“Мая прафесія стварае для людзей свята і добры настрой”,-упэўнена Ірына Буднік, рэжысёр Лужкаўскага СДК
24.01.2020
—
Новости Культуры
|
Нярэдка бываючы на розных мерапрыемствах, многія з нас не раз задумваліся: “Пакуль мы адпачываем, работнікі культуры ствараюць для нас свята і настрой, а ў буднія дні старанна рыхтуюцца да выступленняў, праводзяць рэпетыцыі, а парой і застаюцца на працы да позняга вечара, каб канцэрт спадабаўся гледачам. І як бы не стаміўся, на твары артыста, калі ён выходзіць на сцэну, заўсёды абаяльная, прамяністая ўсмешка». Вытрымаць такі напружаны графік і рытм жыцця можа далёка не кожны, а толькі той, хто па-сапраўднаму аддаецца любімай справе без астатка, усёй душой, а ўдзячнасць людзей, выказаная гучнымі апладысментамі – лепшая таму ўзнагарода. Менавіта такім чалавекам, па словах многіх жыхароў аграгарадка Лужкі , можна назваць і Ірыну Анатольеўну Буднік – рэжысёра Лужкаўскага сельскага дома культуры. Любоў да творчай прафесіі работніка культуры ёй перадалі бацькі : тата быў музыкантам-самавучкай і выдатна іграў на гармоні і баяне. Сама ж маленькая Ірына з самага ранняга дзяцінства вельмі любіла спяваць і цікавілася сцэнай. Яна нарадзілася і вырасла ў Шаркаўшчыне. Падчас вучобы ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе паспяхова закончыла музычную школу па класе баяна. З вялікай удзячнасцю Ірына Анатольеўна ўспамінае сваіх былых педагогаў: Тэрэзу Уладзіміраўну Ахрамёнак, Галіну Пятроўну Сафончык, Івана Казіміравіча Курто, Станіслава Нікандравіча Шашка і некаторых іншых творчых людзей, дзякуючы якім яна звязала сваё жыццё з музыкай. Ірына Буднік не адразу вырашыла пайсці ў сферу культуры. Пасля заканчэння школы яна год працавала ў Більдзюжскай сярэдняй школе, на працягу наступных 15 год займала розныя пасады ў сельскім паштовым аддзяленні сувязі. А 18 год назад Ірына Анатольеўна пераехалана пастаяннае месца жыхарства ў аграгарадок Лужкі і пазнаёмілася з загадчыцай Лужкаўскага сельскага дома культуры Святланай Мікалаеўнай Грыдзюшка, якая практычна адразу заўважыла талент самадзейнай артысткі і запрасіла яе на працу ў сваю ўстанову культуры. Менавіта гэта месца работы ў жыцці Ірыны і стала лёсавызначальным. -За доўгія гады працы былі розныя моманты, хапала і цяжкасцяў,-расказала Ірына ,-але я ні разу не пашкадавала аб тым, што абрала для сябе сферу культуры.У Лужкаўскім СДК працуе адна з лепшых каманд. Супрацоўнікаў няшмат, але кожны – на вес золата. І я заўсёды адчуваю падтрымку сваіх калег. Нездарма кажуць, што адзін у полі — не воін. Між іншым, працаваць з насельніцтвам бывае і няпроста, трэба знайсці падыход да кожнага. Лічу, што гэта мы павінны ісці да вяскоўцаў, а не наадварот. І. трэба адзначыць, што ў Лужкаўскім сельскім клубе работа з людзьмі арганізавана на належным узроўні. Нашы святочныя праграмы, прысвечаныя розным падзеям і датам, заўсёды збіраюць шмат наведвальнікаў. Людзі з задавальненнем і добрым настроем прыходзяць на нашы канцэрты і гэта не можа не радаваць. А яшчэ Ірына Буднік вялікую ўвагу надае рабоце з моладдзю, маладымі артыстамі аграгарадка Лужкі. Так, напрыканцы мінулага года пад кіраўніцтвам рэжысёра сельскага дома культуры вучаніца Лужкаўскай сярэдняй школы Варвара Калесніковіч заваявала перамогу ў конкурсе “Міс Шаркаўшчына -2019”. А ўвогуле за гады работы Ірыны ў Лужках многія юныя таленавітыя артысткі паспяхова выйшлі на сцэну і пакарылі гледачоў сваімі яркімі выступленнямі, выдатна падрыхтаванымі, самабытнымі музычнымі нумарамі, прадстаўляючы аграгарадок Лужкі на розных конкурсах і фестывалях. Сама ж Ірына валодае выдатным голасам, выступае як сольна, так і ў складзе народнага вакальнага ансамбля “Лужкаўскія песняры”, сама піша сцэнарыі і рыхтуе выдатныя святочныя праграмы, спрабуе пісаць музыку, у тым ліку і на вершы вядомых шаркаўшчынскіх паэтаў, удзельнікаў літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак”.Ірына Буднік з’яўляецца аўтарам музыкі “Гімна вёскі Алашкі” (аўтары слоў гімна – Людміла Ардынская і Мікалай Аўхімовіч). А яшчэ ў сям’і Буднік праследжваецца і творчая сямейная дынастыя. Дачка Ірыны, Яна Бука, таксама звязала сваё жыццё з культурай. Яна закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску працуе загадчыцай аўтаклуба ў Шаркаўшчынскім раённым цэнтры культуры. Яе маленькаму сыну Яраславу, унуку Ірыны, яшчэ толькі чацвёрты год. І хлопчыка даволі часта можна ўбачыць за кулісамі. Ужо сёння яму вельмі цікава назіраць за выступленнямі артыстаў, асабліва калі на сцэне – мама і бабуля. Хіба ў творчай сям’і можа быць інакш? Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.
|
|