Завалім грэчкай усю Еўропу?. 21.by

Завалім грэчкай усю Еўропу?

29.06.2010 12:27 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наша краіна імпартуе больш за 50 працэнтаў грэцкіх крупаў. А на аднаго жыхара Беларусі ў год прыпадае па 2‑2,5 кілаграма грэчкі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання задумалі змяніць сітуацыю і вырашылі сёлета адпусціць пад грэчку 35 тысяч гектараў.

З гэтай плошчы плануецца атрымаць 38 тысяч тон грэчкі. А гэтага будзе дастаткова, каб задаволіць патрэбнасць унутранага рынку.

Сёння грэчку можна набыць у любой краме, а за савецкім часам яе прадавалі найперш тым, у каго былі праблемы са здароўем. Тады грэцкія крупы былі дэфіцытам. А грэчку ў нас вырошчвалі яшчэ задоўга да бульбы — самай папулярнай у Беларусі сельгаскультуры, але вытворчасць грэчкі патрабуе свайго падыходу.

Гадоў 25 таму 10 сотак на сваім участку я адпусціў пад грэчку. На агародзе ўжо стаялі два пні пчолаў і я думаў, што грэчка, як выдатны меданос, будзе цвісці за некалькі метраў ад тых пчолаў. Планавалася мець двайную выгаду — сабраць грэчкі і дастаць мёду.

Спадзяваўся на небывалы ўраджай, бо грэчка вырасла на паўтара метра. Бывала, зойдзеш у пасеянае, то амаль да плячэй даставала. А затым наступіла расчараванне. Грэчка цвіце, а пчолы над ёй ляцяць кудысьці ўдалечыню — хоць бы адна апусцілася. Пазней мне спрактыкаваны пчаляр растлумачыў, што надвор’е не спрыяла — стаяла дужа сухое. Бывае, ліпа цвіце, а пчолы над ёй не шумяць.

А што датычыцца грэчкі, то і кілаграма не намалаціў — адна пацяруха. І зноў жа пачуў ад старога чалавека, што грэчка не любіць тлустай глебы і не трэба, каб расліну гнала ў вышыню.

Так што ў Беларусі грэчку вырошчваць можна і адпаведнай зямлі для гэтага хапае.

Кіраўнік лабараторыі крупяных культур НПЦ НАН Беларусі па земляробстве Раман Кадыраў лічыць, што наша краіна не толькі здольная сябе забяспечыць грэчкай, але і можа пастаўляць яе на экспарт, бо ў нас створаныя ўмовы для вытворчасці грэчкі, ёсць гатункі і тэхналогія па вытворчай перапрацоўцы. Важна і тое, што на грэчку ў спажыўца ёсць пастаянны попыт.

Наконт грэчкі я пацікавіўся ў Мікалая Навіцкага з Ганцавічаў. Чалавек ужо на пенсіі, але ён усё жыццё аддаў сельскай гаспадарцы, а апошнія трыццаць гадоў адпрацаваў ва ўпраўленні райсельгасхарча.

— Калі падысці да справы з галавой, то грэчкай мы можам заваліць Еўропу. У свой час у нашым раёне па грэчцы спецыялізаваўся калгас «Светлы шлях». Помню, пасеялі там грэчку, а ўраджай мізэрны. А калі прыехаў прафесар Мухін, ужо забыў яго імя, і разабраўся ва ўсіх недахопах, то ў наступным годзе ўзялі ў гэтай жа гаспадарцы аж па 30 цэнтнераў з гектара, для гэтай культуры — надзвычай высокі ўраджай. А як правіла з гектара бяруць 10‑12 цэнтнераў, і гэты факт не спрыяе вырошчванню грэчкі — яна не з’яўляецца валаўтваральнай культурай і многія гаспадаркі пад грэчку адпускаюць мінімальную колькасць гектараў. Калі шмат засеяць, то грэчка рэзка знізіць паказчыкі па збожжы. І неабходна падыходзіць выбарачна. Не на ўсіх землях грэчка расце, а калі ў нейкай гаспадарцы яна родзіць, то трэба засяваць не 5—10, а 100—150 гектараў. Грэчку сеюць позна, у канцы мая — пачатку чэрвеня, неабходна вытрымліваць аптымальныя для гэтага тэрміны ды і пажадана падбіраць найлепшыя гатункі. У мяне ёсць знаёмы фермер, дык ён свае 30 гектараў засеяў грэчкай і сабраў 30 тон. Сярэдні ўраджай, але не будзем забываць, што гэтая культура добра ачышчае зямлю. Так што я не сумняваюся, што з грэчкай у нас усё атрымаецца, але патрэбен гаспадарскі падыход, — выказаў сваю думку Мікалай Навіцкі.

Дадам: магчыма, не трэба грэчку ўключаць у справаздачу па збожжавых? Няхай яна ідзе асобным радком. Не будзем забываць, што грэчка — адна з самых эканамічна выгадных культур. Затраты нават пры ўраджайнасці 10 ц/га не перавышаюць 200 долараў на гектар.

Сёлета грэчку пасеялі ва ўсіх абласцях Беларусі. Пад гэтую культуру ў кожнай вобласці адпушчана прыкладна па 6‑7 тысяч гектараў. Больш толькі ў Мінскай, а вось у Віцебскай найменш — у межах адной тысячы.

Калі паспрыяе надвор’е і не падкачаюць работнікі сельскай гаспадаркі, то краіна забяспечыць сябе грэчкай, а ў перспектыве, хто ведае… Але лепш пачакаем восені.


Сымон Свістуновіч, Звязда

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша краіна імпартуе больш за 50 працэнтаў грэцкіх крупаў. А на аднаго жыхара Беларусі ў год прыпадае па 2‑2,5 кілаграма грэчкі. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика