На нафтавым фронце — доўгачаканыя перамены. Яшчэ пры канцы мінулага году пачаліся перамовы аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе, якія завяршыліся толькі праз месяц. На чыю карысьць падпісаныя выніковыя дакумэнты? І ці ёсьць пераможца ў зацягнутай нафтавай вайне?
Толькі трэці нафтавы візыт першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі ў Маскву даў плён. Чакалася, што пагадненьне аб пастаўках нафты будзе падпісана яшчэ 30-31 сьнежня 2009 году. Аднак тады беларуская дэлегацыя паскардзілася, што на яе быў учынены беспрэцэдэнтны ціск. Другі раз Сямашка паехаў у Маскву 9 студзеня. І зноў вярнуўся ні з чым. Расейскі бок папярэдзіў: калі афіцыйны Менск будзе зацягваць нафтавыя перамовы, то Беларусь пазбавіцца ўсялякіх ільготаў на нафту.
Увечары 27 студзеня нарэшце было абвешчана: шматпакутная дамова на пастаўку нафты ў Беларусь падпісаная. Аб’ём бязмытных паставак складзе 6,3 мільёна тон штогод. Ня будуць абкладацца мытам аб’ёмы, пастаўленыя на беларускія НПЗ, а затым экспартаваныя ў Расею ў выглядзе нафтапрадуктаў. Па выніках перамоваў Сямашка, у прыватнасьці, адзначыў: «Нам атрымалася даказаць, што ўнутраныя патрэбы Беларусі ў нафце складаюць не 5 мільёнаў тон, а 6,3 мільёнаў, без уліку ўнутранай здабычы. Кошт гэтага пытаньня — 1 мільёна 400 тысяч даляраў».
Уладзімер Сямашка асабліва падкрэсьліў, што дасягнутыя дамоўленасьці даюць магчымасьць істотна павялічыць лічбу бязмытных паставак нафты за кошт пэрспэктыўных пазыцый. Да 1 кастрычніка будуць ацэненыя тэмпы росту беларускай эканомікі, якія могуць скласьці па прагнозе 10-11% ВУП, і Беларусь мае права прапарцыянальна павялічыць квоту бязмытных паставак нафты. Аднак бальшыня экспэртаў перакананыя, што Менск капітуляваў у зацягнутым канфлікце.
Кіраўнік цэнтра Мізэсу Яраслаў Раманчук: «У гэтым процістаяньні, безумоўна, выйграла Расея. Яна настойвала, каб сырая нафта бяз мыта трапляла ў Беларусь толькі ў памеры ўнутранага спажываньня, і гэты прынцып застаўся. Беларускі бок страціў ад гэтай дамовы каля 4% ВУП. Гэта магутная рэч, бо трэба адаптаваць сёньня і свой плацёжны балянс, і валютную палітыку да таго, што ў бюджэце ня будзе грошай, каб разьлічваць на такі экстэнсіўны рост, які быў заплянаваны на гэты год. Лукашэнка здаўся, і Крэмль, відавочна, будзе працягваць сваю стратэгію на тое, што трэба дэкляраваць інтэграцыю, аб’яднаньне, павялічваць эканамічны ціск на ўмовах Расеі».
Які палітычны і грашовы кошт «нафтавай капітуляцыі»? Падлічым палітычныя і фінансавыя страты і прыбыткі Беларусі. Паводле падпісаных дамоваў, Беларусь сёлета маецца атрымаць 21,5 мільёна тон расейскай нафты, зь якіх мытам ня будзе абкладзена 6,3 мільёна тон. Менск жа хацеў, каб уся нафта пастаўлялася бязмытна. Калі лічыць гіпатэтычна недаатрыманыя даходы беларускага боку, то гэта — 4 мільярды 58 мільёнаў даляраў. Такую суму давядзецца заплаціць у выглядзе мыта за 15,2 мільёна тон нафты ў памеры 267 даляраў з тоны.
Аднак, просячы ўсю нафту бяз мыта, Менск рэальна мог спадзявацца хаця б на тое, што захаваюцца ўмовы, паводле якіх Беларусь атрымлівала нафту летась. Тады плацілася траціна стандартнага экспартнага мыта на нафту. Калі перавесьці ў сёлетнія ўмовы, то гэта значыла б атрыманьне бязмытна 8,5 мільёна тон — падлічыў былы супрацоўнік Міністэрства энэргетыкі Беларусі Валянцін Мацкевіч. Такім чынам, у беларускім бюджэце па выніках «нафтавай вайны» зьявіцца немалая «дзірка»:
«Фактычна расейцы зьменшылі колькасную лічбу ільготы на аб’ём вытворчасьці беларускай нафты — каля 2 мільёнаў тон. Гэта было закладзена ў бюджэт, таму і так цяжка разьвітваліся з гэтым. Зараз будуць шукаць, як закрыць дзіркі. Ужо была заява Пятра Пракаповіча, што давядзецца Нацбанку папрацаваць у гэтым кірунку».
Загадчык аддзелу расейскага Інстытуту краін СНД Аляксандар Фадзееў мяркуе, што беларускі бок ня меў ніякіх шанцаў адстаяць сваю пазыцыю, а ўхваленыя ўмовы, якія даюць ільготу на 6,3 мільёна тон нафты, — узаемапрымальныя. Яны прапанаваныя Менску як асабліваму партнэру:
«Расея дала практычна прыхаваную субсыдыю Беларусі. Зараз цяжка ацаніць, на колькі пацягне гэтая субсыдыя, бо цэны на нафту мяняюцца, але дзесьці каля 2 мільярдаў даляраў. Беларусь, якая знаходзіцца ў дастаткова цяжкіх фінансава-эканамічных умовах, атрымлівае такую падтрымку ад Расеі».
Ацэньваючы палітычныя вынікі «нафтавай вайны», палітоляг Аляксей Кароль зазначыў, што Расея атрымала перамогу на гэтым «фронце»:
«У выніку асаблівыя адносіны, пра якія казаў Мядзьведзеў і ня раз згадваў Лукашэнка, паміж Беларусьсю і Расеяй як бы пацьвердзіліся. Але адначасова перамовы паказалі, што „асаблівыя адносіны“ ўступаюць у новую фазу, фазу большай залежнасьці Лукашэнкі ад Крамля. Ягоная гульня на два бакі звужаецца, і, па сутнасьці, адзіным выйгрышам Беларусі можа стаць шлях на ўмацаваньне адносін на заходнім вэктары».
Аляксей Кароль перакананы, што здача пазыцыяў у нафтавай вайне зрабіла больш відавочным правал ранейшай эканамічнай палітыкі Лукашэнкі.
Калі нафтавыя пытаньні паміж саюзьнікамі збольшага вырашаныя, то навінаў пра пэрспэктыву дамоўленасьцяў па транзыце расейскай электраэнэргіі праз Беларусь не было да вечара пятніцы. Апошні раўнд прайшоў 23 студзеня ў Маскве, а 29 студзеня прадстаўніца Міністэрства энэргетыкі Людміла Зяньковіч заявіла, што «Интер РАО ЕЭС» і «Белэнэрга» падпісалі ў Маскве кантракт на 2010 год. Пры гэтым падрабязнасьці дамовы не паведамляліся. Кіраўнік прэс-службы кампаніі «Интер РАО ЕЭС» Цімур Бялоў толькі сказаў, што расейскі бок збольшага задаволены ходам перамоваў:
«Ёсьць схема доўгатэрміновага ўзаемадзеяньня, супрацоўніцтва паміж „Белэнэрга“ і „Интер РАО ЕЭС“. У рамках гэтай схемы падпісаныя пяцігадовыя доўгатэрміновыя пагадненьні на транзыт і пастаўку электраэнэргіі ў Беларусь. Таму штогод вызначаецца цана і ўмовы паставак. Дамовы ёсьць, цяпер трэба проста кантракты на 2010 год зацьвердзіць».
Відавочна, скокнуць у апошні вагон усё ж удалося. Як гаворыцца ў прэс-рэлізе расейскай кампаніі, cёлета, як і ў мінулыя гады, мяркуецца ажыцьцяўляць транзыт празь беларускія сеткі ў Калінінградзкую вобласьць і ў краіны Балтыі. Тарыф на транзыт мяняецца прапарцыянальна цане электраэнэргіі, якая пастаўляецца ў Беларусь.
Фармальна бакі павінны былі падпісаць міждзяржаўны дакумэнт, які рэгулюе пастаўкі і транзыт электраэнэргіі, яшчэ да канца студзеня. Нагадаем, што 4 студзеня канцэрн «Белэнэрга» папярэдзіў пра магчымасьць спыненьня пастаўкі расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць, бо ўмовы транзыту не былі ўзгодненыя.
Фінансавую стабільнасьць на 2010 год паабяцаў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч. Ён падсумаваў вынікі выкананьня Асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі краіны за 2009 год і акрэсьліў задачы на сёлета.
Спадар Пракаповіч сказаў, што рэальныя грашовыя прыбыткі насельніцтва павінны павялічыцца на 14-15%. Гэта можна зрабіць, аднавіўшы высокі эканамічны рост, які быў да крызісу. Адпаведная задача пастаўлена і перад банкаўскай сыстэмай:
«Нацыянальная валюта ў кошыку валют будзе вагацца ў памеры плюс-мінус 10%. Але калі летась мы казалі толькі пра дэвальвацыю беларускага рубля, то сёлета мы кажам пра тое, што будзе ня толькі дэвальвацыя, але і ўмацаваньне. Мы больш думаем пра тое, што па выніках году ў нас будзе, магчыма, і невялікае ўмацаваньне рубля ў кошыку валют».
Былы старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч таксама прадказвае сёлета фінансавую стабільнасьць. Але пры адной важнай умове — калі Беларусь пагодзіцца жыць у доўг:
«Напрыканцы мінулага году атрымалі крэдыт 700 мільёнаў даляраў ад Міжнароднага валютнага фонду. У першым квартале атрымаем яшчэ 700. Ашчадны банк Расеі абяцае 2-3 мільярды даляраў. Нам яшчэ пакуль пазычаюць. Адсюль і ствараецца такі страхавы фонд у выглядзе пазык. І таму на валютным рынку ўсё можа быць спакойна. Калі мы па-ранейшаму пагаджаемся жыць у доўг».
Прафэсар Багданкевіч таксама ўдакладняе: урад сёлета заплянаваў, што імпарт перавысіць экспарт на 6 мільярдаў даляраў. І гэтыя 6 мільярдаў будуць пакрытыя альбо пазыкамі, альбо продажам маёмасьці — нафтаперапрацоўчых ці іншых прадпрыемстваў.
Але калі усё так добра, то ці няма сэнсу зьменшыць працэнт, пад які насельніцтва бярэ валютныя крэдыты? Галоўны банкір краіны адказаў, што гэта вырашыцца не раней чым напрыканцы сёлетняга году:
«Трэба ўсё ўзважыць. А то дадзім людзям валютныя крэдыты, а раптам з валютай нешта здарыцца. Дзяржава ж ня можа перакласьці гэтую рызыку на плечы насельніцтва».
Зноў падвысіліся кошты на аўтамабільнае паліва — у сярэднім на 2%. У канцэрне «Белнафтахім» далі зразумець, што гэта не апошняя карэкцыя: мяркуецца, што бліжэйшым часам падвышэньне агулам складзе 10% ад коштаў, якія былі на канец 2009 году. А падвышэньне тлумачаць стратнасьцю рэалізацыі бэнзіну на ўнутраным рынку, а таксама пагаршэньнем ўмоваў экспарту нафтапрадуктаў зь беларускіх НПЗ.
Дзеля справядлівасьці, цяперашняе падаражаньне — адно з самых неістотных за апошнія гады, бо ў сярэднім склала 50 рублёў на літар. Але прадстаўнікі «Белнафтахіму», якія на мінулым тыдні абвяргалі магчымасьць хуткага падвышэньня, прызналі: рост цэнаў будзе адбывацца паступова.
Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка лічыць, што цяперашнія кошты на паліва ніяк не адпавядаюць кашалькам беларусаў. Людзі ўсё часьцей стаяць перад дылемай: ехаць аўтамабілем ці ўсё ж заашчадзіць, скарыстаўшыся грамадзкім транспартам?
«Кошт на бэнзін — асноўны біч аўтамабілістаў. Ва ўмовах Беларусі, калі літар бэнзіну каштуе даляр — гэта занадта. Цікава, што заўсёды назіралася тэндэнцыя: у выпадку падвышэньня коштаў на нафту цана на бэнзін неадкладна вырастала. А вось у выпадку паніжэньня такога імпэту не было. Хоць залежнасьць наўпроставая: панізіўся кошт нафты на ўсясьветных біржах — значыць, і нас гэта павінна зачапіць. Падвысіўся — адбываецца аналягічнае. Аднак адсутнасьць жорсткай прывязкі да цаны якраз і не падабаецца аўтамабілістам, якія як добрая дойная карова для дзяржавы».
Паводле міжнароднага дасьледаваньня коштаў на бэнзін у 170 краінах сьвету, самае таннае паліва ў Туркмэністане — 2 цэнты за літар 92-га бэнзіну. Удвая даражэйшы бэнзін у Вэнэсуэле — 4 цэнты. Сьледам — буйныя экспартэры нафты: Катар, Бахрэйн, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У цэнавым калідоры ад 50 цэнтаў да 1 даляра — пераважна краіны, якія разьвіваюцца, а таксама дзяржавы, якія субсыдуюць спажыўцоў. Больш за іншых пакідаюць грошай на АЗС эўрапейцы.
Каб ацаніць даступнасьць паліва, экспэрты карыстаюцца «індэксам бэнзабаку» — колькі можа заліць паліва чалавек у той ці іншай краіне з заробку. Бясспрэчным лідэрам тут Вэнэсуэла — на сярэднямесячны заробак вэнэсуэлец можа напоўніць блізу чатырох сотняў бакаў. Горшыя справы ў бедных краінах: на Філіпінах, у Кеніі, Індыі звычайны працаўнік можа заправіць поўны бок ня болей чым 5 разоў на месяц. Менск у гэтым рэйтынгу гэтаксама на апошніх пазыцыях. Сярэдні заробак у Беларусі вагаецца ў межах 1 мільёна рублёў, што крыху больш за 300 даляраў. Гэтых грошай хопіць, каб заліць у машыну 350 літраў 95-га бэнзіну, які каштуе акурат 1 даляр за літар. Пры 50-літровай ёмістасьці — 7 бакаў на месяц.