Якім стаўся 2009 год для прадпрымальнікаў
28.12.2009 18:26
—
Новости Экономики
|
Ужо можна і трэба падсумаваць вынікі гэтага года для дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, а таксама акрэсліць для іх перспектывы развіцця ў 2010 годзе.
ПЛЮСЫ Плюс 1 Старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімір Карагін публічна заўважыў, што 52 пункты са 145, якія змяшчае Нацыянальная платформа бізнесу, былі ўладамі выкананы, што сведчыць аб пэўнай лібералізацыі заканадаўства для ўсіх зацікаўленых бакоў. Плюс 2 Асобныя мясцовыя чыноўнікі (Бабруйск, Орша, Барысаў, Віцебск і інш.) пачалі размаўляць на нармальнай мове з прадпрымальнікамі, а не адразу настаўляць на іх “наган” у спрэчных сітуацыях. Гэта тычыцца і арэндных ставак, і нейкіх рабочых момантаў. Плюс 3 Перасталі бачыць у прадпрымальніках “вашывых блох” і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, якія на працягу апошніх 15 гадоў фарміравалі ў тых жа чыноўнікаў і радавых спажыўцоў негатыўнае ўяўленне пра іпэшнікаў. На думку кіраўніка руху “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, гэтаму ў значнай ступені паспрыяла тая акалічнасць, што “падчас крызісу дзяржава пачала шукаць ратаванне і ў нас”. Плюс 4 Быў уведзены мараторый на “веерныя” праверкі прадпрымальнікаў, што істотна знізіла ступень іх палітычнай актыўнасці. Іпэшнікі правяраліся толькі “па наводцы”. Згодна з рэйтынгам “Выплата падаткаў-2010. Сусветная карціна”, прасцей за ўсё плаціць падаткі на Мальдывах, у Катары, Ганконгу і ААЭ, а самае складанае падаткаабкладанне — у Беларусі (183 месца), Венесуэле (182) і Украіне (181). Расія ў гэтым рэйтынгу заняла 129 месца. Каб заплаціць падаткі (усяго 11), расійскай кампаніі патрабуецца ў сярэднім 320 гадзін у год. Для параўнання: на Мальдывах падаткаплацельшчыку неабходна заплаціць толькі адзін падатак, а ў Беларусі — 107. Мальдыўская кампанія практычна не траціць на гэта час, а беларуская адводзіць на выплату падаткаў 900 гадзін у год. МІНУСЫ Мінус 1 У 2009 годзе нават узмацнілася лабіраванне інтарэсаў буйнога бізнесу. У такіх гарадах, як Салігорск, Баранавічы, Магілёў, Слонім і Барысаў былі ліквідаваны мясцовыя рынкі і рыначкі, а на іх месца прыйшлі буйныя бізнесмены. Зразумела, па якой схеме гэта рабілася. Мінус 2 З таго, што было наабяцана дробнаму і сярэдняму бізнесу ў заканадаўчым плане, на справе амаль нічога не зроблена ці перанесена на наступны год. Так, закон аб дробным і сярэднім прадпрымальніцтве плануецца прыняць у 2010 годзе. Вясной гэтага ж года будуць разглядаць і магчымую адмену ліцэнзавання шматлікіх відаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Мінус 3 Індывідуальных прадпрымальнікаў актыўна “выпіхваюць” з рознічнага гандлю харчовымі прадуктамі, алкагольнымі напоямі і тытунёвымі вырабамі. Купіць піва ці цыгарэты ў кіёсках у Мінску цяпер амаль немагчыма, што стварае дадатковыя нязручнасці для радавых спажыўцоў. Мінус 4 Як сцвярджае той жа Гарбачоў, на так званых мэтавых праверках прадпрымальнікаў дзяржава “адбіла” свае грошы буйнымі штрафамі ад 1 да 100 тысяч долараў. Мінус 5 Нягледзячы на тое, што саміх індывідуальных прадпрымальнікаў стала больш у параўнанні з 2008 годам (227 000 супраць 221 000), “драконаўскія” ўмовы іх дзейнасці, уведзеныя дзяржавай параўнальна нядаўна (абмежаванне колькасці наёмных работнікаў, ускладненне падатковай сістэмы і г.д.), засталіся. А павялічылася колькасць іпэшнікаў толькі таму, што з-за крызісу і адчаю людзі з заводаў вырашылі падацца на рынкі. ПРАГНОЗ на 2010 год Уладзімір Карагін лічыць, што ён будзе горшы за 2009-ты — маўляў, камерсанты чакаюць другой хвалі крызісу. Прычыны наступныя: зніжэнне пакупніцкай здольнасці грамадзян, складанасці ва ўзаемаразліках, дарагія банкаўскія крэдыты, рост канкурэнцыі. Плюс незразумеласці будучага Мытнага саюза паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. Віктар Гарбачоў таксама нічога добрага не чакае ад наступнага года: “Арэндная плата для нас, магчыма, недзе з лютага павысіцца на 10—15%. Ніякіх падатковых паслабленняў, перакананы, не чакаецца. Грамадскія аб’яднанні прадпрымальнікаў “не пад уладай” рэгістраваць не будуць – фактар прэзідэнцкіх выбараў у краіне. Разнарадкі на аб’ём штрафаў ад праверак іпэшнікаў будуць мець месца”. КОШТЫ НА ТАВАРЫ НА РЫНКАХ Як мяркуе Гарбачоў, цягам будучага года гэтыя кошты (у рублях) павысяцца адсоткаў на 40: “Мы ў сваёй дзейнасці толькі плывём у фарватэры дзяржаўнай цэнавай палітыкі. А тое, што адбудзецца паступовая дэвальвацыя нашага рубля і вырасце інфляцыя, сумнявацца не выпадае”. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ужо можна і трэба падсумаваць вынікі гэтага года для дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў, а таксама акрэсліць для іх перспектывы развіцця ў 2010 годзе
|
|