Двухбаковы рух. 21.by

Двухбаковы рух

16.02.2011 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Спадзяёмся на дыялог" — зазначыў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр САДАЎНІЧЫ на пачатку сустрэчы з прадстаўнікамі малога бізнэсу па пытаннях рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы № 4.

З малым бізнэсам нельга не лічыцца не толькі таму, што ў ім занята шмат нашых грамадзян, але і з пункту гледжання падаткаў: на Гродзеншчыне больш за 20 працэнтаў паступленняў у бюджэт забяспечваецца менавіта індывідуальнымі прадпрымальнікамі і прадпрыемствамі, дзе працуе да ста чалавек. Але, разам з тым, у гэтай сферы нямала "бар'ераў", рэзерваў, пра што адкрыта і зацікаўлена гаварылася на сустрэчы ў Камітэце дзяржкантролю Гродзенскай вобласці. Адзначалася, у прыватнасці, што вельмі высокімі для малога бізнэсу застаюцца, асабліва для развіцця вытворчасці, стаўкі арэнднай платы, кошт праектных работ.

Нягледзячы на быццам і някепскае заканадаўства, слаба развіваецца фермерства, існуюць праблемы з выдзяленнем зямлі гэтым гаспадаркам. Маўляў, калі добра працуюць сельгаскааператывы, то навошта гэтыя фермеры? Хоць, з іншага боку, і такое пытанне: а колькі СВК аказаліся б стратнымі, не атрымліваючы вялізнай дзяржпадтрымкі?

— Трэба заняцца канкрэтнай працай па палажэннях Дырэктывы № 4. І пры гэтым адпаведным спецыялістам, юрыстам, эканамістам неабходна зрабіць аналітычны агляд заканадаўства (на сённяшні дзень — сотні розных актаў), якое рэгулюе прадпрымальніцкую дзейнасць, — лічыць старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза "Садружнасць" Валянцін БРАНЦЭВІЧ.

Камітэт дзяржкантролю, падкрэслівалася на сустрэчы, імкнецца да партнёрскіх адносін з прадстаўнікамі бізнэс-супольніцтва і гатовы, як кажуць, не толькі навучыць і папярэдзіць, але і падставіць сваё плячо ў канкрэтных праблемных сітуацыях. Як было, напрыклад, у выпадку парушэнняў пры спагнанні арэнднай платы на адным з рынкаў, дзе з прадпрымальнікаў незаконна ўзялі больш за 56 мільёнаў рублёў. Арэндныя стаўкі, паведаміў начальнік упраўлення кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Андрэй ПАВЯДАЙКА, змененыя, а вышэйзгаданую суму людзям вярнулі.

А вось іншая сітуацыя, таксама звязаная з грашовымі сродкамі. Летась Камітэт дзяржкантролю прааналізаваў, як суб'екты малога бізнэсу Гродзеншчыны плацяць заробкі. Аказалася, што ў 3160 з іх (транспартныя і цырульніцкія паслугі, рамонт аўтамабіляў, гандаль, будаўніцтва) сярэдняя зарплата была ў эквіваленце меншай за 200 долараў, у тым ліку нават ніжэй за "мінімалку" і бюджэт пражытковага мінімуму. У асобных — у межах ... 80-100 тысяч рублёў. Прычым такая нізкая зарплата не перашкаджала даволі значным расходам. З якой жа мэтай ствараліся такія прадпрыемствы?

Згодна з інфармацыяй начальніка ўпраўлення кантролю органаў выканаўчай улады і каардынацыі дзейнасці кантрольных органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Івана КАШКО, вынікі гэтага аналізу былі абмеркаваны з шэрагам канкрэтных суб'ектаў гаспадарання. Потым пацікавіліся, якія высновы імі зроблены, і аказалася, што ва ўсіх — рэальныя змяненні. Што, аднак, пакуль не прымусіла выйсці "з ценю" многіх іншых. Хоць рух у кірунку дзелавога партнёрства паміж уладай і бізнэсам павінен быць двухбаковым...

Камітэт эканомікі Гродзенскага аблвыканкама запрашае прадпрымальнікаў, усіх зацікаўленых асоб да абмеркавання праекта плана мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Дырэктывы № 4 на сайце абласнога выканаўчага камітэта: www.regіon.grodno.by. Выказаныя меркаванні і прапановы будуць накіраваны ў Міністэрства эканомікі Беларусі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Спадзяёмся на дыялог" — зазначыў першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр САДАЎНІЧЫ на пачатку сустрэчы з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика