Эксперт: Валютны голад натоліць актыўны знешні гандаль. 21.by

Эксперт: Валютны голад натоліць актыўны знешні гандаль

19.07.2011 13:45 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Эксперт: Валютны голад натоліць актыўны знешні гандаль


Пра перспектывы выхаду на знешнія рынкі сярэдніх і малых прадпрыемстваў і пра ролю маркетолагаў у гэтым працэсе наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Л.Ф. Заікам. 

Валюта, як паказалі апошнія некалькі месяцаў, патрэбная вельмі многім: і звычайнай сям'і, якая збіраецца ў Крым на адпачынак эканом-класам — "дзікунамі", і прадпрыемству на новае абсталяванне, каб мадэрнізаваць вытворчасць. А што казаць пра тых, хто набраў валютных крэдытаў і сёння мае вялікія праблемы з разлікамі. Як наталіць валютны голад, каб долары і еўра можна было набываць без чэргаў і ў неабходных аб'ёмах?

— Спачатку давайце паглядзім, як утварыўся дэфіцыт валюты. У нас, як вядома, адкрытая эканоміка. А таму курс беларускага рубля да долара і еўра ў многім залежыць ад суадносін экспарту і імпарту. Калі паміж імі на працягу доўгага перыяду захоўваецца няхай і адносная раўнавага, то курс нацыянальнай валюты звычайна стабільны. На жаль, у папярэднія гады ў нас назіралася значнае адмоўнае сальда знешняга гандлю з тэндэнцыяй яго павелічэння. А калі імпарт рэгулярна большы за экспарт, то з'яўляецца рэальная пагроза дэвальвацыі. Яе можна ганьбіць так і сяк, але яна — аб'ектыўная рэакцыя эканомікі на стан знешняга гандлю. У нас склалася сітуацыя, калі тры гады запар экспарт на 10 млрд дол. ЗША адставаў ад імпарту. Інакш кажучы, мы больш трацілі, чым зараблялі. А калі казаць прама, то жылі не па сродках. Гэта трэба прызнаць. Як і памятаць тое, што ў Беларусі больш за 60 працэнтаў ад валавога ўнутранага прадукту (ВУП) складае экспарт. Гэта высокі паказчык. Для параўнання: у ЗША экспарту належыць толькі 10 працэнтаў ад ВУП.

— Але ў народзе ходзяць чуткі і пра суб'ектыўныя фактары ўзнікнення дэвальвацыі. Маўляў, дзякуючы сувязям у банкаўскім асяроддзі група чыноўнікаў-спрытнюг набыла перад і пасля Новага года вялікую колькасць долараў і еўра, а цяпер чакае зручнага моманту (росту курсу долара як мінімум да 7-8 тысяч рублёў), каб "скінуць" валюту і добра зарабіць. Вы верыце ў гэта?

— З цяжкасцю. Хоць чаго не здараецца. Калі і былі такія аперацыі, то іх можна праверыць і спытаць у чыноўнікаў, адкуль у іх вялікія грошы. Заўсёды ў складаныя для эканомікі перыяды з'яўляюцца ахвотнікі пагрэць рукі. І нярэдка на самым высокім узроўні. Прэм'ер-міністр Літвы, напрыклад, напярэдадні дэвальвацыі літа набыў у банку вялікую колькасць замежнай валюты па выгадным для сябе курсу. Гэта стала вядома СМІ і грамадскасці. Кіраўнік ураду свой учынак растлумачыў даволі дзіўна — жаданнем купіць жонцы новы аўтамабіль. Хутка несумленнага чыноўніка вызвалілі ад пасады.Так што быць самым "разумным" рызыкоўна.

— Сёння для росту экспарту ў краіне створаны спрыяльныя ўмовы. Што яшчэ, магчыма, трэба зрабіць, каб пашырыць плынь беларускіх тавараў за мяжу?

— Мне здаецца, што не трэба штучна стымуляваць экспарт. У нас шмат прадпрыемстваў, якія маюць у цане сваіх тавараў значную долю імпартных камплектных частак. З ростам экспарту такіх тавараў будзе расці і імпарт замежных складнікаў, а значыць і выдаткі на валюту. Мы не можам дазволіць сабе экспарт развіваць проста так, дзеля экспарту. Гэта будзе не па-гаспадарску. Возьмем рост паставак за мяжу прадуктаў харчавання. Тут складваецца цікавая сітуацыя. На першы погляд, чым больш іх прададзім на знешніх рынках, тым лепш для нас. Але я так не думаю. Справа ў тым, што 15 працэнтаў бюджэту краіны ідзе на субсідаванне вытворчасці аграрнай прадукцыі. Такім чынам, чым больш мы прадаём мяса-малочных і іншых прадуктаў харчавання за "бугор", тым больш мы кормім недарагой ежай іншаземцаў. Таму трэба ўважліва паглядзець, наколькі нам гэта выгадна. Ці возьмем экспарт калійных угнаенняў, які прыносіць нам шмат цвёрдай валюты. Я, напрыклад, сумняваюся ў тым, што трэба рэзка нарошчваць экспарт калійных угнаенняў. Бо яны — адны з нашых галоўных нацыянальных прыродных рэсурсаў, якімі варта распараджацца вельмі ашчадна: выкапні калійнай солі спатрэбяцца іншым пакаленням беларусаў. Можа, лепш развіваць экспарт будаўнічых матэрыялаў і паслуг?

Быў час, калі мы захапіліся перапрацоўкай нафты. Яе набывалі ў Расіі, а бензін прадавалі ў Вялікабрытанію і Галандыю. Заўважу, з немалой выгадай. У асобныя гады мы зараблялі да 40 працэнтаў валюты ад экспарту нафтапрадуктаў. Відаць, таму не вельмі звярталі ўвагу на няўдачы з прасоўваннем іншых беларускіх тавараў за мяжу. Але ўсё добрае некалі сканчаецца. Аднойчы ў Крамлі заявілі, што Расія пераходзіць на рэйкі прагматызму ў адносінах з усімі, у тым ліку і з саюзнікамі, а таму цяпер нафту нам будуць прадаваць не па расійскіх, а па сусветных цэнах, за выключэннем пэўнага аб'ёму для нашых ўнутраных патрэб. Так што захапленне перапрацоўкай нафты ў пэўным сэнсе аказала нам мядзведжую паслугу.

— У нас многія дзесяцігоддзі экспарт атаясамліваўся ў асноўным з гігантамі індустрыі, якімі шмат ганарыліся і пра якія шумелі ў СМІ. Але ў Заходняй Еўропе пераважная большасць экспарцёраў — сярэднія і малыя прадпрыемствы. Наколькі я ведаю, у Германіі гандлёвы абарот асобных зямель з Францыяй значна — у некалькі разоў — пераўзыходзіць узаемны абарот Беларусі і ФРГ. У Еўропе вялікія экспартныя паказчыкі робяць невялікія фірмы. Сёння і ў Беларусі многія вытворцы хочуць і могуць гандляваць з замежжам. З чаго ім лепш пачынаць?

— На першым часе карысна прыглядзецца да досведу тых, хто паспяхова вядзе экспартныя аперацыі. Да прамыславікоў той жа Германіі — чэмпіёна свету па экспарце. Яна прадае за мяжу тавараў больш, чым ЗША, Кітай, Японія, іншыя вядомыя краіны-экспарцёры. Пытанне, як і чаму ў немцаў ладзіцца знешні гандаль? У Германіі прамысловасць ішла да гэтага не адно дзесяцігоддзе, калі не стагоддзе. Не адно пакаленне нямецкіх рабочых, інжынераў, канструктараў стварала станоўчы імідж прадукцыі з Германіі. Вось гэтаму нам трэба ўпарта вучыцца.

Скажу шчыра, мне імпануе імпэт і жаданне невялікіх прадпрыемстваў у райцэнтрах, невялікіх гарадах зарабляць валюту на ўласныя патрэбы, выйсці на замежныя рынкі. А перш чым іх заваёўваць, праявіце сябе ў нашай краіне, замацуйцеся на яе ўнутраным рынку, каб вашу прадукцыю спажыўцы ведалі, ахвотна куплялі і хвалілі іншым. Як вытворца вы павінны спачатку адбыцца на радзіме, а потым рушыць далей. У гэты паход вазьміце з сабой хоць бы аднаго спецыяліста з веданнем моў, пажадана англійскай і нямецкай. Звярніцеся на беларускую біржу, якая вядзе электронны гандаль. Можна падключыцца да базы звестак, якая створана пад эгідай урада ў рамках мерапрыемстваў па развіцці экспарту. Яе курыруе МЗС. Шмат часу гэта не адбярэ, а карысць будзе.

Стварыце актыўны і зразумелы для іншаземцаў сайт у інтэрнэце са сваёй "электроннай крамай", дзе размясціце каляровыя фотаздымкі, выявы тавараў з абавязковым поўным указаннем асартыменту вашай прадукцыі і цэн. Іх пажадана ўказваць у нацыянальнай валюце і ў доларах ЗША. Так будзе лепш для ўспрыняцця іншаземцамі. Цана ў доларах, заўважана, больш дакладна арыентуе спажыўца для параўнання пэўнага тавару з цэнамі іншых вытворцаў.

— Леанід Фёдаравіч, узнікае пытанне: дзе, у якіх рэгіёнах, скажам, постсавецкай прасторы тая ці іншая беларуская прадукцыя можа быць запатрабавана? Як даведацца пра гэта без асаблівых намаганняў?

— Паспрабуйце звярнуцца па інтэрнэце ў адну з кансалтынгавых фірмаў, якая за невялікія грошы правядзе электроннае даследаванне і паведаміць вам адрасы верагодных пакупнікоў, цэны на аналагічны тавар вашых верагодных канкурэнтаў. Дарэчы, ужо наспеў час стварыць адзіную бясплатную маркетынгавую базу звестак хоць бы па суседніх краінах. Каб кожны наш айчынны вытворца мог паглядзець, што ён можа прадаць ва Украіне, у Польшчы, у Літве ці Латвіі, якія маюцца прапановы мясцовых і замежных вытворцаў у гэтым сегменце прадукцыі. Прасоўваць праз інтэрнэт сваю прадукцыю па сілах нават малому прадпрыемству з глыбінкі.

— У нас пэўны час панавала думка, што вытворцам прадаваць сваю прадукцыю лепш без пасрэднікаў: менш выдаткаў на аплату іх паслуг, больш прыбыткаў. Ці можна сёння без пасрэднікаў пражыць прадпрыемствам?

— Вядома, такія слынныя і "раскручаныя" вытворцы, як МАЗ, МТЗ, БелАЗ, завод халадзільнікаў, БМЗ, "Беларускалій" і шэраг іншых флагманаў індустрыі абыходзяцца без паслуг пасрэднікаў і зусім не пакутуюць ад гэтага. Наадварот, яны эканомяць шмат грошай на прамых пастаўках спажыўцам. Нафтаперапрацоўчыя заводы таксама могуць паспяхова гандляваць нафтапрадуктамі без удзелу пасрэднікаў. Але парадокс: у гэтай сферы чамусьці больш за ўсё назіраецца пасрэднікаў. І ўсе задаволеныя, усім хапае на хлеб з маслам.

Для невялікіх вытворцаў лепш падыходзіць сістэма аптовага гандлю. Таму кожнаму малому і сярэдняму прадпрыемству мэтазгодна знайсці свайго экспартна-імпартнага аптовага пасрэдніка, рабіць яму зніжкі на сваю прадукцыю і працаваць з ім на рэгулярнай аснове. Гэта, як мне здаецца, аптымальны варыянт. Бо адразу вырашаецца даволі складаная для невялікіх прадпрыемстваў праблема лагістыкі ці, інакш кажучы, найбольш таннай дастаўкі тавараў на месца яго продажу. Дарэчы, прыкмета часу: паўсюдна назіраецца аб'яднанне аптовых і лагістычных фірмаў пад адным дахам. І гэты працэс будзе працягвацца.

— Наколькі з пачаткам функцыянавання Мытнага саюза ўзрастаюць нашы экспартныя магчымасці?

— Істотна. Сітуацыя прынцыпова мяняецца. Толькі, зноў жа, трэба ўдала выкарыстаць асаблівасці, велізарны патэнцыял расійскага і казахстанскага рынкаў. На мой погляд, беларускім вытворцам увогуле было б мэтазгодна засяродзіцца на іх грунтоўным засваенні. Так бы мовіць, гульня вартая свечак. Беларускія вытворцы маюць усе шанцы заняць там выгадныя экспартныя нішы. Я нядаўна вярнуўся з Расіі, шмат чаго цікавага і парадаксальнага там убачыў. Напрыклад, там няма партатыўных прымусаў для аўтамабілістаў, так званых "чмялёў". На іх у час падарожжаў аўтатурысты нешта гатуюць на абед ці вячэру. Дык вось, такі "чмель" каштуе: вытворчасці ЗША — 250 долараў, вытворчасці Швейцарыі — каля 200 еўра. Уяўляеце цэны?! Чаму б якому-небудзь беларускаму прадпрыемству не засвоіць выпуск гэтых нескладаных прыбораў і прадаваць іх у Расію па прымальных цэнах? Каласальныя прыбыткі амаль гарантаваныя. Гэта смешна і дзіўна, калі ў Арэнбургу гандлююць амерыканскімі, а не беларускімі "чмялямі". І такіх прыкладаў шмат. Адзіная мытная прастора дае нам перавагі перад іншымі замежнымі вытворцамі на расійскім рынку.

— Думаю, вы маеце рацыю. Але дзе ўзяць неабходную колькасць спецыялістаў-маркетолагаў, якія б бачылі такія прыклады і падказвалі кіраўнікам прадпрыемстваў выгадныя нішы экспартнай вытворчасці?

— Мне гэта не ўяўляецца вялікай праблемай. У нас, наколькі я ведаю, "перавытворчасць"  эканамістаў. Іх штогод выпускаецца каля пяці з паловай тысяч. Гэта зашмат. Іх, маладых спецыялістаў, можна накіроўваць на курсы, семінары, трэнінгі па маркеталогіі, дзе яны атрымаюць дадатковую кваліфікацыю па даследаванні замежных рынкаў.
 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра перспектывы выхаду на знешнія рынкі сярэдніх і малых прадпрыемстваў і пра ролю маркетолагаў у гэтым працэсе наш карэспандэнт гутарыць з незалежным беларускім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика