Ліквідныя сталічныя кватэры пачынаюць даражэць. 21.by

Ліквідныя сталічныя кватэры пачынаюць даражэць

16.12.2010 14:25 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ліквідныя сталічныя кватэры пачынаюць даражэць


Амаль на працягу ўсяго года другасны рынак жыллёвай нерухомасці галоўнага мегаполіса краіны працаваў нібыта ў рэжыме чакання сур'ёзных пакупнікоў з грашыма. Так, кліенты цікавіліся рознымі аб'ектамі, але куплялі кватэры толькі адзінкі. Зараз сітуацыя кардынальным чынам змянілася. Пра тэндэнцыі, якія сёння назіраюцца ў жыллёвай сферы сталіцы, і бліжэйшыя перспектывы развіцця рынку нерухомасці карэспандэнту "Звязды" паведаміў кіраўнік агенцтва "БелЦТН", старшыня савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў.

Другі месяц запар у Мінску назіраецца максімальная актыўнасць пакупнікоў

Яшчэ месяц таму выданне ўжо паведамляла пра тое, што попыт на сталічнае жыллё павялічыўся ў некалькі разоў. Тады спецыялісты рынку нерухомасці адзначалі, што сярэдняя колькасць праглядаў кватэр узрасла ажно ў тры разы. Сёння эксперты рынку канстатуюць не проста вялікі попыт на кватэры, а рэальнае і істотнае павялічэнне здзелак куплі-продажу мінскай нерухомасці. Калі ў верасні і кастрычніку Нацыянальнае кадастравае агенцтва рэгістравала ў месяц каля 500—600 такіх здзелак, то ўжо ў лістападзе на другасным рынку сталічнага жылля было прададзена крыху менш за тысячу кватэр.

Паводле падлікаў спецыялістаў, такога моцнага ўсплёску актыўнасці патэнцыйных пакупнікоў на рынку не было ўжо на працягу 2 апошніх гадоў. Мікалай Прасталупаў упэўнены, што ажыятажны попыт на ліквідныя мінскія кватэры пратрымаецца яшчэ не менш чым на працягу некалькіх тыдняў, бо кліенты агенцтваў нерухомасці спадзяюцца аформіць свае здзелкі яшчэ да Новага года.

Танныя аднапакаёўкі з рынку практычна зніклі

Калі ў пачатку восені ў рэкламных каталогах кліентам прапаноўвалася прыкладна 8 тысяч жыллёвых аб'ектаў, то сёння ў продажы засталося недзе каля 7 тысяч кватэр. Вядома, што ў час ажыятажнага попыту больш актыўна набываюцца ўсе тыпы кватэр, аднак максімальнай папулярнасцю карыстаюцца менавіта невялікія адна- і двухпакаёвыя кватэры. Яшчэ ў лістападзе магчыма было набыць аднапакаёўкі ў дыяпазоне 37—40 тысяч долараў. Сёння за такія грошы ў продажы існуюць толькі самыя слабенькія кватэры ў старых дамах з агульнай плошчай да 30—33 квадратных метраў і то выключна на крайніх паверхах. Максімальная колькасць прапановы на аднапакаёўкі прыпадае на кватэры коштам ад 42 да 50 тысяч долараў. Паводле статыстыкі інфармацыйнага каталога рэспубліканскага выдання "Нерухомасць Беларусі", сярэдні кошт квадратнага метра прапановы аднапакаёвых кватэр складае 1388 долараў, што сведчыць аб падаражанні жыллёвага квадрата за мінулы тыдзень ажно на 7 долараў. Мікалай Прасталупаў тлумачыць такую арыфметыку не тэндэнцыяй на падаражанне, а ілюзіяй павелічэння цэн у сувязі з "вымываннем" менавіта танных кватэр. Цяпер пачынаюць толькі крыху даражэць выключна хадавыя ліквідныя аднапакаёўкі, попыт на якія існаваў на максімальным узроўні.

Зніжкі пры гандлі мінімальныя

Нягледзячы на нервовасць на рынку і моцную хвалю павелічэння попыту, людзі сталі яшчэ больш уважліва ставіцца да выбару свайго будучага новага жылля. Улічваецца не толькі агульная плошча жылля, месцазнаходжанне дома, наяўнасць сацыяльнай інфраструктуры, магчымасць паркоўкі... Каб выбраць сабе жыллё, кліенты праглядаюць дзясяткі варыянтаў. Цяпер рэальным попытам карыстаюцца кватэры ў ціхіх мікрараёнах, у дамах пасля капрамонтаў. Сапраўды ліквіднай сёння лічыцца двухпакаёўка, у якой кошт квадратнага метра не перавышае 1250—1270 долараў, для аднапакаёвай кватэры — 1300—1320, для трохпакаёвых — да 1200 долараў за квадрат. За апошні месяц істотна змянілася эмацыйная афарбоўка самога працэсу гандлю паміж зацікаўленымі бакамі. Калі яшчэ летам гаспадары жылля пры жывым гандлі згаджаліся на зніжкі ў памеры 2—5 тысяч долараў, то зараз канчатковы кошт кватэры можа паменшыцца не больш чым на 200—300 долараў. Пры сапраўды вялікай колькасці праглядаў сістэма зніжак увогуле не працуе.

Цэны будуць "стаяць" мінімум да красавіка

Мікалай Прасталупаў упэўнены, што кватэры ў Мінску будуць актыўна купляцца і пасля выбараў — прыкладна да 25 снежня. Потым на рынку чакаецца самы працяглы навагодні перапынак — недзе да 15 лютага. Не чакае наш эксперт і нейкіх знакавых змяненняў у жыллёвай сферы і ў першым квартале наступнага года. Да красавіка кватэры на другасным рынку сталіцы не падаражэюць, але і не патаннеюць. У лютым ці сакавіку магчымыя невялікія ваганні кошту, аднак яны будуць мець выключна лакальны і кароткачасовы характар. Напрыклад, калі на рынку зноў з'явяцца, а потым знікнуць сапраўды танныя аднапакаёўкі.

Долевае будаўніцтва будзе таннець і далей

Сёння самая распаўсюджаная прапанова па камерцыйным будаўніцтве жылля прадугледжвае цэннік квадратнага метра ў межах ад 3,4 да 4,2 мільёна рублёў. Гэта калі ідзе гаворка пра долевае будаўніцтва, дзе кошт "квадрата" фіксаваны. Існуюць і дарагія варыянты ў Цэнтральным раёне сталіцы — па 1,4—1,7 тысячы долараў за квадратны метр, аднак попыт там такі... ну, магчыма, існуе. Усё часцей на першасным рынку жылля з'яўляюцца будаўнічыя кампаніі, якія прапануюць стандартныя кватэры з цэннікам да тысячы долараў. Гэта, напрыклад, у жылым квартале "Адэская—Лазо—Катоўскага", дзе кошт квадратнага метра пачынаецца ад 900 долараў. Такі ж цэннік прапануецца і на кватэры па маштабным праекце "Мінск-сіці". Вельмі цікавая прапанова долевага будаўніцтва існуе па новым жылым комплексе "Юбілейны". Там плануецца пабудаваць сучасны 9-павярховы жылы дом адразу за МКАДам па Слуцкай шашы. Кошт квадратнага метра па гэтым праекце — 800 долараў. Крэдытную падтрымку гэтаму праекту прапануе "БПС-Банк", дзе магчыма атрымаць доўгатэрміновыя крэдыты пад 13,5—15 працэнтаў гадавых.

Мікалай Прасталупаў прагназуе, што тэндэнцыя на зніжэнне цэн па лініі долевага будаўніцтва захаваецца і ў першай палове наступнага года. На большасці аб'ектаў камерцыйнага будаўніцтва, за выключэннем цэнтральных раёнаў, кошт квадратнага метра кватэр без аздаблення будзе менш за тысячу долараў.
 
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амаль на працягу ўсяго года другасны рынак жыллёвай нерухомасці галоўнага мегаполіса краіны працаваў нібыта ў рэжыме чакання сур'ёзных пакупнікоў з грашыма. Так,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика