Дзяржкантроль праверыць увесь буйны опт у краіне. 21.by

Дзяржкантроль праверыць увесь буйны опт у краіне

08.07.2010 11:05 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў праверку некаторых суб'ектаў аптовага гандлю краіны, вынікі якой абмяркоўваліся на калегіі КДК. Улічваючы сітуацыю на аптовым рынку, Зянон Ломаць, старшыня КДК, даў каманду сваім падначаленым за трэці квартал гэтага года праверыць усе буйныя суб'екты гаспадарчай дзейнасці, што займаюцца аптовым гандлем, і ў верасні на калегіі падвесці вынікі і прыняць адпаведныя рашэнні.

Усяго ў нашай краіне на сёння налічваецца 11,3 тысячы арганізацый, што ажыццяўляюць аптовы гандаль, прычым 92,5 % — гэта прыватныя арганізацыі. Доля суб'ектаў камунальнай формы ўласнасці — 4,2 %, Белкаапсаюза — 1,8 %, Мінгандлю — 1,7 %, аб'яднанне "Белрэсурсы" — 1,1 %. Як паведаміў у сваім дакладзе Уладзімір Каленік, начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг КДК, за 2009 год аб'ём аптовага тавараабароту склаў 67,1 трыльёна рублёў, у тым ліку ўнутрырэспубліканскі абарот — 47,5. Аптовы тавараабарот спажывецкіх тавараў склаў 17 трыльёнаў рублёў (25 %), з іх айчынных тавараў — 5,8 трыльёна рублёў.

Прааналізаваўшы стан аптовага рынку краіны, Дзяржкантроль прыйшоў да высновы, што шэраг дзяржаўных прадпрыемстваў у гэтай галіне працуюць вельмі неэфектыўна.

— Дзяржаўны опт з моманту распаду СССР поўнасцю закансерваваў сябе і ў адсутнасць таварнага дэфіцыту не знайшоў для сябе адэкватнага прымянення ва ўмовах рынку, — лічыць Уладзімір Каленік. — Праграмай развіцця ўнутранага гандлю на 2006—2010 гады вызначана, што ў выніку буйныя аптовыя суб'екты рэспубліканскага маштабу павінны стаць стрыжнем усёй структуры аптовага гандлю і гарантаваць стратэгічную стабільнасць спажывецкага рынку ў цэлым.

А нашы кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы паказалі, што рэспубліканскі опт, маючы на старце яўныя перавагі, матэрыяльна-тэхнічную базу (абсталяванне, транспарт, атрыманыя на баланс бязвыплатна), кадравы патэнцыял, саступіў прыярытэтныя пазіцыі створаным на пустым месцы прыватным арганізацыям аптовага гандлю.

У падмацаванне гэтых слоў былі прыведзеныя некалькі фактаў, калі дзяржаўныя аптовыя арганізацыі ад непасрэднай сваёй гандлёвай дзейнасці церпяць страты, а прыбытак атрымліваюць ад здачы ў арэнду складскіх плошчаў. Так, напрыклад, РУГП "Белімпартгандаль" у 2009 годзе з 66 тысяч квадратных метраў сваіх плошчаў 23 % здавала ў арэнду, 46 % працэнтаў плошчаў выкарыстоўвала для аказання паслуг па захоўванні чужых тавараў. У выніку тавараабарот па асноўным прызначэнні гэтага прадпрыемства быў атрыманы ад продажу 400 халадзільнікаў, 88 газавых плітаў і вагона цукру-пяску за ўвесь 2009 год, а астатняя выручка (84 %) сфарміраваная якраз за кошт здачы плошчаў у арэнду і аказання паслуг па захоўванні тавараў.

— За кошт чаго жывуць дзяржаўныя аптовыя базы? За кошт здачы памяшканняў у арэнду, і за гэта маюць прыбытак, а што датычыцца непасрэдна сваіх прамых абавязкаў, — то церпяць страты. У нас ёсць Мінгандаль, Мінэканомікі, Саўмін, спецыяльныя ўпраўленні, якія займаюцца гандлем. Узнікае пытанне: а чым займаюцца дзяржструктуры? — спытаў Зянон Ломаць, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Разам з тым праясніць сітуацыю наконт такой не вельмі добрай сітуацыі з дзяржаўнымі аптовымі базамі паспрабаваў Уладзімір Калтовіч, першы намеснік міністра гандлю:

— Калі праца прыватных аптовых структур накіраваная перш за ўсё на атрыманне прыбытку, то праца дзяржаўных, я іх так умоўна назаву, — перш за ўсё на гарантаванае забеспячэнне сацыяльна значнымі таварамі. Акрамя таго, нашы аптовыя арганізацыі, падпарадкаваныя Мінгандлю і з доляй дзяржаўнай уласнасці, штогод ствараюць стабілізацыйныя фонды мяса, сыру, тварагу, плодаагародніннай прадукцыі, сезонныя назапашванні кандытарскіх вырабаў, шампанскіх вінаў, цукру, солі і іншых тавараў. Для забеспячэння сезоннага гандлю нашы прадпрыемствы вымушаныя назапашваць да 60 % аб'ёму гэтых тавараў. А ніводная прыватная арганізацыя, напрыклад, якая прадае садавіну, не займаецца назапашваннем бульбы, агародніны, не стварае стабілізацыйныя фонды. Сакрэт вельмі просты — няма выгады, — сказаў Уладзімір Калтовіч і дадаў, што каб трохі выправіць сітуацыю з рэнтабельнасцю працы дзяржаўных аптовых баз, у Саўмін былі накіраваныя прапановы аб адмене лімітнай рэнтабельнасці, аб адмене парадку ўсталявання закупачных цэнаў.

Пры гэтым першы намеснік міністра гандлю прызнаў, што пры адсутнасці ліцэнзавання на аптовы гандаль Міністэрства гандлю не мае ўплыву на прыватныя структуры, якія цяпер дамінуюць на аптовым рынку краіны. Дарэчы, што датычыцца прыватных аптовых гандлёвых прадпрыемстваў, то да іх у Дзяржкантролю свае прэтэнзіі. Як сказаў Уладзімір Каленік, было праверана 20 прыватных структур і ва ўсіх былі знойдзеныя парушэнні заканадаўства: санітарных нормаў, правілаў гандлю, метралагічных правілаў, заканадаўства аб цэнаўтварэнні, вядзенні статыстыкі і бухгалтарскага ўліку. Таксама Дзяржкантроль выявіў факты, калі гандлёвыя прадпрыемствы, што ажыццяўляюць і аптовы, і рознічны гандаль, спаганялі з пастаўшчыкоў грошы за рэкламныя і надуманыя інфармацыйныя паслугі, хоць гэта і забаронена пастановай Мінгандлю ад 20 чэрвеня 2008 года № 24.

— Ёсць адпаведная пастанова, дзе напісана, што пры ажыццяўленні "рознічнага гандлю выкладка тавараў, а таксама іншыя аперацыі ў рамках гандлёва-тэхналагічнага працэсу не могуць разглядацца ў якасці паслугі пастаўшчыкам тавараў і (або) трэцім асобам". Рашэнне ёсць, пастанова ёсць, але яна скрозь і ўсюды не выконваецца. Не буду называць фірму, але за апошні год такіх паслуг яна аказала на 8,2 мільярда рублёў. А хто плаціць за гэта? Пакупнік! — сказаў Зянон Ломаць.

Зянон Кузьміч выказаў таксама сваё абурэнне тым, што прыватныя аптовыя арганізацыі слаба працуюць з прадукцыяй айчыннай вытворчасці і вельмі шмат імпартуюць, чым павялічваюць адмоўнае знешнегандлёвае сальда краіны.

— Тыя 132 мільярды рублёў, якія адна з прыватных структур выдаткавала на набыццё валюты для аплаты за імпартную прадукцыю, зараблялі МАЗ, БелАЗ, калійны камбінат, — сказаў Зянон Ломаць. — Сальда знешняга гандлю сёння дасягнула межаў, калі пад пагрозу пастаўлена эканамічная бяспека дзяржавы. Мы для таго і пастаўленыя, каб за гэтым назіраць і калі трэба — прымаць меры.

Такім чынам, старшыня Дзяржкантролю даў даручэнне арганізаваць маштабную праверку аптовых гандлёвых арганізацый і пры гэтым вельмі жорстка рэагаваць на выяўленыя парушэнні.

На гэтай жа калегіі КДК было разгледжана пытанне наконт вынікаў праверкі канцэрна "Белдзяржхарчпрам". Праверка дзейнасці прадпрыемстваў гэтага канцэрну паказала, што ў 2009 годзе "Белдзяржхарчпрам" не забяспечыў выкананне 5 з 15 паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, а за перыяд з 2008 года па першы квартал 2010 года з 58 даручэнняў кіраўніка дзяржавы канцэрн не выканаў 21, а 9 з іх не выкананыя ў поўным аб'ёме. КДК мае прэтэнзіі таксама да кандытарскай, лікёра-гарэлачнай і піўной галінаў канцэрна, дзе вельмі слаба ідзе праца па імпартазамяшчэнні і экспарце сваёй прадукцыі.



 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Улічваючы сітуацыю на аптовым рынку, Зянон Ломаць, старшыня КДК, даў каманду сваім падначаленым за трэці квартал гэтага года праверыць усе буйныя суб'екты...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика