У Беларусі з'явіцца палігон для вывучэння ўплыву ГМА-раслін на навакольнае асяроддзе. 21.by

У Беларусі з'явіцца палігон для вывучэння ўплыву ГМА-раслін на навакольнае асяроддзе

06.08.2011 — Новости Экономики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Палігон памерам 25х112 метраў павінен з'явіцца ўжо ў 2012 годзе. На ім будуць высеяны ўзоры генетычна мадыфікаванай бульбы і, магчыма, ільну, — вынік работы беларускіх навукоўцаў. Месцам размяшчэння абрана пляцоўка на біялагічнай доследнай станцыі па вуліцы Купрэвіча ў Мінску.

Як паведамілі ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, на стварэнне доследнага палігона дзяржпраграмай "Інавацыйныя біятэхналогіі" прадугледжана 340 млн рублёў. З іх 140 млн ужо расходаваны на набыццё неабходнага абсталявання, якое ўкамплектуе новую навуковую лабараторыю, яшчэ 200 млн пойдуць на абуладкаванне самога палігона. Між іншым, апроч высокай агароджы, там мяркуецца ўстанавіць і камеры відэаназірання, каб пазбегнуць крадзяжоў. Цяпер вучоныя набываюць сельгастэхніку (трактары, сеялку) для апрацоўкі свайго палігона.

Работы на палігоне пакажуць, што знаходзіцца на досыць высокім узроўні навуковага развіцця і мае падставы для ўступлення ў "клуб 25" краін свету з развітымі біятэхналогіямі, якія вырошчваюць генна-мадыфікаваныя расліны ў прамысловых маштабах. Апроч таго, гэта клопат пра сваіх грамадзян — на палігоне будуць вывучацца верагодныя рызыкі, якія могуць быць абумоўлены выкарыстаннем ГМА.

Мяркуецца, што такіх палігонаў у нашай краіне будзе некалькі — пры кожным навукова-даследчым інстытуце, які ўшчыльную займаецца азначанымі праблемамі.

Увогуле, дэтэкцыя (выяўленне) генетычна мадыфікаваных арганізмаў і інгрэдыентаў (у прадуктах харчавання, кармах для жывёлы) у Беларусі праводзіцца пад кантролем дзяржавы. Для гэтага ў рэспубліцы створаны 18 акрэдытаваных лабараторый. Адна з іх знаходзіцца ў Нацыянальным каардынацыйным цэнтры па біябяспецы, які дзейнічае пры Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук. За 6 гадоў працы тут было выпрабавана амаль 12 тысяч узораў і толькі ў адным іх працэнце былі выяўлены генетычна мадыфікаваныя кампаненты. Гэта соя і кукуруза, што не дзіўна, паколькі большасць усіх пасяўных плошчаў свету адведзены менавіта пад гэтыя дзве культуры. Усяго дазволена для выкарыстання крыху больш за 20 відаў розных трансгенных культур, але на ўсе астатнія — за выключэннем соі, кукурузы, рысу і рапсу — прыпадае меней за 1% пасяўных плошчаў.

Як патлумачыў кіраўнік Нацыянальнага каардынацыйнага цэнтра па біябяспецы, загадчык лабараторыі мадэлявання генетычных працэсаў Інстытута генетыкі і цыталогіі, доктар біялагічных навук Сяргей ДРАМАШКА, асноўная задача Цэнтра — забеспячэнне бяспекі ў галіне генна-інжынернай дзейнасці (стварэнне генетычна мадыфікаваных арганізмаў, якія нельга атрымаць з дапамогай звычайнай селекцыі, і іх далейшага прамысловага выкарыстання), а таксама падтрыманне сувязяў з міжнароднымі органамі, якія вядуць кантроль у адпаведнасці з Канвенцыяй па біялагічнай разнастайнасці і Картахенскім пратаколам па біябяспецы.

Вывучэннем уплыву генетычна мадыфікаваных раслін (а канкрэтна трансгеннай бульбы) на жывёл у межах праграмы "Інавацыйныя біятэхналогіі" ўжо другі год займаюцца тры айчынныя інстытуты: Інстытут генетыкі і цыталогіі, Інстытут біяфізікі і клетачнай інжынерыі і Інстытут фізіялогіі. У якасці корму для жывёл выкарыстоўваецца трансгенная бульба, атрыманая беларускімі навукоўцамі. Пакуль што спецыялісты не спяшаюцца агучваць папярэднія вынікі сваёй работы. Пэўныя высновы аб шкоднасці ці бясшкоднасці ГМА-раслін можна будзе зрабіць пасля завяршэння праекта праз 1,5 года.

— Трэба сказаць, што ва ўсёй праблеме ГМА значна больш палітыкі і эканомікі, чым навукі, — падкрэсліў Сяргей Яўгенавіч. — У Еўропе ідзе вялікі "накат" на ГМА, заяўляецца, што гэта вельмі шкодна, але толькі ў дачыненні да тых ГМА, якія створаны ў ЗША. У саміх Злучаных Штатах Амерыкі таксама прызнаюць шкоднасць ГМА, але толькі еўрапейскіх.

Увогуле, прагрэс не спыніць, перакананы навуковец. ГМА дапускаецца да прамысловага і камерцыйнага выкарыстання толькі пасля выключна жорсткага кантролю (значна больш жорсткага, чым для гатункаў звычайнай селекцыі).

— Нічога небяспечнага тут няма. Уся наша звычайная "хімія", якую мы ўжываем разам з раслінамі, куды больш небяспечная, але гэта — зло прывычнае.

Генетык нагадаў, што ў нашай рэспубліцы, у адрозненне ад многіх іншых краін, дзейнічае беспарогавая сістэма вызначэння наяўнасці ГМА (прасцей кажучы — альбо ёсць ГМА, альбо няма) і абавязковая маркіроўка "змяшчае ГМА".

Інга МІНДАЛЁВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Палігон памерам 25х112 метраў павінен з'явіцца ўжо ў 2012 годзе. На ім будуць высеяны ўзоры генетычна мадыфікаванай бульбы і, магчыма, ільну, — вынік работы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Экономики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика