Цэнтр Еўропы і сэрца Еўразіі. 21.by

Цэнтр Еўропы і сэрца Еўразіі

16.11.2009 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусь і Казахстан маюць унікальны вопыт дыялогу культур.

Заўважана: часам карысна для справы, калі і ў навуцы ёсць доля суб’ектыўнасці. Той самы славуты чалавечы фактар. Пра гэта ўспомнілася на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Казахстан-Беларусь: вопыт гуманітарнага супрацоўніцтва і захавання міжнацыянальнай стабільнасці”. Сумесны форум культуролагаў, філосафаў, сацыёлагаў, педагогаў братніх краін у другі раз праходзіў у Мінску. “Нядаўна я даведаўся: Казахстан сёлета сабраў рэкордны ўраджай пшаніцы — 23 мільёны тон! І гэта мяне вельмі ўзрушыла, бо навіна мае і каласальнае міжнароднае значэнне,” — так пачаў выступленне беларускі акадэмік, сацыёлаг Яўген Бабосаў. Аказваецца, ён яшчэ ў 1956 годзе ў скла-дзе першага Беларускага студатрада быў у Казахстане, на ўборцы першага цаліннага ўраджаю. “Я званіў сябрам, якія былі са мной на цаліне, і гэта была наша агульная радасць, — прадоўжыў дакладчык. — Таму і з’явілася ідэя: а ці не паспрабаваць нам, карыстаючыся патэнцыялам канферэнцыі, прысутнасцю тут Пасла Казахстана, стварыць пры пасольстве таварыства “Беларускія сябры Казахстана”. Я ўпэўнены: многія з тых, хто быў на цаліне, служыў у арміі, працаваў у Казахстане, адгукнуцца. І гэта будзе актыўная, дзеяздольная суполка для развіцця нашых сяброўскіх кантактаў”.

Хоць з 1992 года ўжо існуе Таварыства дружбы “Беларусь-Казахстан”, аднак і я таксама падтрымаў бы такую суполку. Бо пабываў у канцы жніўня ў вельмі насычаным на сустрэчы прэс-туры па Казахстане, арганізаваным пасольствам гэтай краіны ў Беларусі. У краі цалінным, як сам пераканаўся, жывуць вельмі блізкія нам па духу людзі, культура якіх фарміравалася і з уплывам нашых продкаў. Пра гэта, дарэчы, можна шмат цікавага даведацца і з кнігі “Аз і Я” казахстанскага паэта, даследчыка, філосафа Алжаса Сулейменава, створанай у выглядзе падарожжа па тэксце “Слова пра паход Ігаравы“. “Гісторыя любога народа па сутнасці сваёй інтэрнацыянальная, — разважае ён. — І разглядваць яе з псеўда-патрыятычных пазіцый — значыць, папросту праяўляць некампетэнтнасць. Парушаючы прыродныя сувязі культуры, адразаючы яе ад жыватворнага космасу, мы рыхтуем ёй затхласць і выміранне”.

Пасол Казахстана ў Беларусі Анатоль Смірноў нагадаў, што леташні форум пісьменнікаў і культуролагаў нашых краін “Культурная спадчына ў дыялогу традыцый”, наладжаны пасольствам сумесна з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, мае добры працяг. Творы 17 беларускіх аўтараў змешчаны ў казахстанскім літаратурна-мастацкім часопісе “Прастор”, адпаведна і часопіс “Нёман” шырока прадставіў у адным з нумароў творы сяброў.

Сёлета ў Беларусі прайшлі Дні культуры Казахстана, беларусы мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй, традыцыямі, культурнай спадчынай братняга народа, угледзець яго сучаснасць на фотавыставе “Казахстан — сэрца Еўразіі”. Да таго ж на 16-й міжнароднай выставе-кірмашы “Кнігі Беларусі” Казахстан быў ганаровым госцем. А яшчэ ў Мінску адкрыты барэльеф выдатнаму пісьменніку і вучонаму Мухтару Ауэзаву, праходзілі вечары ў Доме дружбы, прысвечаныя асветнікам Абаю Кунанбаеву і Сакену Сейфуліну. Ды і музыканты, артысты, кінамайстры з Казахстана маюць магчымасць паказаць у нас сваё майстэрства. Пасол асабліва падкрэсліў, што Беларусь і Казахстан назапасілі ўнікальны і вельмі карысны для іншых краін вопыт дыялогу культур і захавання міжнацыянальнай стабільнасці. Як вядома, нашым краінам пасля распаду Савецкага Саюза ўдалося пазбегнуць канфліктаў на міжнацыянальнай глебе. “Я думаю, што гэта можна растлумачыць традыцыйнай для нашых народаў талерантнасцю, дружалюбнасцю, і, вядома ж, той мудрай і ўзважанай палітыкай, што праводзяць нашы прэзідэнты ў такім складаным і адчувальным пытанні, як міжнацыянальныя адносіны” — лічыць А.Смірноў.

Рэктар Універсітэта культуры Барыс Святлоў адзначыў, што нашы навукоўцы актыўна даследуюць праблемы міжнацыянальных зносін, міжкультурнага дыялогу. Ён прывёў меркаванне прэзідэнта Беларусі, выказанае сёлета пад час сустрэчы ў Мінску з прэм’ер-міністрам Казахстана, што стварэнне адзінай мытнай прасторы можа стаць добрым пачаткам для выхаду нашых краін з крызісу. А сама канферэнцыя — яшчэ адзін крок на шляху ўмацавання адзінай культурнай прасторы. “На мой погляд, яна не парушылася з часу распаду Савецкага Саюза, — удакладніў Б.Святлоў. — Шлях да паразумення паміж народамі ляжыць у сферы культуры, прызнання суверэнітэту, павагі да традыцый кожнага народа. Таму мы імкнемся пашыраць культурны і навуковы абмены, вывучаць сучасны стан культур, шукаць шляхі для вырашэння праблем у гэтых сферах”. Ён пагадзіўся, што згода ў грамадстве залежыць не ў апошнюю чаргу і ад палітыкі дзяржавы. “У Беларусі створаны добрыя ўмовы для развіцця культуры і традыцый прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў, што пражываюць у краіне. Яркі прыклад — работа нашай установы, у якой працуюць прафесары і выкладчыкі розных нацыянальнасцяў. Мы нямала зрабілі для вывучэння культур народаў і народнасцяў, іх самабытнасці. Ва універсітэце праводзяцца міжнародныя сустрэчы, канферэнцыі, ідзе шырокі абмен творчымі калектывамі з розных краін”. Барыс Святлоў назваў творчасць людзей, увасобленую ў мастацтве, своеасаблівым люстэркам душы народаў. Рэктар прывёў меркаванне Аляксандра Лукашэнкі, які назваў культуру, мастацтва яшчэ адной галіной улады. І што менавіта культуры належыць важнейшая роля ва ўмацаванні духоўнага адзінства грамадства.

Асаблівую значнасць канферэнцыі ў Мінску надавала тое, што яна праходзіла неўзабаве пасля юбілейнай, 15-й сесіі Асамблеі народа Казахстана. Як адзначалася на канферэнцыі, у аснове дзейнасці АНК — дэмакратычны прынцып роўнасці магчымасцяў усіх грамадзян Казахстана незалежна ад іх нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасці. Казахі, рускія, беларусы, уйгуры — усяго больш за 130 этнасаў у міры і згодзе жывуць там. Дарэчы, нашы землякі, дэпутат Мажыліса Парламента Леанід Піталенка і прафесар з Алматы Аляксей Цэхавой былі ўдзельнікамі сесіі, яны ж і выступалі на канферэнцыі з дакладамі. А з размоваў з імі ў перапынках я зразумеў: гэтым беларусам з іх талерантнасцю, працавітасцю, міралюбствам камфортна і ў цэнтры Еўропы, якім з’яўляецца Беларусь, і ў сэрцы Еўразіі — Казахстане…

Яшчэ адна знакавая фігура на канферэнцыі — прафесар Павел Атрушкевіч. Беларус з-пад Стоўбцаў, які паўвека жыцця аддаў Казахстану, 14 гадоў быў рэктарам Казахскай галаўной архітэктурна-будаўнічай акадэміі. “Я Паўла Аляксандравіча да гэтай сустрэчы ў Мінску не ведала асабіста, аднак магу сказаць: яго завочна ў Казахстане ведаюць усе!” — запэўніла мяне госця з Алматы, прафесар філасофіі Альміра Наурзбаева. Варта нагадаць, што ўсенародную вядомасць Атрушкевічу прынесла менавіта праца ў якасці дэпутата парламента, а таксама намесніка старшыні АНК: 9 гадоў ён быў у Асамблеі, можна сказаць, “правай рукой” Нурсултана Абішавіча Назарбаева… А цяпер жыве ў Мінску, летам — у Новым Свержні, бліжэй да роднай вёскі Мархачоўшчыны. І калі сябар Леанід Піталенка ўручаў яму на канферэнцыі памятны знак з выявай буслоў, выпушчаны сёлета ў Казахстане да 100-годдзя з часу масавых пасяленняў беларусаў у гэтай краіне, Атрушкевіч усхвалявана заўважыў: “Вось такіх буслоў кожную вясну мы цяпер сустракаем з выраю, а буслянка каля нашага дома…”

Дарэчы, потым жонка прафесара, Ларыса Аляксандраўна, патлумачыла мне: так, спецыяльна на пачатку красавіка выязджаюць яны, былыя казахстанцы, у Новы Свержань, бліжэй да Нёмана — і чакаюць хвалюючага моманту вяртання буслоў на радзіму…
Іван Ждановіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь і Казахстан маюць унікальны вопыт дыялогу культур.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика