«Пяю і сэрцам, і душой»: у раённым Цэнтры культуры прайшоў творчы вечар Івана Гарбачонка
28.02.2020
—
Новости Культуры
|
Нягледзячы на тое, што 23 лютага было не вельмі спрыяльнае надвор’е для наведвання мерапрыемстваў, якія рыхтавалі спецыялісты ўстаноў культуры гарадскога пасёлка і раёна да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, у глядзельнай зале РЦК сабралося даволі шмат прыхільнікаў таленту вядомага ўсім у нашым раёне чалавека — культарганізатара Навасельскага сельскага Дома культуры Івана Гарбачонка. Музыкант, кампазітар і выканаўца песень разам са сваімі роднымі, сябрамі і калегамі сустрэў юбілейны дзень нараджэння. А з чаго пачынаецца творчы вечар спевака? Канечне ж, з музыкі. Так і Іван Мяфодзьевіч вітаў шаноўную публіку песняй са сцэны. Вядучыя праграмы, а ў іх ролі выступілі выкладчыца Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Міхайлава і дачка юбіляра Надзея Гарбачонак, падкрэслілі, што Івана Мяфодзьевіча не трэба афіцыйна прадстаўляць шаркаўчанам, яго выдатна ведаюць усе — і людзі старэйшага пакалення, і моладзь. Ні адно культурна-масавае мерапрыемства ў гарадскім пасёлку не праходзіць без удзелу Івана Гарбачонка. Ён выступае як саліст-вакаліст, як удзельнік народнага хору “Спадчына”, выдатна іграе на гітары, баяне, клавішных інструментах. Нарадзіўся юбіляр у вёсцы Галінова, закончыў Казакоўскую васьмігодку, паралельна займаўся ў Шаркаўшчынскай музычнай школе. Маці і родныя валодалі добрым музычым слыхам і голасам. Іван таксама выдатна спяваў і іграў на гітары. Таму ў далёкім юнацтве ён і абраў для сябе прафесію культработніка. Паступіў на навучанне ў Маладзечанскае музычнае вучылішча на харавое аддзяленне. Набыўшы прафесію, адслужыўшы ў радах Савецкай Арміі, Іван вярнуўся на малую радзіму, каб назаўсёды жыць і працаваць у родных мясцінах. Падчас творчага вечара на сцэну выходзілі калегі і сябры Івана Гарбачонка, каб павіншаваць юбіляра, расказаць пра дружбу і ўзаемаадносіны з гэтым цудоўным чалавекам. Многія ведаюць, што на працягу многіх год юбіляр жыў у Болкалах, дзе працаваў дырэктарам мясцовага сельскага Дома культуры. Напрыклад, Міледзій Кукуць расказаў, што менавіта ён у пачатку 1980-х гадоў угаварыў Івана заняць пасаду дырэктара Болкалаўскага СДК, хоць той доўга не згаджаўся. С пачаткам работы Івана Гарбачонка на цэнтральнай сядзібе тагачаснага калгаса імя Ільіча ажывілася культурнае жыццё не толькі ў Болкалах, але і ў навакольных вёсках. Пры клубнай установе арганізавалася мноства гурткоў мастацкай самадзейнасці, кожныя выхадныя ладзіліся канцэрты, людзімі была перапоўнена глядзельная зала. Гэта быў незабыўны час. Цікавым момнтам творчага вечара было віншаванне ад былых калег Івана Мяфодзьевіча. Патэлефанавалі былыя загадчыцы аддзела культуры райвыканкама Вера Пятроўна Татаровіч і Фрыда Гаўрылаўна Талан. Словы віншаванняў юбіляр і прысутныя змаглі пачуць ад Ларысы Уладзіміраўны Якубёнак, якая шмат год адпрацавала дырэктарам метадычнага цэнтра. Відэавіншаванні даслалі таксама Галіна Пятроўна Сафончык, Аксана Паўлаўна Сініца, Людміла Аляксандраўна Казіцкая. У іх словах была шчырасць, сардэчнасць і чалавечая дабрыня. Удзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” таксама не засталіся ў баку. Івана Гарбачонка не проста павіншавалі з юбілеем, яму прысвяцілі свае вершы Міледзій Кукуць, Віктар Лагун, Ігар Дземідовіч. Падарункі, удзячныя словы за сяброўства і сумесную працу адрасавалі Івану Мяфодзьевічу ў той вечар народны хор “Спадчына” і яго кіраўнік Жанна Русак, аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць”, работнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Радзюкоўскага СДК, калектыў усходняга танца “Айша” і яго кіраўнік Аксана Міронава, спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённага цэнтра культуры. Хто ж не ведае пра даўняе сяброўства Івана Гарбачонка і Мікалая Марозава. Гэты таленавіты дуэт ужо напрацягу дзесяцігоддзяў радуе шаркаўчан сваім талентам, мілагучнымі галасамі, творчым майстэрствам. Вось і на юбілейным вечары яны выканалі некалькі песень пад авацыі гледачоў. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Віктаравіч Малюгін даўно падтрымлівае сяброўскія зносіны з Іванам Мяфодзьевічам, таму і сёння скарыстаў магчымасць, каб разам з жонкай прыйсці на яго творчы вечар. Ігар Віктаравіч уручыў юбіляру Ганаровую грамату Шаркаўшчынскага райвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры і ўклад у культурнае жыццё раёна. Таксама ён уручыў Падзяку ад раённага аб’яднання прафсаюзаў. Іван Гарбачонак узнагароджаны Ганаровай граматай упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Дочкі Івана Мяфодзьевіча Марыя і Надзея як і іх бацька валодаюць выдатным голасам, мілагучна спяваюць песні. Самым кранальным момантам свята стала іх сумеснае выступленне. Як сказаў потым юбіляр, яны зрабілі для яго незабыўны падарунак, бо даражэй і бліжэй іх, а таксама ўнучак і ўнука нічога няма і быць не можа. “Давайте жить, давайте будем жить, и счастье с радостью делить минуты вместе. И каждым часом, каждым мигом дорожить, ведь наша жизнь она как песня…» Радкі з гэтай цудоўнай песні выканалі разам удзельнікі свята у завяршэнні творчага вечара Івана Гарбачонка — таленавітага музыканта, спевака і цудоўнага чалавека. |
|