Гэта рэвалюцыйная па сутнасці схема выключае лішнія звенні, на нуль зводзіць крадзеж, аб'ядноўвае у адной асобе гаспадара і працаўніка
У дакладзе на штогадовым сходзе членаў грамадскага аб'яднання “Асацыяцыя фермераў Гомельскай вобласці” яго старшыні Міхаіла Байды, выступленнях удзельнікаў і гасцей сходу адчуваўся адзіны асноўны момант: новыя фарміраванні, хоць і не шматлікія па сваім колькасным складзе, робяць значны ўнёсак у забеспячэнне харчовай бяспекі і, пры ўмове атрымання аднолькавага прызнання і падтрымкі, з сельгаспрадпрыемствамі могуць стварыць сваю зайздросную будучыню, на новую ступень узняць вёску і краіну ўвогуле.
Бацька -- сын -- унук Дастаткова адзначыць, што, валодаючы 1,12 працэнта сельгасугоддзяў вобласці, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі ў мінулым годзе далі 8,8 працэнта агульнаабласной вытворчасці бульбы, 15,3 працэнта -- агародніны і 1,2 працэнта -- зерня. Валавы збор “другога беларускага хлеба”, у прыватнасці, за кароткі прамежак часу павялічыўся ў 2,2 раза. Самым яскравым момантам з'яўляецца тое, што ў адрозненне ад некалькіх папярэдніх гадоў, на працягу якіх ішло запаволенне фермерскага руху, асацыяцыя папоўнілася 13 новымі самастойнымі гаспадарамі. У кулуарах сходу фермер з Рагачоўскага раёна адмовіўся, па яго словах, “ад сваёй сусветнай вядомасці”: -- У мяне мацнеюць крылы ад таго, што мясцовыя ўлады пачынаюць разумець важкасць нашага ўкладу і больш прыязна ставяцца да самастойных гаспадарнікаў. Мне, напрыклад, былі “дарэзаны” пакінутыя вяскоўцамі землі, якія яны атрымлівалі ў час дадатковага пашырэння агародаў, але ў сувязі са стратай ранейшай працаздольнасці і па розных іншых прычынах адмовіліся ад тых сотак. Яркім пацверджаннем гэтага меркавання з'яўляецца той факт, што сялянскія (фермерскія) гаспадаркі пачалі фарміравацца нават у тых раёнах, дзе яны ніколі не існавалі, а цяперашнім “пачаткоўцам” не было з каго браць прыклад. У якасці ілюстрацыі прыводзіўся найбольш цяжкі ў розных адносінах Нараўлянскі раён, дзе фермерства з'явілася толькі летась. Не надта прыкметна, але ўсё ж працягваецца пашырэнне зямельных надзелаў прыватнікаў. Цяпер на адзін сялянскі двор, які вядзе самастойны чыста сельскагаспадарчы бізнэс, прыпадае ў сярэднім 61,5 гектара ворыва разам з непрадуктыўнымі ўгоддзямі, на якіх, дарэчы, паступова наводзіцца парадак. У паспяховых сельскіх бізнэсменаў імкненне да пашырэння ворыва павялічваецца, бо, па іх агульнаму прызнанню, яны перайшлі на фермерскую дарожку не дзеля “засвечвання” ці “здымання вяршкоў” з мэтай стварэння часовага ўласнага дабрабыту, а з прагай неадольнага жадання пакінуць у спадчыну сваім дзецям і ўнукам трывалую жыццёвую аснову і пастаянны занятак на вясковай хлебнай ніве. Колькасць сем'яў, у якіх прасочваецца наследчы ланцужок “бацька -- сын -- унук”, на тэрыторыі вобласці пастаянна расце. Першае яго звяно стварылі фермеры з хвалі “піянераў” -- Леанід Парфянькоў з Гомельскага і Савелій Балаболаў з Добрушскага раёнаў. Стваральнікі гэтых і іншых фермерскіх гаспадарак звычайна мелі сельскагаспадарчую адукацыю, працавалі аграномамі, старшынямі былых калгасаў ці кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, карацей, мелі сталы рабочы і жыццёвы вопыт. Сёння, зыходзячы з уласнай гадамі праверанай практыкі, яны клапоцяцца аб тым, каб іх дзеці і ўнукі атрымалі сярэднюю, а найчасцей вышэйшую адукацыю сельскагаспадарчага накірунку... Напачатку станаўлення фермерскага руху самастойныя гаспадары Гомельшчыны, як, напэўна, і іншых абласцей краіны, у асноўным спецыялізаваліся на вырошчванні зерневых, бульбы і традыцыйных для рэгіёна відаў агародніны, зрэдку асцярожна бралі накірунак і на развіццё жывёлагадоўлі. З цягам часу яны пачалі пераконвацца, што рызыкоўна і неправамоцна абмяжоўвацца тым наборам сельгаскультур і развядзеннем той жывёлы, якія традыцыйна вырошчваюць і гадуюць сельгаспрадпрыемствы. На змену агульнавядомым палявым культурам пайшлі крупяныя, перш за ўсё грэчка, ягаднікі з наборам самых розных сартоў вітаміннай прадукцыі і нават экзатычныя для нашай мясцовасці кавуны. Пяцьдзесят тон гэтай буйной ягады высокай таварнай якасці ў мінулым годзе сабраў рэчыцкі фермер Віктар Залескі. Пашырэнне і папулярнасць набываюць яблыневыя і грушавыя сады, пасадкі ароніі, парэчак, суніц, іншых ягаданых культур. Эканамічна абгрунтавана і навукова апраўдана, што абавязковымі спадарожніцамі садоў і ягаднікаў трывала становяцца пчолапасекі. Гаспадарка -- калектыўная, уласнасць -- прыватная? У жывёлагадоўлі фермеры маюць больш сціплыя дасягненні, але і тут яны зрабілі сур'ёзную заяўку на заўтрашні дзень. У вобласці з'явіліся прыватнікі, якія трымаюць зверафермы, дзе разводзяць тую жыўнасць, якой не мае ніводнае сельгаспрадпрыемства вобласці -- шыншылаў, трусоў, страусаў, авечак, коз і г. д. Ёсць асобныя адрасы, дзе і ў жывёлагадоўлі фіксуюцца рэкордныя дасягненні. Свінаферма сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба з Жыткавіцкага раёна, напрыклад, у мінулым годзе перакрыла рэспубліканскія рэкорды спецыялізаваных прадпрыемстваў па прывагах маладняку -- больш за чатыры тысячы свіней штодзённа прыбаўлялі ў вазе па 785 грамаў. Фермы сялянскіх гаспадарак геаграфічна пашыраліся, прырасталі б жывёлай, калі б нарэшце было вырашана пытанне перадачы пустуючых памяшканняў былых калгасаў і саўгасаў цяперашнім самастойным сялянам. Тыя памяшканні, якіх на тэрыторыі вобласці налічваецца сотні, калі яшчэ не сталі руінамі, дык абавязкова стануць. Пра гэта на сходзе гаварылася не адзін раз і з вялікай заклапочанасцю. Аляксандр Пікуза з Мазырскага раёна, які шмат гадоў працаваў будаўніком у Беларусі, Расіі, Венгрыі і ад майстра будаўнічай справы дарос да начальніка будупраўлення, у рады гомельскіх фермераў уліўся ў 1994 годзе. У брашуры “Фермеры гомельскага рэгіёна”, якая рыхтуецца да 20-годдзя новага руху на вёсцы, ён расказвае, што ад адной свінаматкі за год можна атрымаць 2,5 тоны мяса, а ад адной самкі страуса -- 4,5 тоны пры больш нізкіх затратах кармоў і працы. Страусаў можна пасвіць, як кароў і бычкоў, з той толькі розніцай, што на горшых па травастою плошчах. Страусавае яйка важыць 1600 грамаў і больш карыснае для чалавека, чым перапялінае, а якасць яго скуры вышэйшая за слановую і кракадзілавую. Аляксандр Аляксеевіч у мэтах пашырэння галін вытворчасці ў 2005 годзе залажыў сад і завёў пчолапасеку, саджанцы і пародных матак завёз з розных раёнаў і краін, дзе яны паказалі высокую вартасць і падыходзяць для ўмоў Гомельшчыны. Дзеля падтрымання належнай прадуктыўнасці саду і пасекі Пікуза ўшчыльную заняўся пасевам грэчкі. Не выпадкова рэнтабельнасць яго саду летась склала 177 працэнтаў. Паколькі якасна весці ўсе вызначаныя гаспадаркай напрамкі аднаму чалавеку практычна немагчыма, у Пікузы з'явілася ідэя на падмурку ферм сваёй гаспадаркі стварыць базавую ферму з пяццю спецыялізаванымі падраздзяленнямі (страус, трус, шыншыла, пчала, сад), якія на працягу двух гадоў існавалі б на аснове дамовы аб сумеснай дзейнасці, прычым усе фарміраванні мелі б статус племянных. Пасля гэтага тэрміну ўстаноўчы сход інвестараў, партнёраў і вытворцаў стварае буйную кампанію ў форме закрытага акцыянернага таварыства -- сучасную мадэль калектыўнай гаспадаркі на аснове прыватнай уласнасці і сецявога маркетынгу. Юрыдычная форма такой калектыўнай гаспадаркі -- простае таварыства. Недахопам усіх папярэдніх мадэлей гаспадарак, якія выкарыстоўваюць наёмную працу, лічыць Пікуза, з'яўляецца тое, што працаўніка ў першую чаргу хвалюе заработная плата, а таму ён мала зацікаўлены ў развіцці прадпрыемства, яго тэхнічнай узброенасці, ва ўкараненні перадавой сусветнай практыкі і скарачэнні затрат на вытворчасць прадукцыі. Пры наёмнай працы неабходна трымаць штат кіраўнікоў, наглядальнікаў і кантралёраў. Уласніка ж цікавіць прыбытак прадпрыемства, яго асабісты даход. Гэта супрацьлегласць інтарэсаў у прапаноўваемай ім мадэлі знікае з той прычыны, што кожны партнёр, кожны рэальны ўласнік адначасова выступае ў дзвюх іпастасях -- гаспадара і працаўніка. Такая схема, у прыватнасці, выключае лішнія звенні па арганізацыі і кіраванні вытворчасцю, на нуль зводзіць крадзёж маёмасці і сродкаў. Удумлівых работнікаў сярод гомельскіх фермераў нямала. Менавіта яны вытрымалі выпрабаванні часам і нягодамі ў перыяд станаўлення і пачынаюць выходзіць ці ўжо выйшлі на шырокі прасцяг творчай дзейнасці. Ніхто з іх, дарэчы, не збіраецца супрацьпастаўляць сябе СУПам, КСУПам і іншым дзяржаўным сельгаспрадпрыемствам, не будзе між імі мяжы. Не лічаць яны сябе і дзяржаўнымі нахлебнікамі. Самастойныя гаспадары выступаюць за самае зразумелае і эканамічнае апраўданне -- за канкурэнцыю паміж разнастайнымі формамі ўласнасці. Думаецца, што таленавітыя людзі з сялянскімі генамі не будуць лішнімі ў беларускай вёсцы. Мікалай ЕРМАКОЎ