Украіна адмовілася ад еўрабондаў. Ці рызыкне Беларусь?. 21.by

Украіна адмовілася ад еўрабондаў. Ці рызыкне Беларусь?

19.07.2010 12:15 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Украіна і Беларусь гэтым летам ішлі на размяшчэнне еўрабондаў амаль сінхронна. Кіеў меў намер сёлета выпусціць дзесяцігадовыя аблігацыі на 2 млрд даляраў, Мінск плануе дэбютаваць выпускам пяцігадовых еўрабондаў на суму да 1 млрд даляраў. Украіна вырашыла ад выпуску еўрааблігацый адмовіцца. Ці стане гэта сігналам для Беларусі?

Дарагая раскоша

Мінфін Украіны 15 ліпеня падвёў рысу пад праектам, падзякаваў інвестарам за цікавасць і прадуктыўныя сустрэчы і адмовіўся ад размяшчэння, "улічваючы іншыя магчымыя крыніцы фінансавання і пазіцыю ліквіднасці". Пры гэтым Кіеў адзначыў, што магчымасць замежных пазыкаў разглядаецца пастаянна з улікам патрэбаў краіны і рынкавай сітуацыі.

Reuters удакладніў, што "Украіну не задаволілі цэнавыя ўмовы, яна спадзяецца на альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання, якія могуць быць для яе таннейшымі".

Самая відавочная "альтэрнатыўная крыніца" для Кіева — гэта Міжнародны валютны фонд. Перамовы з новым кіраўніцтвам Украіны прайшлі паспяхова, і ў пачатку ліпеня на ўзроўні экспертаў бакі дамовіліся аб выдачы Украіне пазыкі на ўнушальную суму — 14,9 млрд даляраў. Першы транш у 1,3 млрд (цалкам супастаўны з меркаваным выпускам еўрааблігацый) Украіна можа атрымаць у найбліжэйшы час. Праўда, для гэтага выдзяленне сродкаў яшчэ павінен ухваліць Савет дырэктараў фонду, але такая ўхвала можа быць атрыманая яшчэ да канца месяца.

Сродкі ад МВФ, хоць і выдзяляюцца звычайна пад не зусім прыемныя для пазычальніка ўмовы накшталт макраэканамічных рэформаў, выдаюцца пад невысокі працэнт.

Да прыкладу, папярэдні крэдыт ад МВФ Украіна атрымлівала ў кастрычніку 2008 пад 4%, а пяцігадовыя еўрабонды апошнім разам, у 2007, краіна размяшчала з купонам 6,385% гадавых. Цяперашняя пазыка чакалася пад 6-7%.

Дорага, але міла

Ці стане рашэнне суседзяў сігналам для Беларусі? Эксперты пагаджаюцца на тым, што паўтарэнне ўкраінскага сцэнару зусім не абавязковае.

"Беларусі патрэбныя сродкі, вылучэнне якіх не суправаджалася б дадатковымі патрабаваннямі, да прыкладу, па рэфармаванні эканомікі.

МВФ не супраць працягу супрацоўніцтва з Беларуссю, але адным з першых патрабаванняў пры рэалізацыі новай праграмы будзе абмежаванне росту заработнай платы. А ў Беларусі напярэдадні выбараў павелічэнне сярэдняга заробку да 500 даляраў трапляе ў лік прыярытэтных задач.

Так што цяпер для Беларусі больш пажаданыя даражэйшыя рэсурсы, але без дадатковых абавязкаў", — адзначыў фінансавы аналітык Аляксандр Муха.

Ён падкрэсліў, што ўкраінскае рашэнне аб адмове ад размяшчэння зусім не азначае, што па гэтым жа шляху можа рушыць Беларусь. "Былі сустрэчы Украіны з інвестарамі, якія выдаткавалі свой час, хтосьці зарэзерваваў сродкі, а птым — адмова... Так што можна меркаваць, што верагоднасць паспяховага дэбюту для Беларусі ў гэтых умовах нават узрастае".

Паводле ацэнкі Аляксандра Мухі, Беларусь можа размясціць еўрабонды пад 7-7,5%. "Такая стаўка выглядае рэальнай. У прынцыпе, для нас гэта доўгія і камфортныя грошы, з улікам цяперашняга ўзроўню краінавага крэдытнага рэйтынгу Беларусі. Тым больш што гаворка ідзе пра дэбют краіны на гэтым рынку. Далей можна разлічваць на зніжэнне ставак, але важна выйсці на гэты рынак", — адзначыў ён.

Эканаміст Сяргей Чалы ў сваю чаргу звярнуў увагу на тое, што кан"юнктура цяпер не самая ўдалая для замежных пазыкаў. "Рэальная стаўка для Беларусі цяпер каля 9%. І калі нам патрэбныя замежныя пазыкі, ніхто не перашкаджае Беларусі, гэтак жа, як Украіне, працягнуць супрацоўніцтва з МВФ", — сказаў эксперт.

Згодна з пастановай Саўміна № 1031 ад 9 ліпеня з 11 па 17 ліпеня ў Заходняй Еўропе будзе знаходзіцца беларуская дэлегацыя на чале з кіраўнікамі фінансавага і эканамічнага блокаў ураду. У прыватнасці, у яе ўвайшлі першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Юрый Алымаў, міністр фінансаў Андрэй Харкавец і міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Яны пабываюць у Лондане, Франкфурце-на-Майне, Мюнхене, Цюрыху і Жэневе.

Беларусь гатовая ў 2010—2011 выпусціць еўрааблігацыі на суму да 2 млрд даляраў з тэрмінам вяртання не менш за 5 гадоў. Урад Беларусі прызначыў у якасці сумесных арганізатараў па размяшчэнні еўрааблігацый BNP Paribas, Deutsche Bank AG, The Royal Bank of Scotland plc і “Сбербанк” Расіі.

***

Еўрааблігацыі (або еўрабонды — ад англ. Eurobonds) — разнавіднасць доўгатэрміновых каштоўных папер. Гэта аблігацыі выпушчаныя, як правіла, у замежнай для эмітэнта валюце і прызначаныя для прыцягнення капіталу на міжнародным рынку. Прыстаўка "еўра" ў слове "еўрааблігацыі" — даніна традыцыі, бо гэтыя паперы з"явіліся ў Еўропе. Сёння еўрааблігацыі атрымалі дастаткова шырокае распаўсюджанне як інвестыцыйны інструмент, аптымальны па суадносінах "надзейнасць/прыбытак". Выпуск еўрааблігацый дазваляе пазычальніку прыцягваць больш буйныя сумы, чым на ўнутраным рынку, пад адносна нізкія стаўкі. Пазычальнікамі, якія выпускаюць еўрабонды, выступаюць ўрады, карпарацыі, міжнародныя арганізацыі, зацікаўленыя ў атрыманні грашовых сродкаў на доўгі тэрмін.

Падзяліцца навіной: 
TUT.BY

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Украіна і Беларусь гэтым летам ішлі на размяшчэнне еўрабондаў амаль сінхронна. Кіеў меў намер сёлета выпусціць дзесяцігадовыя аблігацыі на 2 млрд даляраў, Мінск...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика