Пабачыла свет новая кніга нашага земляка Анатоля Шушко. 21.by

Пабачыла свет новая кніга нашага земляка Анатоля Шушко

21.06.2020 — Новости Культуры |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Книга Шушко
Пабачыла свет новая кніга самабытнага таленавітага паэта, нашага земляка Анатоля Шушко. Зборнік носіць назву «Паэзія – душы маёй суладдзе».

Пры жыцці Анатоль Шушко паспеў выдаць усяго дзве кнігі. У 1994 годзе ў бібліятэцы часопіса «Маладосць» выйшаў першы зборнік «Выток і прычасце». У 2012-м годзе Анатоль Іванавіч выдаў другі паэтычны зборнік «Шаны», за які атрымаў дыплом другой ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі». А ў 2014-м годзе за кнігу «Шаны» атрымаў прэстыжную абласную літаратурную прэмію імя У. Калесніка. У 2019 годзе намаганнямі жонкі паэта выйшла пасмяротная кніга Анатоля Шушко «Сэрцу соладка, ясна, трывожна».

Пад вокладкай новага паэтычнага зборніка сабраны вершы, якія раней не ўваходзілі ў папярэднія. Укладальнікам выступіла ўдава паэта Любоў Міхайлаўна Шушко. Кніга выйшла ў прыватным выдавецкім прадпрыемстве «Дзелавы друк» невялікім тыражом. Яна складаецца з раздзелаў «Спрабую словам светлы свет абняць», «Паэзіі шукаючы быццё», «Любові незамкнёны круг», «У сэрцы ёсць месца для ўсіх», «Працяг жывой размовы».

Шмат сваіх вершаў паэт прысвяціў любай Піншчыне, роднай вёсачцы Сташаны, маці і бацьку, блізкім людзям. Вось радкі з верша «Толькі там»:

«Мне заўсёды хочацца дамоў,
Як душою стыгну і стагну.
Толькі там памаладзее кроў,
Толькі там, як жаўранак, засну…».

Сташаны – дарагі яго сэрцу край дзяцінства, менавіта тут яго «выток і прычасце». Натхняюць паэта палескія мясціны, прыгажосць краявідаў, чуласць і непаўторнасць землякоў-палешукоў. Асобна, з вялікай цеплынёй гаворыць паэт пра калег па пяру, тых, хто натхняў яго на творчасць, а таксама пра сяброў-паплечнікаў. А такія радкі прысвячае Анатоль Шушко беларускай мове:

«Разам з Радзімаю маю аснову:
Светлую, ветлую Родную мову».

Глыбока разважае Анатоль Іванавіч пра сапраўдныя пачуцці – каханне і веру, самоту і надзею, а таксама пра паэзію, якая стала сэнсам яго жыцця:

«За кожнаю страфою застаецца
Няхай і дабрыня, і чысціня,
Каб наўсцяж крынічылася сэрца,
Спрабую словам светлы свет абняць»…

«У Анатоля Шушко – пільны мастацкі, паэтычны зрок. Ён у сваіх вершах быў здольны разгледзець тыя малюнкі, што дазваляюць адрозніць будзённасць і ўзнёсласць. Але – тую ўзнёсласць, якая паўсюль, якая звычайная, жывая, пранізлівая, якая прымушае нас шанаваць жыццё. У кожным паэтычным радку берасцейскага творцы прысутнічае сапраўднасць. Гэтым творы, якія склалі і кнігу «Паэзія – душы маёй суладдзе», і каштоўныя», – напісаў літаратурны крытык Мікола Берлеж.

…Анатоль Шушко пайшоў з жыцця 8 лістапада 2018 года, аднак ён паспеў пакінуць пасля сябе бясцэнную спадчыну. Кранальнае, непаўторнае, сакавітае слова нашага шчырага земляка па-ранейшаму гучыць над Палессем, над роднаю старонкаю.

Наталля МІЛЕЎСКАЯ

Понравилась статья? Поделитесь с друзьями!

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Культуры)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика