У нас адна ўмоўная адзiнка — рубель. 21.by

У нас адна ўмоўная адзiнка — рубель

13.03.2010 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра некаторыя асаблiвасцi разлiкаў на беларускiм рынку тавараў i паслуг у эквiваленце iншых валют наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускiм эканамiстам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусi Л.Ф. Заiкам.

— Леанiд Фёдаравiч, памятаеце, слынны персанаж Астап Бэндэр лiчыў карысным чытаць газеты, бо там шмат чаго цiкавага друкуецца. Думаецца, што яго, як эксклюзiўнага спецыялiста па адбiраннi адносна сумленнымi спосабамi грошай у заможных суграмадзян, прыцягнулi б аб'явы ў сённяшнiх газетах наступнага зместу: "Вокны з ПВХ — ад 30 у.а.!", "Шафы-купэ поўнай камплектацыi — 1,5 — 220 у.а., 2,0 — 250 у.а., 3,0 — 375 у.а.", "Падлога ламiнiраваная — ад 8 у.а. кв. м", "Мэбля — ад 300 у.а.", "Дзверы металiчныя — ад 155 у.а." Гэты пералiк тавараў даволi шырокага ўжытку за грошы пад назвай "у.а." можна працягваць i працягваць. Кошт адпачынку таксама ёй вымяраецца, напрыклад, "Грэцыя — ад 99 у.а.". Адкуль яна ўзялася на нашу галаву, гэтая "ўмоўная адзiнка"?

— Адкажу, але адразу невялiкая заўвага. Цэны можна пiсаць ва "ўмоўных адзiнках", а прадаваць у Беларусi толькi за беларускiя рублi. Iнакш гэта будзе парушэнне закона i адпаведнае пакаранне. А цяпер што такое "ўмоўная адзiнка". Думаеце, iншая назва долара цi еўра? Не. У Беларусi ёсць адна грашовая "ўмоўная адзiнка" — рубель. Усе iншыя валюты — безумоўныя адзiнкi. Так i толькi так варта разглядаць з пункту погляду эканомiкi цэны ва "ў.а.".

А цяпер некалькi слоў адносна гiсторыi пытання. Ва ўсiх краiнах, якiя праходзяць праз сiстэмны крызiс, узнiкаюць вялiкiя праблемы з уласнай грашовай адзiнкай. Надыходзiць час, калi там грошы з-за аб'ектыўных i суб'ектыўных прычын перастаюць паўнацэнна працаваць. А яны, нагадаю, павiнны строга i няўхiльна выконваць пяць функцый: мера кошту, сродак абароту, сродак плацяжу, надзейны сродак зберажэнняў цi як яшчэ кажуць — скарбаў. Асобныя валюты выконваюць ролю сусветных грошай: долар, еўра, iена. У свой час савецкi рубель паступова перастаў выконваць гэтыя функцыi i ператварыўся ў грашовы сурагат: каляровыя паперкi, якiя страчвалi плацежаздольнасць. На змену гэтым сурагатным грошам прыйшлi iх замяняльнiкi ў выглядзе "вечназялёных" амерыканскiх долараў. Хоць яшчэ зусiм нядаўна iх наяўнасць у савецкага грамадзянiна, а тым больш нейкiя аперацыi з iмi, лiчылася сур'ёзным злачынствам. Аднак у 90-х гадах долары выцiснулi савецкiя грошы, якiя тады перасталi быць мерай кошту тавараў. Гэту функцыю ўжо выконваў долар, якi дыпламатычна назвалi "ўмоўнай адзiнкай" — "у.а". Праз яе ўжо вёўся продаж цi пакупка вельмi многiх тавараў.

— Наколькi я памятаю, гэта быў даволi складаны, хваравiты i нярэдка драматычны працэс на яшчэ пакуль савецкай прасторы.

— Так. I суправаджаўся ён стратай павагi i даверу да непахiснага некалi савецкага рубля. Першымi ад яго адмовiлiся тады савецкiя рэспублiкi Прыбалтыкi, якiя памiж сабой ужо цiха вырашылi iсцi на Захад, а таму пачалi актыўна пазбаўляцца ад савецкай наяўнасцi. "Прыбалты" везлi ў рэспублiкi Савецкага Саюза чамаданы грошай, асаблiва ў суседнюю Беларусь, i скуплялi ў нас аўтамабiлi, тэхнiку, тавары шырокага спажывання, сельгаспрадукцыю. Напрыклад, прапаноўвалi добрую цану ў памежных раёнах за кароў, iншую жывёлу, птушку. Лiхаманкава "скiдвалi" таксама савецкiя грашовыя знакi i жыхары рэспублiк Сярэдняй Азii. Узбекi прывозiлi да нас мiльёны наяўных рублёў i "вымяталi" склады баз i крамаў. Прычым таксама за цаной не стаялi.

— Чаму такi недавер узнiк у нашых былых братоў па Саюзе да савецкага рубля?

— Адказ просты: ён перастаў выконваць такую вельмi прывабную для савецкiх грамадзян, асаблiва дзялкоў ценявога бiзнэсу, функцыю зберажэнняў, а ў апошнiх — назапашвання багаццяў. Тагачасныя махляры, раскрадальнiкi дзяржаўнай уласнасцi, так званыя "цэхавiкi", велiзарныя грошы (у асноўным пяцiдзесяцiрублёвыя асiгнацыi) захоўвалi пераважна ў трохлiтровых слоiках са шкла, якiя закопвалi ў зямлю. Пра афшорныя зоны, схемы вываду капiталаў у замежныя банкi тады нават i не марылi. У мэтах палегчыць цiск грашовай масы на бедны рынак СССР яго мiнiстр фiнансаў Паўлаў iнiцыяваў аднойчы вывад з абароту пяцiдзесяцiрублёвых асiгнацый. Але гэты адчайны крок, як i iншыя меры, не здолелi супынiць знiжэнне курсу савецкага рубля. А вось долар ЗША выдатна спраўляецца з функцыяй назапашвання скарбаў для багатых i зберажэнняў для астатняга насельнiцтва. Увогуле без гэтай функцыi грошы ўжо не грошы.

— Усё гэта зразумела. Але з'яўленне "ўмоўнай адзiнкi" было вымушанай рэакцыяй на выклiканы развалам СССР эканамiчны крызiс, яе прысутнасць на рынку ўяўлялася часовай. Той крызiс даўно скончыўся, а "ў.а." засталася i яна па-ранейшаму ў нас у пашане. Чаму?

— "У.а." — гэта не зусiм чыста антыкрызiсная мера. "У.а." — у першую чаргу лiчыльная адзiнка, кажучы навуковай мовай, мера кошту, напрыклад, паўсядзённых тавараў, працы, прапорцый памiж пенсiяй i заработнай платай. "У.а." узнiкае як пераходная мера на шляху развiтання са старымi грашыма да ўзнiкнення i ўмацавання новых грашовых знакаў. На постсавецкай прасторы ў якасцi "ўмоўнай адзiнкi" быў абраны долар ЗША. Але, заўважце, мы ў свой час усё ж не перайшлi поўнасцю на долар, хоць пры вялiкiм жаданнi маглi б. Не перайшлi, бо апасалiся негатыўных наступстваў гэтага кроку.

Памятаеце, тады ўвогуле ўзнiкалi таварныя замяняльнiкi грошай. У нас адзiн час у хаду была так званая "вадкая валюта", а яе адзiнкай вымярэння стала бутэлька гарэлкi. Цяпер смешна пра гэта казаць. I мы не адзiнкавыя ў такiх вынаходствах. У Югаславii падчас вайны самым хадавым замяняльнiкам грошай на пэўны час стала канiстра бензiну.

— У тыя складаныя часы ўзнiкла i, здаецца, надзейна прыжылася яшчэ адна грашовая мера — так званая базавая велiчыня. Яна, што, сястра "ўмоўнай адзiнкi"?

— Паралельна з "у.а." для вызначэння памераў суадносiнаў заработнай платы i памераў сацыяльных выплат, пенсiй, стыпендый, розных плацяжоў, у тым лiку камунальных, штрафаў, была ўведзена адна базавая велiчыня. Яе роля шмат у чым супадае з задачай "у.а." у разлiках за тавары i паслугi. Базавая велiчыня — таксама часовая мера. Яна з часам аб'ектыўна павiнна знiкнуць, як i паняцце "ў.а.", якое ўжо ператварылася ў перажытак часоў пераходу да рынкавай эканомiкi.

— Будзем спадзявацца. Але пакуль "у.а" няблага сябе адчувае. На цярнiстым шляху ад старых да новых грошай "умоўная адзiнка" нярэдка паводзiць сябе як сапраўдны хамелеон. Як толькi курс долара iстотна знiзiўся ў адносiнах да еўра, то многiя нашы вынаходлiвыя прадпрымальнiкi "ў. а." пачалi лiчыць у еўра, чым iстотна павысiлi кошт тавараў i паслуг у рублёвым эквiваленце. Скажам, пакой у кватэры для двух iншагароднiх студэнтаў раней быў (у доларах) 150 "у.а." у месяц плюс камунальныя плацяжы, то цяпер 150 еўра плюс камунальныя плацяжы. "У.а." столькi ж, але ў беларускiх рублях плата вырасла.

— Гэта тактычны ход прагных да заробкаў нашых асобных суграмадзян. На жаль, я не валодаю статыстыкай пераводу "ў.а." з долара ў еўра, але з пачаткам знiжэння курсу апошняга, думаю, такая практыка запаволiцца. Затое я ведаю, што традыцыйна беларусы давяраюць долару больш, чым iншым замежным валютам. Хоць дзе тая Амерыка, а Еўрасаюз вось ён, побач, мы мяжуем з яго краiнамi. Але чамусьцi беларусы долар шануюць больш. Менавiта ў доларах вядзецца разлiк цэнаў за кватэры i дамы, аўтамабiлi, у доларах захоўваецца большая частка зберажэнняў "у панчохах", у доларах, нарэшце, карупцыянеры бяруць i даюць хабар. Карацей, ён пакуль унiверсальны як мера вызначэння кошту тавараў i паслуг. Такi вось парадокс.

Па-другое, усе знешнеэканамiчныя разлiкi ў нашай краiне робяцца ў доларах, з гэтай валютай працуюць амаль усе вядомыя i ўплывовыя мiжнародныя арганiзацыi, напрыклад, ААН. Дарэчы, i Сусветны банк усё лiчыць у доларах, скажам, аб'ёмы валавога ўнутранага прадукту краiн свету, якiя ўваходзяць у ААН.

А тое, што частка нашага малога i сярэдняга бiзнэсу пачала весцi разлiкi "у.а." у еўра, так гэта iх маленькiя хiтрыкi, iмкненне трохi больш зарабiць. Яны, гэтыя хiтрыкi, паверце, не маюць нiякага дачынення да рэальнага кошту долара i еўра. З такiм жа поспехам можна ўзяць за адну "ў.а." мангольскi тугрык, песо цi ўвогуле якую-небудзь экзатычную афрыканскую валюту.

— Здзiўляе i абурае, што рублёвы змест "у.а." прадпрымальнiкi i гандляры вызначаюць як хочуць. У адных долар цi еўра адпавядае курсу Нацбанка, у другiх — як у абменных пунктах на дзень продажу, у трэцiх нават вышэй на 50—100 рублёў, чым у "абменнiках".

— Выйсце адно — канчаткова скасаваць "у.а.". У нашай краiне, паўтаруся, забаронена весцi разлiкi ў замежнай валюце, толькi за беларускiя рублi. I гэта правiльна. У Расii, напрыклад, рашуча пазбавiлiся ад ужывання "ў.а.". Там забаронена яе выкарыстоўваць у аб'явах, пiсаць на цэннiках. Усё купляецца i прадаецца выключна за расiйскiя рублi. Ды i ў нас можна знайсцi ўсё больш аб'яў аб продажы тавараў, тых жа камп'ютараў, за беларускiя рублi. "Умоўная адзiнка" павiнна сысцi з практыкi разлiкаў. Гэта ўжо несучасна. Дзе вы бачылi ўжыванне "у.а." у ЗША, развiтых краiнах Еўропы, у азiяцкiх Японii, Кiтаi?

— Мы сталi больш падарожнiчаць. Але шмат нашых суграмадзян за мяжой сутыкаюцца з праблемай абмену долараў на мясцовую валюту, на той жа еўра. У Заходняй Еўропе няма, як у нас цi Польшчы, на кожным кроку абменных пунктаў. А ў банках цi гасцiнiцах часта прапаноўваюць нявыгадны курс абмену. Што, лепш адразу яшчэ дома набыць валюту краiны наведвання ў патрэбным аб'ёме, а калi не ўсе грошы разыдуцца, то рэштку зноў дома мяняць на долары?

— Нявыгадна. Можна iстотна страцiць. З уласнага досведу настойлiва раю карыстацца электроннымi грашыма. Iх яшчэ называюць лiчбавымi грашыма. Сутнасць у тым, што вы можаце карткай беларускага банка, у якiм у вас, скажам, доларавы рахунак, разлiчвацца за пакупкi i паслугi за мяжой. Працэс канвертацыi часткi вашых зберажэнняў у еўра, злотыя, лiты цi латы будзе ажыццяўляцца аўтаматычна i без утрымання працэнтаў. А ў абменных пунктах з вас "здзяруць" як мiнiмум два працэнты, а можа i больш. Таму ў сучаснага i беражлiвага чалавека павiнна быць банкаўская картка.

А лепш не адна. У мяне, напрыклад, дзясятак картак розных банкаў. Праз iх я вяду амаль усе разлiкi. Як дома, так i за мяжой. Наяўных грошай пры сабе не нашу, хiба толькi нейкую дробязь на ўсялякi выпадак I гэта, паверце, вельмi зручна. Няма праблем заплацiць за кватэру, тэлефон, газ, ваду i г.д. Я неяк нават пачак запалак набыў з дапамогай карткi. Акрамя гэтага, ганарары за публiкацыi, выступленнi, лекцыi, дарэчы, i для банкаўскiх работнiкаў, мне дасылаюць на картку. Не трэба некуды ехаць, стаяць у чарзе ў касу, губляць дарагi час.

— Няўжо для гэтага неабходна аж дзесяць банкаўскiх картак? Навошта вам iх так шмат?

— Гэта яшчэ не шмат. Я ведаю людзей, у якiх iх значна больш. Па-другое, я — эканамiст. Мне цiкава назiраць i аналiзаваць, як на практыцы працуюць карткi розных банкаў: "Беларусбанка", "Прiорбанка", Белзнешэканамбанка i iншых. За гэтай формай разлiкаў — будучыня. Мiж iншым, пераважная большасць гандлёвага абароту вядзецца ў электронных грошах. Хутка i насельнiцтва пяройдзе на разлiкi праз карткi. Асаблiва гэта будзе карысным для людзей сталага ўзросту. Грошы на картцы — значыць менш шанцаў згубiць iх (можна згубiць картку, а не грошы ў банку), забыць месца "тайнiка", стаць ахвярай прайдзiсветаў цi рабаўнiкоў. Ды i для моладзi i людзей сярэдняга ўзросту яна будзе карыснай, асаблiва пры набыццi дарагой кватэры, машыны, мэблi. Вам не трэба ўсю суму несцi з сабой на месца здзелкi, а прыхапiць картку i разлiчыцца з яе дапамогай.

Гутарыў Леанiд Лахманенка.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра некаторыя асаблiвасцi разлiкаў на беларускiм рынку тавараў i паслуг у эквiваленце iншых валют наш карэспандэнт гутарыць з вядомым беларускiм эканамiстам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусi Л.Ф. Заiкам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика