпрыгожвае мемарыяльная дошка Мікалая Елянеўскага. Нябачна, але ён заўсёды прысутнічае на свяце. Кожны год на мерапрыемства прыязжае жонка Мікалая Васільевіча – Надзея Мікалаеўна. Хлебам-соллю лунінчане вітаюць таксама пісьменніка і журналіста Анатоля Крэйдзіча, паэта Андрэя Мазько. Другі год шырокі ўдзел у паэтычных чытаннях “Лунінская восень” прымаюць сябры лунінецкага творчага аб’яднання “Муза” – Вольга Грыдзюшка, Рыгор Жук, Валянціна Трухнова, Віктар Пінігін ды іншыя.

Як заўсёды, гасцей чакалі прыгожыя творчыя нумары ў выкананні школьнікаў, экскурсія па школе ў суправаджэнні дзяўчынкі-восені, наведванне кутка “Сялянская хатка” з дэгустацыяй страў па традыцыйных мясцовых рэцэптах. А потым удзельнікі сабраліся ў актавай зале, дзе панавала літаратура і ішла размова аб творчасці. Адным з урачыстых момантаў сёлетняга сцэнару стала падвядзенне вынікаў конкурса сярод творчай моладзі Лунінецкага раёна. Дыпламантамі першай ступені інтэрнэт-конкурсу “Зямля пад белымі крыламі”, прысвечанага 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча, сталі школьнікі Ясенія Канапацкая (Дзятлавіцкая СШ), Паліна Дашкевіч (СШ № 1 г. Мікашэвічы), Мікіта Коваль (Язвенская СШ), Аляксандр Аляксееў (Лунінская яслі-сад — СШ).

Той, хто хоць раз наведаў Лунінскую школу, мог упэўніцца, што лепшай пляцоўкі для творчага мерапрыемства не знайсці. Багатая гісторыя мясцовасці, маляўнічае афармленне інтэр’еру школы з музейнымі экспазіцыямі, выставамі сучасных дасягненняў, але галоўнае – творчы педагагічны калектыў на чале з дырэктарам Сяргеем Кураком і таленавітыя дзеці. Раней некалькі год запар лунінчане ладзілі маштабнае літаратурнае свята, на якое з’язджаліся пісьменнікі, кіраўнікі ўстаноў сферы літаратуры са сталіцы, тут уручалася абласная літаратурная прэмія імя Ўладзіміра Калесніка. З самага пачатку з’явілася ў падзеі і другое, неафіцыйнае, імя – “літаратурныя дажынкі Берасцейшчыны”. Вялікае мерапрыемства ў адносна невялікім населеным пункце, мясцовая гасціннасць і атмасфера, спрэс пазбаўленая пафасу, – такія ўражанні вязлі з “Лунінскай восені” удзельнікі па ўсёй краіне. І Лунін, без сумневу, быў і застаецца варты такой падзеі. Такім жа цёплым, шчырым,узнёслым свята застаецца і зараз. І кожны год лунінчане, захаваўшыя сваю “восень”, нягледзячы на цяжкасці, гатовы вітаць самых высокіх гасцей. Прыязджайце!

Людміла РЭБКАВЕЦ.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Пятнаццатую старонку сваёй гісторыі перагарнула літаратурнае свята “Лунінская восень”. Заўсёды прыемна і хвалююча прыязжаць у вёску Лунін Лунінецкага раёна....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика