Народнае свята «Каляды» прайшло ў Шаркаўшчынскім раённым цэнтры рамёстваў
09.01.2020
—
Новости Культуры
|
Нашы продкі даўней казалі: ад таго, як будзеш сустракаць і ўслаўляць Каляды, так і ўвесь наступны год пройдзе. З вялікім нецярпеннем чакалі гэтае свята дарослыя і дзеці, паглядаючы ў вокны, сустракалі і віталі ў сваіх дамах калядоўшчыкаў, варажылі, весяліліся, спявалі і танцавалі. Напрыканцы мінулага года ў шаркаўчан была цудоўная магчымасць акунуцца ў атмасферу свята творчасці і сапраўдных навагодніх цудаў. Супрацоўнікі шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў запрасілі жыхароў нашага раёна ў сваю ўстанову на ўсімі любімае і доўгачаканае свята Каляды, якое, як і ў мінулыя гады, сабрала шмат гледачоў. -У выставачнай зале цэнтра рамстваў адкрылася выстава творчых работ “Калядная кветка”.Напэўна, кожнаму варта было туды зазірнуць , каб палюбавацца прыгожымі і незвычайнымі кампазіцыямі, створанымі таленавітымі шаркаўчанкамі, якія добра ведаюць, як упрыгожыць свой дом напярэдадні Новага года і Калядаў,- адзначыла ў час адкрыцця выставы намеснік дырэктара Шаркаўшчынскага раённага цэнтра культуры па народнай творчасці Вікторыя Казіміраўна Дубоўская. Вітаючы майстроў і гасцей свята, усіх веруючых са святам нараджэння Хрыста — сына Божага павіншаваў вікарый парафіі касцёла Ўзвышэння святога Крыжа, ксёндз Генадзій Рэйшаль. Вікторыя Дубоўская і Алёна Сухаверская расказалі пра святкаванне Калядаў у нашай мясцовасці. Супрацоўнікі цэнтра рамёстваў прадэманстравалі цікавую калядную пастаноўку, а таксама казку ў выкананні ўдзельнікаў лялечнага тэатра Батлейка “Віфліемская вестка”. Весялілі прысутную публіку ў гэты дзень і віншавалі шаркаўчан з Новым годам і Калядамі ўдзельніцы фальклорнага гурта “Калядзіца”, якія прадставілі на свяце некалькі сваіх лепшых музычных і гумарыстычных нумароў. Адным з самых яркіх момантаў святочнай праграмы і сапраўдным “калядным падарункам” для ўсіх прысутных стала выступленне вакальна-інструментальнага гурта “Музыкі Хрыста”, створанага пры касцёле Узвышэння святога Крыжа. Музычны калектыў таленавітых дзяцей і моладзі ўзначальвае выкладчыца дзіцячай школы мастацтваў Святлана Пятроўна Гірстун. У чарадзе яркіх і незабыўных падзей нашага рэгіёну асобнае месца ў памяці шаркаўчан заўсёды займаюць калядныя сустрэчы, што надзвычай цікава, урачыста і весела для сваіх наведвальнікаў праводзяць супрацоўнікі Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў,-адзначылі многія з тых, хто напрыканцы мінулага года пабываў на свяце.
|
|